«Антыдармаедскае паўстанне». Крок да 2020-га
Пяць гадоў таму ў краіне прайшлі акцыі пратэсту супраць «дармаедскага дэкрэту». Азіраючыся на іх цяпер, можна лічыць іх «рэпетыцыяй 2020-га». Тады нягеглая спроба спагнаць дадатковы падатак з беспрацоўных паставіла на вушы краіну.
Размовы пра дэкрэт аб «дармаедстве» (па навуковаму — «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства») хадзілі задоўга да яго прыняцця. Яшчэ ў 2013 годзе Міхаіл Мясніковіч выказваў думку, што трэба ўвесці падатак на беспрацоўных. Маўляў, людзі, якія афіцыйна нідзе не працуюць, не робяць унёску ў дзяржаўны бюджэт, але карыстаюцца бясплатнай медыцынай, школамі і іншымі сацыяльнымі дабротамі.
Гэтая ідэя спадабалася Лукашэнку, і 2 красавіка 2015 года ён выдаў дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Дакументам усталёўваўся абавязак грамадзян Беларусі, замежных грамадзян, якія знаходзяцца на пастаянным месцы жыхарства на тэрыторыі Беларусі, і людзей без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў, або ўдзельнічалі менш за 183 каляндарныя дні за мінулы год, выплаціць дзяржаве збор у памеры 20 базавых велічынь. За адмову сплаціць штраф прадугледжвалася адміністрацыйнае пакаранне аж да 15 сутак.
Праўда, з яго рэалізацыяй адразу ж узніклі праблемы, выкліканыя, у тым ліку, і недасканаласцю беларускай сістэмы ўліку «дармаедаў». Не сакрэт, што з-за нізкай дапамогі па беспрацоўі і абцяжарваючых супольных абставінах (напрыклад, неабходнасці «адпрацоўкі» гэтай дапамогі на грамадскіх працах) беларусы не вельмі імкнуліся станавіцца на ўлік у органах занятасці і сацыяльнай дапамогі. Таму ў нас і беспрацоўе, па афіцыйных даных, заўсёды было надзвычай нізкім.
Два гады ўлады думалі, як увесці ў дзеянне гэты дэкрэт, і каго лічыць «дармаедам». І напачатку 2017 года падатковыя пачалі рассылку «лістоў шчасця» з патрабаваннем ад людзей выплаціць 20 базавых. На 1 лютага 2017-га ў рэспубліцы было афіцыйна зарэгістравана каля 39900 беспрацоўных. Падаткавікі ж разаслалі блізу 470 тысяч паведамленняў пра неабходнасць сплаціць «дармаедскі падатак».
Гэтыя патрабаванні ўзрушылі беларусаў сваёй абсурднасцю. Па-першае, адкуль у беспрацоўных грошы? Па-другое, яны прыходзілі абы-каму: сярод «пазоўнікаў» трапляліся даўно памерлыя людзі, тыя, хто працаваў за межамі краіны, служачыя ў беларускім войску, маці ў дэкрэце і ўвогуле маламаёмасныя. Зразумела, абурэнне ў краіне нарастала.
«Падатак на дармаедства» трэба было сплаціць да 20 лютага. Актывісты апазіцыйных партый напярэдадні гэтага дня падавалі ў гарвыканкамы заяўкі з патрабаваннем дазволіць «антыдармаедскія мітынгі». Дазволу, зразумела, яны не атрымалі, з гэтай нагоды частка апазіцыі (партыя БНФ, кампанія «Гавары праўду», рух «За Свабоду») вырашылі на недазволеныя акцыі не ісці. Аднак адказнасць за правядзенне мітынгу ўзялі на сябе два экс-кандыдаты ў прэзідэнты на выбарах 2010 года — Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў.
І 17 лютага Мінск нечакана «выбухнуў».
