Сацыёлаг Генадзь Коршунаў: Палітызацыя ў грамадстве, нягледзячы на страх, не спадае
Напружанне ў беларускім грамадстве, нягледзячы на стомленасць і страх, не спадае, кажа былы дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў.
Ён быў вымушаны з'ехаць з Беларусі. У цяперашні час працуе старшым даследчыкам аналітычнага Цэнтра новых ідэй і займаецца вывучэннем масавай свядомасці і грамадскіх настрояў.
«Ступень напружання не падае, яна захоўваецца на ранейшым узроўні», — прыводзіць яго словы Еўрарадыё.
Хоць у грамадстве і назапасілася стомленасць, Коршунаў спасылаецца на дадзеныя брытанскага аналітычнага цэнтра ў галіне міжнародных адносінаў Chatham House. Паводле звестак цэнтра, у Беларусі «намеціўся сыход у так званую “шэрую зону”», калі людзі ўсё больш і больш пачынаюць адмаўляцца ад любых палярных выказванняў, калі выбіраюць варыянты «цяжка адказаць». Але гэта, на думку Коршунава, не звязана са зніжэннем палітызацыі. Людзі адчуваюць стомленасць і страх, але «напружанне ёсць і яно нікуды не сыходзіць — гэта факт», дзеліцца ён сваімі назіраннямі.
Коршунаў расказаў пра звальненне з Інстытута сацыялогіі. Ён пайшоў па пагадненні бакоў, паступіў у дактарантуру. Але і там пачаліся чысткі, адтуль таксама давялося сысці. Тым не менш Коршунаў мае намер з часам абавязкова вярнуцца ў Беларусь.
«Я заўважыў: многія з тых, хто з'ехаў, імкнуцца не называць сябе эмігрантамі, кажуць пра сабе як пра “беларусаў замежжа”. Яны быццам проста ў працяглай камандзіроўцы», — дзеліцца ён сваімі назіраннямі.
На думку сацыёлага, калі сітуацыя зменіцца, вярнуцца дадому захочуць многія беларусы. Але нават «тыя, хто фізічна не вернецца ў Беларусь, усё роўна будуць дзейнічаць на карысць краіны, старацца сваімі навыкамі і кампетэнцыямі дапамагаць Беларусі».