Тышкевіч: «Калі паўстане пытанне аб партыйным будаўніцтве, на «балота» пачнуць паляваць»

Палітолаг Ігар Тышкевіч тлумачыць на сваім канале, чаму нам трэба вучыцца размаўляць адно з адным.

Ігар Тышкевіч. Фота: ukrinform.ua

Ігар Тышкевіч. Фота: ukrinform.ua


 Працэс падзелу беларускага грамадства на сегменты аформіўся настолькі, што не заўважаць яго не атрымліваецца, — лічыць Ігар Тышкевіч. — Многія спрачаюцца пра глыбіню разрыву — гэта значыць, пра тое, наколькі людзі гатовыя не ўспрымаць адно аднаго ў сувязі з рознымі палітычнымі поглядамі. Але акрамя міжасобасных праблем ёсць яшчэ адзін аспект.
Паколькі Беларусь яшчэ не выйшла з палітычнага крызісу, то стан грамадства, яго сегментацыя вызначаюць тое, хто возьме верх і ў якім фармаце будуць развівацца падзеі.
Грунтуючыся на даных экспертаў, у прыватнасці цэнтра «Chatham House», палітолаг адзначыў, што ў краіне сфармаваліся тры прыкладна роўныя групы: прыхільнікі пратэсту, прыхільнікі Лукашэнкі і нейтральная група, так званае «балота».
— Цяпер у нас стабілізавалася два полюсы, колькасць актыўных прыхільнікаў пратэсту трохі падае, але дадзеная група ёсць і яна выбудоўвае камунікацыю ўнутры сябе. Сапраўды таксама выбудоўвае камунікацыю ўнутры сябе група прыхільнікаў Лукашэнкі, альбо «ябацькі». Трэцяя група — нейтралы, або «балота», — па вялікім рахунку, не верыць нікому.
Тут наглядным з'яўляецца стаўленне да пытання пра дзяржаву і дзяржаўную сістэму. Сярод ядра пратэсту колькасць людзей, якія ўспрымаюць дзяржаву як сваё, нікчэмна малая. Адсюль і тэзіс аб новай Беларусі.
Сітуацыя сярод прыхільнікаў Лукашэнкі дыяметральна супрацьлеглая. Дзяржава ў цяперашнім выглядзе ідэальна адлюстроўвае іх настрой, яго ні ў якім разе мяняць не варта.
І ёсць «балота», у якім каштоўнасць дзяржавы ўсё ж такі больш за 50%, але ў той жа час вялікая доля тых, хто не лічыць, што дзяржаўная сістэма ў поўнай меры адлюстроўвае іх інтарэсы. Характэрна, што і лозунг пра новую Беларусь не заходзіць «балоту». Такі ж устойлівы светапоглядны падзел грамадства на тры групы назіраецца і па многіх іншых пытаннях, — кажа Тышкевіч.
На яго думку, у сувязі з глыбокім падзелам беларускага грамадства і адсутнасцю камунікацыі паміж групамі, для палітычнай будучыні Беларусі ўзнікла вельмі небяспечная сітуацыя.
 У нас атрымліваюцца тры вялікія групы, якія адрозніваюцца светапоглядна і паміж якімі імкліва патанчаюцца і знікаюць сродкі камунікацыі. Для кожнай аўдыторыі ёсць свае сродкі данясення інфармацыі. Але сярод іх няма тых, якія ўспрымаліся б усімі трыма групамі.
Да чаго гэта можа прывесці? Нават пры свабодных выбарах будуць дзве роўнавялікія фракцыі, а «залатая акцыя» будзе належаць маленькім групам, якія будуць далучацца альбо да тых, альбо да тых.
Калі паўстане пытанне аб партыйным будаўніцтве, на «балота» пачнуць паляваць і асяроддзе Лукашэнкі, і рускія, таму што працэс развалу беларускага грамадства, можна сказаць, быў іх марай, і ім таксама неабходныя свае структуры.
Адпаведна, у іх будуць спробы перахапіць ініцыятыву і выйсці з пэўнымі пасыламі да «балота», якое проста чакае, што здарацца пэўныя змены да лепшага, і не верыць ні тым, ні тым. І ў Лукашэнкі ёсць магчымасць, ёсць рычагі рэальнай улады дастукацца да «балота».
А вось у прыхільнікаў пратэсту ёсць вельмі сур'ёзная праблема. Спроба акукліцца і гуляць толькі на сваю аўдыторыю, гаварыць тэзісамі, зразумелымі толькі для сваёй аўдыторыі, — гэта не выйсце. Такая спроба вядзе да таго, што група проста ператвараецца ў секту, якую не ўспрымаюць усе астатнія.
У выніку 30%, калі ў іх няма тэзісаў, якія ўспрымаюць іншыя групы, і механізмаў данясення гэтых тэзісаў да іншых груп, і застануцца максімум 30%, — паказвае на праблему палітолаг.  
Вырашыць праблему — калі не расколу, то хаця б камунікацыі, на думку Тышкевіча, можна адным спосабам.
 Калі актыўныя апаненты існуючага палітычнага рэжыму так і застануцца 30% і не атрымаюць перспектыў для росту, гэта стане сур'ёзным выклікам для любых працэсаў трансфармацыі ў Беларусі. У такім выпадку краіна акажацца абмежаванай, па-першае, у канкурэнцыі тэзісаў, канкурэнцыі ідэй, па-другое, у трансфармацыі.
Нам трэба вучыцца размаўляць адно з адным і думаць, якім чынам сшываць раскол у беларускім грамадстве. Проста тупа прапагандай з абодвух бакоў гэтыя лініі расколу не склеіць, яны толькі паглыбляюцца. І мы бачым, як улада спрабуе працаваць над тым, каб стварыць велізарную прорву паміж ядром пратэсту і «балотам».
У сваю чаргу, ядро пратэсту, спрабуючы дэманізаваць прыхільнікаў Лукашэнкі, таксама паглыбляе гэтую лінію расколу. Ключавы момант тут у тым, што акрамя прапаганды неабходна думаць, у тым ліку над мастамі паміж групамі.  
Як іх пабудаваць, каб не змяніць сваёй пазіцыі, — гэта пытанне для абодвух цэнтраў. Але такая палітыка магчымая як для прыхільнікаў пратэсту, так і для прыхільнікаў Лукашэнкі. І той бок, які першым запусціць неканфрантацыйныя механізмы камунікацыі, паспрабуе выйсці на размову, той бок і падхопіць большую колькасць прыхільнікаў.
Калі ж гэтага не зробіць ні адзін з бакоў, у такім выпадку можа стартаваць трэці праект. З абодвума бакамі будзе спрабаваць камунікаваць трэцяя сіла, але яе цэнтр ужо можа быць не ў Беларусі, — сказаў на заканчэнне палітолаг.
Паводле «Салідарнасці».