«Мне сказалі, калі ты не спынішся, мы пазбавім цябе бацькоўскіх правоў»
Да лістапада 2021 года Анастасія жыла ў Нясвіжы. Праз сваю грамадзянскую пазіцыю паўтара дзясятка гадоў цярпела пераслед ад мясцовых уладаў. Калі ў мястэчку скончыліся ўсе магчымасці знайсці працу і жанчыне сталі пагражаць пазбаўленнем бацькоўскіх правоў, Анастасія ўзяла дачку, якую выхоўвае адна, і з’ехала ў іншы горад.
«Я магла проста ісці па вуліцы, мяне спыняла міліцыя»
Напачатку 2000-х Анастасія прыйшла ў «Малады фронт». Дзяўчына ўдзельнічала ў розных палітычных акцыях. У выніку ў 2006 годзе супраць яе была распачатая крымінальная справа па артыкуле 193.1 Крымінальнага кодэкса («незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду або ўдзел у іх дзейнасці», у 2019 годзе гэты артыкул быў выключаны з Крымінальнага кодэкса, але напрыканцы 2021 года ўлады вярнулі пакаранне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).
– Гэта было акурат тады, калі адбывалася «Плошча» ў 2006 годзе. Але следчы палічыў, што мала доказаў і прыпыніў справу. У 2007 годзе ўжо іншы следчы яе аднавіў і давёў да суда. На судзе я атрымала штраф у 40 базавых велічынь. Не было ніякіх папер, што мяне павінны кантраляваць, разлічылася са штрафам, і ўсё, – распавядае Анастасія.
Але мясцовыя ўлады працягвалі ціснуць на дзяўчыну. На той момант яна скончыла педагагічны каледж, пазней, у 2018 годзе, атрымала вышэйшую гістарычную адукацыю ў БДУ. Але ў працаўладкаванні па спецыяльнасці Анастасіі чынілі перашкоды.
– Мне было забаронена працаваць на такіх пасадах, асабліва з дзецьмі, – гаворыць суразмоўца.
У 2006 годзе яна з дапамогай міліцыі змагла ўладкавацца на адзін з мясцовых заводаў. Там яна змагалася за правы працоўных і паляпшэнне ўмоў працы, ладзіла міні-стачку, але да канца яе не давяла, бо зацяжарыла і ў 2011 годзе сышла ў дэкрэтны адпачынак.
– Улады вырашылі закрыць завод, каб мне не было, куды вярнуцца, і проста выкінулі людзей на вуліцу. Там працавала 100 чалавек – для той мясцовасці гэта даволі шмат.
Спакойнага жыцця за гады працы на заводзе ў Анастасіі не было. Па яе словах, ёй ладзілі каменданцкія гадзіны, цягалі ў міліцыю, ладзілі камісіі…
– Я магла проста выйсці на вуліцу, і мяне па розных прычынах цягнулі ў міліцыю. На мяне заводзілі розныя адміністрацыйныя справы – па арт. 23.34, 21.14 (Парушэнне правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. – НЧ), іншых. Я амаль пастаянна мусіла начаваць у пастарунку. Калі я прыходзіла на камісіі па адміністрацыйных справах, мне казалі: «Ну што, вы змянілі свае паводзіны? Калі не, то вось вам яшчэ штраф». Я магла проста ісці па вуліцы, мяне спыняла міліцыя, і я павінна была вывернуць кішэні, каб паказаць, што ў мяне няма з сабой ніякіх налепак ці ўлётак. Як у мульціку «Ну, пачакай», калі Воўк ідзе па вуліцы, міма праязджаюць на матацыкле бабры, і ён спыняецца і выварочвае кішэні, – апавядае жанчына.
«Ты ж сама разумееш, мы цябе не возьмем»
Падчас цяжарнасці Анастасіі на асаблівай нарадзе вырашалі, ці пусціць яе нараджаць у Мінск, альбо пакінуць у Нясвіжы. У выніку жанчыне ўдалося вырвацца ў мінскую абласную радзільню і там нарадзіць дачку.
– Калі б я засталася ў Нясвіжы, у тых умовах, нас бы абедзвюх ужо не было, – зазначае Анастасія.
