«Муры не абрынуліся — іх трэба дзяўбці доўга і стала»

Даследчыцкі цэнтр «Сhatham Нouse» умоўна падзяліў беларускае грамадства на тры катэгорыі: «ядро пратэсту», «бастыён Лукашэнкі» і «нейтралы». Апошняя катэгорыя аказалася досыць вялікай — да яе даследчыкі аднеслі 43% апытаных. І гэта менавіта тыя людзі, якія пры пэўным раскладзе могуць паўплываць на грамадска-палітычныя падзеі ў краіне, хоць на першы погляд у палітыку яны не заангажаваныя.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Хто гэтыя людзі — апалітычныя ці расчараваныя? І ці магчыма вярнуць пасіўных беларусаў у палітыку? Пра гэта падчас канферэнцыі «Reshape 2022» разважалі эксперты.


Закладнікі 2020-га

Палітолаг Вольга Харламава схіляецца да думкі, што так званыя «нейтралы» — гэта, хутчэй, людзі, расчараваныя ў грамадска-палітычным жыцці. На яе думку, колькасць беларусаў, якія імкнуцца дыстанцыявацца ад сітуацыі ў краіне, павялічваецца і будзе расці далей.

Многія чакалі, што муры абрынуцца хутка, і аказаліся не гатовыя да таго, што іх трэба будзе дзяўбці доўга і стала. Адсюль — расчараванне і стомленасць, дадае палітолаг Таццяна Чуліцкая. А яшчэ многія вярнуліся да штодзённага вырашэння актуальных сацыяльна-эканамічных праблем.
— У 2020 годзе гэта быў абсалютны парадокс для Беларусі: грамадска-палітычныя праблемы за ўсю гісторыю сацыялагічных назіранняў выйшлі наверх і аказаліся важнейшымі за сацыяльна-эканамічныя. Але цяпер абсалютна заканамерна апошнія зноў набіраюць папулярнасць, — канстатуе палітолаг.



У сваю чаргу, палітык Андрэй Дзмітрыеў звяртае ўвагу: «нейтрал» у 2017 годзе — гэта той, хто шчыра не цікавіцца палітыкай. «Нейтрал» у 2022 годзе — чалавек, які не бачыць шляху прыкладання сваіх сіл, ён расчараваны, бо робіць усё што можа, а мэта так і застаецца недасягнутай.

— Рэвалюцыя свядомасці адбылася, — перакананы Дзмітрыеў.

Ён прыводзіць у прыклад сітуацыю з пасадкай самалёта з Раманам Пратасевічам: да гэтага пасля вясны 2021 года, калі пратэсты не аднавіліся, быў момант, калі людзі сталі масава адпісвацца ад пэўных сацсетак. Аднак літаральна адна падзея вярнула гэтых самых «нейтралаў» назад.

На думку Андрэя Дзмітрыева, трэба перастаць быць закладнікамі 2020-га і думаць пра тое, як туды вярнуцца, бо гэта немагчыма. Варта сканцэнтравацца на тым, як жыць у той сітуацыі, якая ёсць.

— Першае — трэба пашыраць павестку. Не могуць быць два гады ў павестцы палітвязні і перамовы. Таму што людзям хочацца ведаць і пра ўсё астатняе. Але гэта не значыць, што трэба забывацца на гэтыя два пункты. Другое — трэба ствараць новую экасістэму. Так, яна сёння разбураная, але мы бачым людзей на месцах.




Стомленасць ад пратэсту

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман зазначае, што з пункту гледжання дэмакратычнага грамадства палітызацыя 2020 года была пэўным прыходам беларусаў да «нармальнасці», калі яны пачалі цікавіцца ўласным лёсам і кіраваннем сваёй дзяржавай; хоць з пункту гледжання беларускай найноўшай гісторыі гэта, хутчэй, анамалія.  

