Як выхоўваць дзяцей беларусамі

Быць беларусам — гэта не толькі пра агульнае месца нараджэння. Гэта пра супольнасць, адметнасць ды правы. Як спяваецца ў вядомай песні, «быць беларусам — людзьмі звацца». Sojka стварыла гайд пра тое, як з любоўю і без боязі выхоўваць дзяцей беларусамі.

На свяце Зялёныя святкі. Фота: Аляксей Сталяроў

На свяце Зялёныя святкі. Фота: Аляксей Сталяроў


Але для пачатку пра тое, што нас спыняе.

Быць беларусам — няпроста і непрактычна, даводзіцца шмат дамагацца і ствараць з нуля. Навошта гэты цяжар дзецям?


Пачуццё адметнасці ды годнасці не перашкодзіць вырасці добрым чалавекам. Затое нацыянальная ідэнтычнасць дасць апірышча ў спробе зразумець сябе, свой шлях, свой род. І добрую кампанію людзей, якія думаюць на той жа мове і дапамогуць у любым кутку свету.
Вывучэнне мовы, гісторыі, казак і песень сваёй краіны — ідэя бясконцай забавы для ўсёй сям’і найлепшы аб’яднальны занятак для бацькоў з дзецьмі.

Беларуская мова не паспявае за рэчаіснасцю: ці не абмяжую я сусвет свайго дзіцяці, калі засяроджуся толькі на беларускіх кніжках, мультфільмах, занятках?


Беларускія выдавецтвы, прыватныя і грамадскія ініцыятывы імкнуцца запоўніць любы вакуум. Пераклады сусветна вядомых аўтараў, агучка любімых мультфільмаў — у гэтым гайдзе сабралі немалую частку таго, што можна глядзець і чытаць. А калі нечага не хапае, кожны з нас можа далучацца да стварэння новага.

Хочам гаварыць дома па-беларуску. Але бабулі ды дзядулі гавораць па-руску. Дзіцяці гэта не нашкодзіць?


Назіранне за білінгвальнымі сем’ямі паказвае: навучыць дзіця дзвюм мовам як родным найпрасцей, пачаўшы да таго, як дзіця пачне размаўляць. Тут важна сістэматычнасць. Таму, калі вы будзеце гаварыць з дзіцем толькі па-беларуску, а бабуля — толькі па-руску, дзіця засвоіць абедзве мовы аднолькава добра. Пры гэтым, як правіла, у дзяцей-білінгваў лепш развітае абстрактнае мысленне і яны больш камунікабельныя, да таго ж, пасля ім лягчэй засвойваць і іншыя мовы. Мы сабралі парады, як пачаць вучыць беларускую з ахвотай і без стрэсу.

Баюся, што адметнасць перашкодзіць дзіцяці жыць у грамадстве


Як правіла, большасць беларускамоўных дзяцей ведаюць дасканала прынамсі яшчэ адну мову і ў неспрыяльных абставінах могуць абіраць, як больш камфортна камунікаваць. Адначасова у гайдзе вы знойдзеце парады для бацькоў пра тое, як абараніць роднага чалавека ад булінгу і навучыць адстойваць сваё «я».