Выбух краіны
Увечары 17 лютага на Кастрычніцкай плошчы Мінска пачаліся збірацца людзі. Прычым, прыбывалі яны даволі хутка і вельмі масава. Напачатку пратэстоўцы прынялі рэзалюцыю, у якой ад уладаў патрабавалася не толькі адмяніць дэкрэт №3, але і спыніць збядненне насельніцтва і павышэнне пенсійнага ўзросту, а таксама правесці свабодныя выбары (!). Мікалай Статкевіч прапанаваў усім рушыць да Міністэрства па падатках і зборах на плошчу Незалежнасці, каб гэтую рэзалюцыю перадаць. Калона рушыла, і высветлілася, што людзей столькі, што яны не змяшчаліся на ходніках. Уладзімір Някляеў паспрабаваў дамовіцца з ДАІ, каб яны аддалі для руху маніфестантаў адну транспартную паласу, але безвынікова. Як вынік, калона расцягнулася, можна сказаць, што «ўздоўж праспекта». Бо калі першыя ўжо падыходзілі на плошчу Незалежнасці, апошнія яшчэ выходзілі з Кастрычніцкай.
Ля падатковай было арганізавана спаленне «лістоў шчасця», пры гэтым арганізатары — Някляеў і Статкевіч, — давалі ўладам месяц, каб выканаць патрабаванні пратэстоўцаў. Яны абвясцілі, што ў адваротным выпадку Дзень Волі 25 сакавіка пройдзе таксама пад «антыдэкрэтнымі» лозунгамі.
Колькасць удзельнікаў была вялікай неспадзяванкай як для ўладаў, так і для арганізатараў акцыі. Гэта былі самыя масавыя выступы ад 2010 года — па розных падліках, у «антыдармаедскай» акцыі прыняло ўдзел ад 3 да 10 тысяч чалавек.
А 19 лютага пачаліся рэгіянальныя «антыдармаедскія» акцыі, — таксама не дазволеныя ўладамі. У Гомелі на плошчу Паўстання, нягледзячы на забарону ўладаў, выйшла каля трох тысяч чалавек. Каля 300 чалавек — у Магілёве. Прычым, у Магілёве ці не ўпершыню былі апрабаваныя «пагулянкі», — паколькі ўлады не дазволілі акцыю, мясцовыя актывісты заклікалі ў прызначаны час проста гуляць па вуліцы Ленінскай.
У Гродне і Брэсце акцыі сабралі пад 100 чалавек, у Віцебску прыкладна 250 чалавек. Вядома, цяпер гэта падаецца «малаколькаснымі» акцыямі, але ж тады не дзівам былі пікеты, на якіх стаяла тры-пяць чалавек!
Антыдармаедскія акцыі працягваліся кожныя выходныя. І з кожным разам да пратэстоўцаў далучаліся новыя гарады і райцэнтры. 26 лютага «стрэліў» Бабруйск, дзе сабралася каля 1500 чалавек, і Віцебск — пад дзве тысячы ўдзельнікаў. 5 сакавіка за малаколькасную папярэднюю акцыю «апраўдаўся» Брэст — да 2000 пратэстоўцаў. 10 сакавіка да 1000 удзельнікаў сабраў мітынг у Маладзечне, 11 сакавіка — Пінск, 400 удзельнікаў, 12 сакавіка — Орша, больш за тысячу чалавек і Рагачоў з 400 маніфестантамі. 15 сакавіка Дзень Канстытуцыі пад «антыдармаедскімі лозунгамі адзначыў Мінск — да 4000 удзельнікаў, 19 сакавіка — Слонім і да 500 «недармаедаў»… Да абвешчанага 25 сакавіка Дня Волі краіна падышла ў напружанасці.
25 сакавіка Мінск быў падзелены сілавікамі на «зоны» ў патэнцыйных кропках збораў пратэстоўцаў. Праспект Незалежнасці — цэнтральная артэрыя горада — проста перакрыты. Людзей хапалі на падыходах да магчымых месцаў акцыі, у офісе «Вясны» затрымалі 50 міжнародных назіральнікаў, людзей хапалі проста на вуліцах, на выхадах з крамаў… Супраць дэманстрантаў з кветкамі паўсталі міліцыянты з помпавымі ружжамі, шчытамі, дубінкамі і вадамётамі.
