«Больш не памяркоўныя». Сацыёлагі презентавалі даследаванне па нацыянальнай ідэнтычнасці

Падчас прэзентацыі вынікаў маштабнага даследавання па тэме беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, якая адбылася 11 лютага, незалежныя сацыёлагі расказалі, як змянілася беларусы з 2020-га.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Грамадская кампанія «Годна» звярнулася да незалежных сацыёлагаў з просьбай правесці даследаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і яе ролі ў палітычнай, каштоўнаснай і сацыяльнай трансфармацыі.
У якасці спікераў падчас прэзентацыі даследавання выступілі:
Філіп Біканаў, беларускі сацыёлаг; Генадзь Коршунаў, старшы аналітык Цэнтра новых ідэй; Леся Руднік, беларускі палітычны аналітык.
Пра што казалі даследчыкі? Вось кароткія вытрымкі з прэзентацыі:
1. Ідэнтычнасць беларусаў стала менш лакальнай. Усё больш людзей мысляць у маштабах краіны, а не свайго рэгіёна.
2. Вобраз беларусаў стаў больш пазітыўны для саміх беларусаў.Разбураецца стэрэатып «памяркоўнасці» беларусаў.
У параўнанні з мінулым годам вобраз беларуса стаў нашмат больш пазітыўны. Беларусы часцей усведамляюць сваю годнасць.
Гэта адбылося за кошт:

  • надлому стэрэатыпу аб слабасці і баязлівасці беларусаў,
  • успрымання беларусаў як больш добрых і спагадлівых,
  • аддзялення беларусаў ад навязанага дзяржавай стэрэатыпу аб «моцным гаспадары» ў бок цывілізаваных каштоўнасцяў (незалежнасці, прагрэсіўнасці, талерантнасці).

3. Беларуская мова застаецца важным сімвалам, але не інструментам камунікацыі. Толькі 32% беларусаў лічаць беларускую мову роднай, а штодзённа карыстаецца 3%. Варта адзначыць, што даследчыкі не лічаць гэта дужа крытычным паказнікам, бо такая сітуацыя склалася ва ўмовах ігнаравання моўнага пытання з боку дзяржавы.


4. Беларусаў больш яднаюць нацыянальныя інтарэсы, а не адзіная мова і культура. Мы ўсё часцей усведамляем сябе грамадзянскай нацыяй, а не толькі этнічнай супольнасцю.
5. Нават пасля сканчэння перыяду вострага грамадзянскага канфлікту давядзецца вельмі доўга працаваць над «ачышчэннем» іміджу традыцыйнай журналістыкі (газеты, радыё, тэлебачанне). Для беларусаў традыцыйныя СМІ асацыятыўна ўспрымаюцца як дзяржаўныя. Пераход да ўспрыняцця традыцыйнай журналістыкі як якаснай будзе адбывацца надзвычай доўга.
Цалкам з вынікамі даследавання можна пазнаёміцца па спасылцы.
Паводле прэс-рэліза