Дзе знайсці падтрымку

Прасцей за ўсё шукаць аднадумцаў у сеціве. Вось асноўныя суполкі, дзе гуртуюцца бацькі беларускамоўных дзяцей, распаўсюджваюцца звесткі пра разнастайныя ініцыятывы, тавары і паслугі:
Дзеткі-кветкі
Суполка ў Facebook і VK, якая перакачавала туды з чатаў і ўжо шмат гадоў з’яўляецца крыніцай ведаў для тых, хто хоча знайсці аднадумцаў і выхоўваць дзяцей на нацыянальнай мове цікава і разнастайна.
«Содружество родителей Беларуси»
Вялікая суполка ў Facebook, дзе гуртуюцца бацькі, якія абралі шлях сямейнай адукацыі — гэта значыць па-за афіцыйнымі ўстановамі. Шмат практычных парадаў, цікавыя абвесткі на расейкай і беларускай мовах.
«Альтернативное образование Беларуси»
Яшчэ адзін праект ад мадэратараў «Садружнасці бацькоў Беларусі», але з больш шырокай тэматыкай. Тут можна знайсці разнастайныя курсы, гурткі і парады, абмеркаваць вострыя пытанні.
Беларускамоўныя дзіцячыя садкі і школы (падрабязней гл. ніжэй)
Часцей за ўсё можна быць упэўненымі, што калі дарослыя абралі для сваіх дзяцей гэты варыянт, то яны захопленыя беларускай ідэяй. На жаль, часцей бывае так, што спачатку трэба знайсці аднадумцаў, а ўжо потым ствараць беларускі клас ці групу ў садку.
Беларускамоўныя набажэнствы
Да якой канфесіі вы б не належалі, варта прыглядзецца да беларускамоўных набажэнстваў. Нават калі вас не цікавіць сама служба, то можна знайсці сяброў сярод чальцоў абшчыны і ўключыцца ў іх актыўнасці.

Беларусь

Дзяржаўныя школы
Вясковыя школы маюць свае плюсы і мінусы. Сярод плюсаў: многія школы выкладаюць прадметы па-беларуску, таму сярод жыхароў буйных гарадоў досыць папулярны план пераезду ў вёску, дзе нерухомасць каштуе танней, дзяцей у класах няшмат і ўсе адно аднаго ведаюць. Аднак ёсць сур’ёзны мінус: традыцыйна якасць адукацыі там ніжэйшая, і ў многіх намінальна беларускамоўных школах выкладанне часта вядзецца па-руску — як з ініцыятывы настаўнікаў, так і на просьбу некаторых вучняў.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У гарадах беларускамоўных школаў значна меней, але і іх можна знайсці. Не заўжды ўзровень адукацыі там адпавядае чаканаму, а на перапынках дзеці і настаўнікі размаўляюць па-расейску, але больш беларускай атмасферы ў дзяржустановах знайсці складана. Самы надзейны план па тым, як знайсці беларускамоўную навучальную ўстанову — звярнуцца ў аддзел адукацыі свайго раёна. Беларускамоўныя навучальныя ўстановы ў Менску: гімназіі № 4, 9, 14, 23, 28, школы № 60 і 190.
Часам бывае так, што пры рускамоўнай адукацыі дзеці «беларусізуюцца» лепш, чым у беларускамоўных школах — тут часта ўсё залежыць ад асобы канкрэтнага настаўніка ці ўсяго калектыву. Як прыклад — Ліцэй БДУ.
Беларускамоўныя класы ці групы ў садку
 Хоць адміністрацыя школы і аддзелы адукацыі не заўжды ахвотна адгукаюцца на гэтую ініцыятыву, але шэраг бацькоў-аднадумцаў можа ініцыяваць стварэнне беларускамоўнага класа ці групы ў дзіцячым садку. Вырашэнне аб стварэнні групы ці класа прымаецца мясцовымі ўладамі — упраўленнем адукацыі — штогод у красавіку. Таму заявы трэба туды падаць да гэтага часу. Пажадана да гэтага моманту знайсці бацькоў, якія падтрымаюць вашую ідэю. Не залішнім будзе знайсці і настаўніка ці выхавальніка, якія змогуць працаваць па-беларуску.
Навучанне па індывідуальным плане па-беларуску