Быў адключаны мабільны інтэрнэт, затрымана каля 300 чалавек, якіх моцна збівалі ў пастарунках. Але на наступны дзень людзі выйшлі на вуліцы ў знак салідарнасці з затрыманымі — і іх таксама хапалі. Улады здушвалі пратэст, як маглі. І вадамёты на вуліцах Мінска з’явіліся зусім не ў 2020-м…
Крок да 2020-га
Усё ж беларусы — партызанская нацыя, і яны вучацца. Можа быць, вучацца павольна, але, калі цяпер асэнсоўваць «дармаедскія» пратэсты ў разрэзе 2020 года, то паралелі яўна бачныя. Ад 2010 года, ад «маўклівых пратэстаў» 2011-га беларусы не выступалі шэсць гадоў — і раптам грымнула ў 2017-м. Гэта была такая ж неспадзяванка, як у 2020-м — стотысячныя маршы па цэнтры Мінска.
Уражвае таксама геаграфія рэгіянальных пратэстаў. Да 2017-га «завадатарам» заўсёды быў Мінск. Але «дармаедскі дэкрэт» відавочна «падціснуў» рэгіёны. Людзі сталі выходзіць і там — менавіта як у 2020-м, калі ўслед за сталіцай пратэст пайшоў і ў абласных, і ў раённых цэнтрах.
Трэцяя адметнасць: яшчэ тады, у 2017-м наш тадышні карэспандэнт Алесь Кіркевіч адзначаў, што на акцыю 17 лютага прыйшоў не «баявы атрад» апазіцыі, які можна сустрэць на кожнай акцыі — ці тое 25 сакавіка, ці тое Дзяды, ці тое выбарчыя пратэсты. Было багата цалкам новых незнаёмых твараў. То-бок «мы не зналі друг друга до этого лета», — спрацавала яшчэ за тры гады да крытычнага 2020-га.
Канешне, адрозненне 2017-га ад 2020-га было ў тым, што ўладзе было куды адступаць. Ужо 9 сакавіка Лукашэнка прыпыніў дзеянне свайго дэкрэта да 2018 года, выступіўшы з заявай пра тое, што чыноўнікі выконваюць яго «агідна і безадказна», і што дакумент патрабуе карэкціроўкі. З 470 тысяч разасланых «лістоў шчасця» «дармаедскі падатак» усё ж заплацілі каля 54 тысяч чалавек (каля 11,5% «самых памяркоўных). Але і гэтыя грошы было загадана вярнуць — і некаторыя дамагаліся таго, каб іх вярнулі.
У выніку «падатак на дармаедаў» быў адменены. 25 студзеня 2018 года быў падпісаны дэкрэт №1 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», які ўнёс змены ў «дэкрэт аб дармаедах», згодна з якімі з 1 студзеня 2019 года працаздольныя грамадзяне, не занятыя ў эканоміцы, павінны аплачваць камунальныя паслугі ў поўным аб'ёме.
Але ж сам падатак, які так узрушыў людзей, быў адменены.
2017-ты, як і 2020-ты паказваюць, што, нягледзячы на занядбаны стан грамадства, на, падавалася б, поўную апатыю, на шалёныя рэпрэсіі — палыхнуць Беларусь можа ў любы момант. Адзін няслушны крок улады — і беларусы будуць на вуліцах. І ніякае жорсткае задушэнне пратэстаў, як у 2017-м, не дапамагло і не дапамагае іх утаймаваць. Усё роўна ў людзей назапашваецца злосць і сцягі, якія чакаюць у шуфлядах свайго часу. Я ўпэўнены, што ў 2020-м на вуліцах было багата тых, хто згадваў і тыя, «антыдармаедскія» пратэсты. І шмат у каго сцягі чакалі 2020-га менавіта ад 2017-га.
Дарэчы, 2017-ты стаў і пачаткам беларускай салідарнасці. Напярэдадні Дня Волі ў офісе партыі «Зялёныя» затрымалі некалькіх грамадзян, якія там збіралі вопратку і сродкі для арыштантаў Акрэсціна. А інфармацыю пра затрыманых 25.03.2017 шукалі ў Фэйсбуку пад хэштэгам #BY_help.
Можна сказаць, што знакаміты ўсім беларусам BY_help хутка адзначыць сваё пяцігоддзе.