Пасля дэкрэту зноў паўстала пытанне пошуку працы. Паўсюль Анастасіі прамым тэкстам казалі: «Ты ж сама разумееш, мы цябе не возьмем». Па яе словах, у людзей былі праблемы нават за тое, што яны проста стаялі на вуліцы і размаўлялі з ёй. Пры нясвіжскай бібліятэцы было творчае аб'яднанне, праз якое Анастасія магла друкаваць свае вершы – бо ў раённую газету іх не бралі. Але калі ўлады пра гэта даведаліся, то супрацоўніц бібліятэкі ледзьве не звольнілі.
Тым часам Анастасія спрабавала працаваць у дзіцячым садочку, у краме, у цэнтры творчасці. На кожным месцы ўдавалася пратрымацца месяц, два, тры – пакуль адміністрацыю не «даганялі» загады з выканкама з патрабаваннем звольніць актывістку, іначай будуць праблемы.
Урэшце жанчыне ўдалося ўладкавацца ў шпіталь, дзе яна пратрымалася тры гады. У 2019 годзе яна звольнілася адтуль сама, бо не магла больш вытрымліваць маральны цяжар.
– Я працавала на ліфце, і мне даводзілася вазіць людзей не толькі ў аддзяленні, але і ў морг. На адно сваё дзяжурства я падымаю чалавека лячыцца, на другое я гэтага ж самага чалавека спускаю.
Замест таго, каб дапамагчы з працай, пагражалі пазбавіць бацькоўскіх правоў
У студзені 2020-га Анастасія ўладкавалася на хлебазавод. Прайшла выпрабавальны тэрмін, атрымала разрад, а ў траўні яе звольнілі, бо пачалася перадвыбарчая кампанія, і на завод паступіла тэлефанаванне з адпаведным патрабаваннем.
Пасля гэтага Анастасія неафіцыйна працавала ў прыватнай краме. Але ў адной з анкет у школе, дзе вучылася дачка, трэба было ўказаць месца працы бацькоў. Пасля таго, як Анастасія пазначыла, да яе працадаўцы прыйшлі прадстаўнікі падатковай інспекцыі і запатрабавалі яе звольніць.
Цягам 2021 года Анастасія ладзіла ў Нясвіжы грамадскія кампаніі – арганізоўвала грамадскія слуханні па мясцовых экалагічных пытаннях і кантралявала адукацыйны працэс у школах, звязаны са школьнымі паборамі і іншым. Праз гэта, а таксама праз адсутнасць працы напрацягу года, жанчыну ўключылі ў базу дармаедаў.
– Мяне ў чарговы раз выклікалі на камісію ў выканкам па працаўладкаванні. Але замест таго, каб дапамагчы з працай, мне сказалі, калі ты не спынішся, мы пазбавім цябе бацькоўскіх правоў.
Але спыніць дзейнасць, нават нягледзячы на пастаянны ціск і пагрозы, Анастасія лічыць для сябе непрымальным, таму што хоча бачыць не выпаленую зямлю, а вольную краіну, дзе чалавечая годнасць і правы чалавека маюць найвялікшую каштоўнасць.
Пагроза адабраныя бацькоўскіх правоў, а таксама сітуацыя ў сям’і стала апошняй кропляй, каб схапіць дзіця і з’ехаць з роднага горада. З лістапада жанчына пераехала, здымае жыллё і шукае працу.
– Я хаджу на сумоўі, але ў сувязі з тым, што мне давялося вельмі шмат прац змяніць і пастаянна адчуваць на сабе цкаванні выканкама, мне цяпер вельмі цяжка псіхалагічна ўладкавацца. Такая псіхалагічная перашкода: а раптам зноў будзе тое ж самае?
Галоўныя выдаткі Анастасіі звязаныя з арэндай жылля. Яна здымае кватэру па дамове, гэта каштуе 285 рублёў, плюс камунальныя паслугі.
– Былі праблемы са школай для дачкі. Хоць па законе дзіця павінны ўзяць у любую адукацыйную ўстанову незалежна ад таго, дзе яно прапісанае, тут паставілі ўмову: павінна быць пазначана месца жыхарства, якое прымацаванае да школы. Таму што школы перапоўненыя, і браць лішняе дзіця пасярод навучальнага году ніхто не хацеў. Праз гэта мне давялося шукаць кватэру з дамовай найму, і гэта не танна.