На базе дзяржаўнай навучальнай установы можа быць створаны індывідуальны план, па якім вучань займаецца па-за школай. Атэстацыя адбываецца ў школе. Для пераходу на індывідуальны план неабходная наяўнасць паважнай прычыны, па якой дзіця не можа наведваць школу: стан здароўя, заняткі прафесійным спортам ці іншая прычына, якую бацькі могуць сфармуляваць самастойна (псіхалагічны камфорт, неабходнасць вывучаць тыя ці іншыя прадметы паглыблена, падрыхтоўка да іспытаў і гэтак далей). Каб перавесці дзіця на індывідуальны план, трэба напісаць заяву ў вольнай форме на імя дырэктара школы, у якой адзначыць, што бацькі абавязваюцца самастойна забяспечыць навучанне ў рамках вучэбнай праграмы, а таксама сфармуляваць прычыну пераводу. На працягу двух тыдняў школа павінна даць індывідуальны план. ВАЖНА: Перавесціся можна ў любы момант на працягу навучальнага года — не абавязкова рабіць гэта менавіта 1 верасня. Карысныя матэрыялы для хатняга навучання можна знайсці у суполцы «Перакулены клас». Яна больш арыентаваная на настаўнікаў, але і бацькам можа быць карыснай, асабліва ў варунках анлайн-навучання.
Існуе шэраг навучальных анлайн-платформ. Гэта і беларуска-, і расейскамоўныя прыватныя школы, адукацыйныя цэнтры і гурткі. На індывідуальным навучальным плане дзеці могуць скарыстаць такія магчымасці і для засваення школьнай праграмы, і для развіцця патрэбных кірункаў. Варта звярнуць увагу і на тое, што шмат замежных універсітэтаў, якія могуць вабіць абітурыентаў, прапануюць адкрытыя лекцыі, якія можна наведваць анлайн.
Недзяржаўныя школы
Прыватныя школы. Напрыклад, «Святло ведаў» — пачатковая школа пры Хрысціянскім сацыяльным Цэнтры ў Менску. Акрамя стандартнай праграмы беларускамоўнай гімназіі, вучні 2–4 класаў наведваюць разнастайныя творчыя і адукацыйныя заняткі і гурткі. «Наша Школа» набірае класы з 1 па 4 з беларускай мовай навучання. У сярэднім кошт навучання ў прыватнай школе ад 100 да 600 долараў за месяц.
Беларускі гуманітарны ліцэй (вядомы пад назвай «Коласаўскі ліцэй»)

Фармальна такой навучальнай установы больш не існуе, але старшакласнікі могуць наведваць «падпольны» ліцэй, напрыклад, займаючыся па індывідуальным плане дзяржаўнай школы.


Дзяржаўныя дзіцячыя садкі
Сельскія дзіцячыя садкі. Беларускамоўныя садкі ў малых населеных пунктах працуюць па тым жа прынцыпе, што і сельскія школы.
Беларускамоўныя садкі. На жаль, колькасць такіх установаў імкнецца да нуля. У Менску засталося толькі два беларускамоўныя дзяржаўныя садкі. Групы там перапоўненыя, таму варта паклапаціцца пра запіс загадзя.
Беларускамоўныя групы. Ствараюцца па тым жа прынцыпе, што і беларускамоўныя класы ў школе. Варта знайсці ахвотных і разам напісаць заяву на стварэнне беларускамоўнай групы. Дадатковым плюсам будзе, калі бацькі загадзя адшукаюць не толькі дастатковую колькасць дзетак, але і знойдуць выхавацельку.
Прыватныя дзіцячыя садкі
Прыватныя дзіцячыя садкі часта існуюць паралельна з прыватнымі школкамі. Напрыклад, у Менску працуе садок пры Хрысціянскім сацыяльным цэнтры. Дзеці, якія займаюцца там, могуць пасля заканчэння садка пайсці ў школу «Святло ведаў». Але існуюць і асобныя садкі з беларускай мовай. Напрыклад, дзіцячы клуб «Зорачкі». З беларускай мовай працавалі ў прыватным садку «Папа Лис». Цэны ў такіх садках вагаюцца ад 100 да 600 долараў за месяц.
Згуртаванні бацькоў і настаўнікаў

Праз абмежаваную колькасць беларускамоўных навучальных установаў некаторыя бацькі яднаюцца ў суполкі, каб забяспечыць сваім дзецям якасную адукацыю і асяроддзе. Часцей за ўсё зацікаўленыя дарослыя пераводзяць дзяцей на індывідуальны план навучання і некалькі разоў на тыдзень адвозяць школьнікаў на адмысловыя заняткі. Такія ініцыятывы існуюць пры хрысціянскіх абшчынах, таксама бацькі звяртаюцца да прыватных настаўнікаў-рэпетытараў, якія выкладаюць прадметы невялікаму калектыву. Варта праглядаць адмысловыя суполкі ў сацыяльных сетках, бо даволі часта там можна сустрэць аб’явы аб адукацыйных кааперацыях.


