У Мінску закрываюць два ліцэі. Бацькі абураныя, чыноўнікі кажуць: «Вы самі ведаеце гэтую вертыкаль»
На пачатку снежня стала вядома, што бацькі і настаўнікі некалькіх сталічных ліцэяў б’юць трывогу: нядаўна ім неафіцыйна абвясцілі, што новых набораў у ліцэі больш не будзе, бо хутка іх закрыюць. Інфармацыя пацвердзілася: Ліцэй № 1 і Ліцэй № 2 у Мінску сапраўды закрываюць, распавядае «Наша Ніва».
Ніякіх афіцыйных папер на гэты конт не было, зрэшты, як і
афіцыйных каментарыеў з гэтай нагоды ад Міністэрства адукацыі.
13 снежня стала вядома, што Ігар Карпенка больш не міністр
адукацыі. Але падобна на тое, што яго намер зачыніць некалькі сталічных ліцэяў
чыноўнікі ўсё ж вырашылі рэалізаваць.
Бацькі ліцэістаў расказалі апошнія навіны
па гэтай тэме.
«У панядзелак (13 снежня) у нашым Ліцэі №2 прайшла
сустрэча бацькоў ліцэістаў з прадстаўнікамі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама
і Адміністрацыі Ленінскага раёна», — кажа маці аднаго з ліцэістаў, якая
прысутнічала на той сустрэчы.
Як паведаміла жанчына, ад Камітэта па адукацыі
Мінгарвыканкама на сустрэчы была намесніца старшыні Камітэта Ірына Чарняўская,
ад Адміністрацыі Ленінскага раёна — начальнік Упраўлення па адукацыі Наталля
Кучынская.
«Канкрэтыкі ў іх словах амаль не было, — кажа жанчына. —
Асноўная думка, якую яны нам данеслі: план мерапрыемстваў па закрыцці ліцэя
распрацаваны, рашэнне прынятае, але афіцыйна не зацверджанае. Сказалі, што 10
клас давучыцца, а новы набіраць не будуць. У будынку гімназіі будзе педкаледж».
Па словах жанчыны, нейкіх аргументаў ці прычын аб
неабходнасці закрыцця ліцэя чыноўнікі не прывялі. І ніяк не пракаментавалі
мінулыя публікацыі пра закрыццё ліцэя, хоць раней мінадукацыі называла іх
фэйкамі.
«Паверце, мы былі настойлівыя і патрабавалі па пунктах
пералічыць прычыны прыняцця такога рашэння. Але адказу не было», — адзначае суразмоўца і дадае, што Ліцэй №2 па выніках мінулага года стаў найлепшым у
раёне.
«Калі мы спыталі, навошта зачыняць найлепшую навучальную
ўстанову, пачулі адказ: «Рашэнне ўжо падрыхтаванае», — гаворыць мама ліцэіста.
— Мы задавалі пытанне, хто прыняў рашэнне аб закрыцці? Выразнага адказу не
атрымалі, але было сказана: «Вы самі ведаеце гэтую вертыкаль»».
Што будзе з навучэнцамі платных курсаў падрыхтоўкі да
паступлення, таксама невядома. Куды ім потым паступаць — пытанне адкрытае.
«Дырэктарка расказала, што ўсім на курсах было абвешчана,
што набору не будзе. Але справа ў тым, што дзеці на курсы ходзяць… — кажа
жанчына. — Карацей, тут наогул нічога незразумела. Самым галоўным сваім
мэсэджам чыноўнікі назвалі наступнае: «Вашы дзеці давучацца, настаўнікі не
разбягуцца». Ведаеце, па іх адказах было зразумела, што яны сапраўды нічога не
вырашаюць.
На той жа сустрэчы, дарэчы, чыноўнікі спрабавалі пераканаць
нас у тым, што ў сапраўднасці колькасць выпускнікоў, якія паступаюць у ВНУ, не
з’яўляецца паказчыкам паспяховай працы ліцэя».
Па словах суразмоўцы, на тым жа сходзе яны
пераканаліся, што закрываюць не толькі Ліцэй №2, але і Ліцэй №1.
«Мы маем намер не здавацца і ісці да канца, — зазначыла маці ліцэіста. — Будзем адстойваць наш ліцэй і інтарэсы дзяцей і педагогаў. А як інакш? Некаторыя бацькі нават кватэры мяняюць, каб быць бліжэй да ліцэя, а тут такое… Мы ўжо аднеслі ліст з патрабаваннем разабрацца ў гэтай сітуацыі Наталлі Качанавай, а ў чацвер з пытаннем закрыцця ліцэяў ідзём на прыём у Адміністрацыю прэзідэнта. Плюс да ўсяго, ужо напісалі больш за 400 электронных зваротаў, сабралі каля 200 подпісаў».