— Сацыялагічна, я думаю, што мы бачым вяртанне ў стан да 2020 года датычна суадносін груп палітызаваных і непалітызаваных людзей. Гэты працэс яшчэ далёкі да завяршэння, бо траўма 2020 года для абодвух бакоў беларускага грамадства вельмі сур’ёзная, — гаворыць Шрайбман.

На яго думку, найбольш важна тое, што палітызацыя грамадства не знаходзіцца (і не знаходзілася ў 2020 годзе) у руках палітыкаў. Яна акурат дае той штуршок, у выніку якога з’яўляюцца палітыкі і лідары пратэсту.

— Але калі гэтае акно магчымасцей зачыняецца, прымусіць людзей вярнуцца ў палітычнае поле, якое адсутнічае, — даволі безнайдзейная справа.


Таццяна Чуліцкая лічыць, што вярнуцца ў стан «сацыяльнага кантракта», які існаваў паміж беларусамі да 2020 года, немагчыма. Нягледзячы на тое, што людзей, гатовых актыўна дзейнічаць, цяпер у Беларусі наўрад ці сустрэнеш, незадаволенасць сітуацыяй застаецца. Аднак, разам з тым, яны сталі менш цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне. Сярод прычын гэтага — стомленасць грамадства ад барацьбы, а таксама фактычна разгромленыя незалежныя медыя, якія ўжо не ў стане інфармаваць людзей гэтак жа, як раней.  

Андрэй Дзмітрыеў мяркуе, што і ў цяперашняй сітуацыі ў Беларусі можна ўключацца ў палітычную і грамадскую дзейнасць. Праўда, слова «пратэст» палітык пазбягае, бо, на яго думку, ад пратэставага руху людзей адштурхоўваюць страх і цьмяныя перспектывы.
— Людзі не хочуць быць у пратэсце, а хочуць гаварыць пра тое, што ім баліць, — падкрэслівае Дзмітрыеў, заўважаючы, што прыхільнікаў перамен у Беларусі значна больш, чым прыхільнікаў бел-чырвона-белага сцяга.


Лідары не дапамогуць

На думку Арцёма Шрайбмана, у цэлым беларускае грамадства адрынае метады, якія прапануе беларуская ўлада. Але ёсць і тое што адштурхоўвае «нейтралаў» ад прапаноў дэмакратычных лідараў. І для розных груп людзей спрацоўваюць розныя чыннікі. Для кагосьці гэта страх, для кагосьці — эміграцыя палітычных лідараў. А хтосьці не ў стане прыняць пераключэнне лідараў дэмсіл на празаходнюю рыторыку.

— За Ціханоўскую галасавала мноства людзей, для якіх Крым — частка Расіі, якія лічылі Пуціна добрым прэзідэнтам і давяралі яму. Частка з іх расчаравалася ў расійскім кіраўніцтве, але частка — не. Яна працягвае жыць у расійскай інфармацыйнай прасторы, і ёй усё складаней падтрымліваць празаходніх лідараў беларускага пратэсту, — тлумачыць Арцём Шрайбман.



Апроч таго, беларускае грамадства ўсё яшчэ застаецца моцна палярызаваным і, сыходзячы з гэтага, мова варожасці дамінуе ў публічным дыскурсе. Таму не дзіўна, што застаецца частка людзей, на якіх уздзейнічае прапаганда, што таксама ўплывае на рост апалітычнасці ў грамадстве. І наўрад ці ў цяперашні час знойдуцца лідары, здольныя дагрукацца да апалітычнага грамадства, бо асаблівага запыту на лідара ў такіх людзей пакуль няма. А ў Беларусі няма прасторы для ўзнікнення такога лідара.
Застаецца спадзявацца, што агульная стомленасць і жаданне пераключыцца на іншыя сферы жыцця не верне нас у стан «я палітыкай не цікаўлюся». Бо тады давядзецца пачынаць увесь шлях да свабоды спачатку.