Замежжа

Большасць беларускаарыентаваных сем’яў, якія выехалі з краіны цягам апошняга года, пераважна абралі ў якасці (часовага) дома Польшчу, Літву і Украіну. Многія з гэтых сем’яў аказаліся актыўнымі падтрымальнікамі сваёй культуры і захацелі, каб іх дзеці вучыліся ў беларускіх школах або наведвалі беларускія гурткі ці клубы — на шчасце, апошнім часам для гэтага з’яўляецца ўсё больш магчымасцяў.
Як спрасціць пераезд для дзіцяці?

  • Інфармаваць. Растлумачце, чаму дзіця пойдзе ў новы садок/школу, калі магчыма, зрабіце міні-экскурсію па новым месцы ці хаця б пакажыце фотаздымкі ўстановы. Вельмі добра, калі ў школу ці садок будуць хадзіць знаёмыя. Па магчымасці выбірайце асяроддзе, у якім дзіця можа лёгка завязаць новыя кантакты (напрыклад, школу, папулярную сярод іншых беларускіх эмігрантаў).

  • Кантакт з новым настаўнікам. Паспрабуйце пазнаёміць дзіця з настаўнікам ці выхавальнікам да пачатку навучання. Растлумачце асаблівасці пераезду, але не злоўжывайце пазіцыяй ахвяры — задача не ў тым, каб дзіця пашкадавалі, а каб дапамаглі адаптавацца да новай сітуацыі.

  • Звяртайце ўвагу на самаадчуванне. Калі дзіця скардзіцца на боль у страўніку, не можа выконваць хатняе заданне праз галаўны боль, варта прыглядзецца да сітуацыі. Змена саматычнага статусу можа казаць пра праблемы ў новым месцы.

  • Сувязь з псіхолагам. Не трэба баяцца кантактаў з адміністрацыяй школы і тым больш са школьным псіхолагам. Вашыя мэты супадаюць — зрабіць жыццё дзіцяці на новым месцы максімальна камфортным.

  • Не дадавайце стрэсу. Не канцэнтруйцеся на адзнаках і выніках, няхай дзіця прыйдзе ў норму і прыстасуецца да новых умоваў.

  • Не транслюйце свае страхі. Пакажыце, што вы ўпэўнены ў тым, што на новым месцы ўсё атрымаецца. З больш дарослымі дзецьмі можна абмеркаваць новыя магчымасці і перспектывы.

  • Размаўляйце. Калі страшна выходзіць да дошкі, калі сумна праз тое, што няма сяброў, і ў сотнях іншых выпадкаў, дзіця можа абаперціся на ваш досвед і падтрымку.

  • Дадайце стабільнасці. Варта падтрымліваць старыя традыцыі (чытанне перад сном, сумесныя прагулкі па выходных) і ўводзіць новыя традыцыі. Знайдзіце справы і заняткі, камфортныя і для бацькоў, і для дзяцей і якія ў любым выпадку вам будзе прыемна рабіць разам.

  • Не адмаўляйце негатыўныя пачуцці. Дайце дзіцяці перажыць страту, расстанне з блізкімі і знаёмымі. Узгадвайце разам добрыя моманты з мінулага, будуйце планы на будучыню, абмяркуйце, што добрага атачае вас зараз.


Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Сям’я

Нават калі ў радыўсе сотняў кіламетраў ад вас няма ніводнага беларускага гуртка, школкі ды іншай беларускай сям’і з дзецьмі, Беларусь можа заўжды жыць у вас дома.
Як пачаць размаўляць па-беларуску
Як навучыць дзяцей размаўляць на беларускай мове? Гаварыце на ёй самі. Як загаварыць самім? З дапамогай моўнай актывісткі, стваральніцы суполкі «Умовы для мовы» Аліны Нагорнай мы склалі наступную стратэгію.


1. Проста бярыце і размаўляйце.
Жывая гутарка — самы хуткі шлях авалодаць любой мовай. Цудоўна, калі ёсць з кім размаўляць. Калі няма — то і гэтае пытанне вырашальнае, вы ж у любым выпадку карыстаецеся нейкімі паслугамі: ходзіце да цырульнікаў, замаўляеце падарункі і г. д. Гугліце па-беларуску патрэбныя вам паслугі, яны ёсць (можна скарыстацца сэрвісам «Свае»). Так вы і паслугу атрымаеце, і ў размове папрактыкуецеся, а яшчэ падтрымаеце беларускамоўны бізнес.
Калі складана адразу пераключыцца на паўнавартаснае маўленне, пачніце з простых словаў: «Добры дзень», «калі ласка», «дзякуй», «да пабачэння». Вашыя першыя словы — таксама сігнал для іншых, што да вас можна звяртацца па-беларуску.
2. Размаўляйце па-беларуску з незнаёмцамі.
Здараецца, што людзям складана адразу памяняць мову камунікацыі з тымі, хто прывык да вас як да рускамоўных людзей. Калі гэта ваш выпадак, пачынайце не з сяброў і сваякоў, а з выпадковых кантактаў і незнаёмых людзей. Тут можна практыкавацца пазмаўляць па-беларуску на розныя тэмы.
3. Пішыце па-беларуску.
Паведамленні, лісты, допісы ў сацсетках. Так вы зможаце падцягнуць мову, а вашыя знаёмыя ўжо пачнуць прымаць вас новага. А калі сумняецеся, што ўсё правільна напісалі, правапіс можна праверыць з дапамогай сэрвісу «Добрапіс». Таксама можна ўсталяваць праверку правапісу ў тэкставыя рэдактары, а таксама ў браўзэры Mozilla і Thunderbird. А вось гэты сэрвiс дапаможа вам перакласці цэлы тэкст (як, дарэчы і Google translate або Yandex translate). Праверыць асобнае слова можна на партале Slounik.org.
ВАЖНА: вельмі дапамагае просты прыём — выбраць у наладках усіх гаджэтаў і праграм беларускую мову.
4. Чытайце па-беларуску.
Кнігі, СМІ і беларускую Вікіпедыю. Нават калі ў вас няма канкрэтнага пытання, можна проста штодня выбіраць актуальную дату і чытаць пра падзеі, якія адбыліся ў гэты дзень.
5. Не саромейцеся сваіх памылак.
Калі выбар размаўляць на роднай мове ўсвядомлены, прасцей адкінуць комплексы. Уявіце, які натоўп продкаў стаіць у вас за плячыма, даючы вам упэўненасць.
6. Не бойцеся, што дзіця не засвоіць іншых моваў.
Як паказвае досвед двух- (і больш) моўных сем’яў, дзеці, якія растуць у моўнай разнастайнасці, успрымаюць яе як натуральнасць, і ў будучыні свабодна валодаюць некалькімі мовамі, лёгка пераключаючыся між імі. Вы не можаце «перагрузіць» вашае дзіця мовамі і «пакараць» ведамі. Але вы можаце ствараць зручнае асяроддзе для навучання, змагацца за адукацыю па-беларуску (тут дапаможа настойлівасць і заканадаўства – артыкул 3 Закона «Аб мовах», артыкул 50 Канстытуцыі і артыкул 90 кодэкса «Аб адукацыі»), урэшце — чытаць, глядзець, слухаць беларускамоўнае дома і вучыцца праз гульню.