«Рыхтуемся да паэтапнага знішчэння ліцэя, не ведаючы яго прычыны»

Напрыканцы 2021 года адной з самых гарачых тэм стала магчымае закрыццё сталічных ліцэяў №1 і №2. Інфармацыі было мала, і тая досыць супярэчлівая, чыноўнікі вельмі сціпла каментавалі падзеі. Дагэтуль лёс папулярных навучальных устаноў, якія маюць вялікі аўтарытэт у навучэнцаў і іх бацькоў, дакладна не вядомы. На ўмовах ананімнасці мы пагутарылі з супрацоўнікам аднаго з «апальных» ліцэяў.

licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas5_logo.jpg


— Як вам стала вядома пра закрыццё ліцэя?
— На пачатку снежня 2021 прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі і адміністрацыі Ленінскага раёна сабралі калектыў ліцэя і абвясцілі, што набору ў 10-я класы ў нас не будзе. Прычыны не агучылі. Такім чынам, мы ў 2022 выпускаем 11-я класы, 10-я пераходзяць у 11-я, а ліцэй скарачаецца на 50%. Пасля заканчэння наступнага вучэбнага года ліцэй спыняе сваё існаванне.
— Гэты стала для вас навіной?
— Розныя чуткі хадзілі дзесьці з канца 2020, але яшчэ ў сакавіку 2021-га кіраўніцтва Ленінскага раёна нам казала, каб мы не слухалі гэтую лухту, што ліцэй жывы і будзе жыць. А потым проста развялі рукамі.
Міністэрства адукацыі паводзіла сабе ідэнтычна: спачатку — «усё гэта фэйкі», а потым лісты і звароты накіроўваліся ў раённае ўпраўленне адукацыі. Зваротаў і лістоў было больш за 200. Мы пісалі і ў Міністэрства адукацыі, і ў гарвыканкам, і ў Дзяржкантроль, і ў іншыя ўстановы, на ўсё мы атрымлівалі адказы з таго ж раённага ўпраўлення па адукацыі за подпісам спадарыні Кучынскай Н.Г. — начальніка гэтага ўпраўлення. Адказы былі стандартнымі — выпускнікі выпускаюцца, настаўнікі будуць працаўладкаваны, ліцэй у гэтым годзе набор у 10-я класы не ажыццяўляе.

licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas1_logo.jpg


— Як вы лічыце, чым выклікана такая паспешлівая ліквідацыя?
— Я не хачу ствараць версіі, бо больш люблю факты. Але аргументы, якія нам агучвае кіраўніцтва, не вытрымліваюць аніякай крытыкі.
Першае — мы нерэнтабельныя, бо на кожнага вучня ідзе грошай на 35% больш, чым на звычайнага школьніка. Але ж толькі ў нашым раёне па напаўняльнасці агульнаадукацыйных вучэбных устаноў аніводная школа не ўкамплектаваная па праектнай магутнасці. Побач з ліцэем дзве школы праектнай магутнасці кожная па 870 чалавек, якія аддзелены адна ад адной толькі стадыёнам, ледзьве набіраюць 450. Адну можна смела закрываць, бо яна цалкам нерэнтабельная!
Далей, ліцэй займае адно з вядучых месцаў у горадзе па напаўненню бюджэту сродкамі за кошт платных паслуг. 270 навучэнцаў вячэрняга ліцэю, якія збіраліся паступаць да нас у 10 класы, з верасня плацяць па 55 рублёў у месяц за гэтыя самыя платныя паслугі. Матэматыка простая — 270 чалавек плацяць 9 месяцаў па 55 рублёў, мінус не болей 20% на аплату працы настаўнікаў. Гэтыя грошы ішлі ў бюджэт! Якая гімназія ці школа гораду дае такі прыбытак? А яшчэ платныя курсы па падрыхтоўцы да ЦТ па матэматыцы, гісторыі, рускай, беларускай і іншаземным мовам — гэта таксама вельмі неблагія грошы. Таксама здаецца ў арэнду пустое крыло — там ёсць стаматалагічны кабінет, фітнес-зал, цырульня, розныя секцыі. Арэндная плата цалкам ідзе ў бюджэт, ліцэй нічога не атрымлівае. Калі ўсё падлічыць, я ўпэўнены, тыя 35% ціха знікнуць.
Другое — у ліцэі працуюць некваліфікаваныя кадры. Ну знайдзіце яшчэ хаця б адну адукацыйную ўстанову, дзе больш за 90% настаўнікаў маюць вышэйшую катэгорыю.
Трэцяе зусім абсурднае — мы дрэнна працуем, таму што не забяспечваем стандарты адукацыі. Пры гэтым займаем першае месца ў раёне і наша навучальная ўстанова знаходзіцца на Дошцы гонару Ленінскага раёну.
Чацвёртае — мы не маем інтэрнату. Так, не маем, але кодэкс мы не парушаем. Паводле яго, мы павінны забяспечыць інтэрнатам іншагародніх навучэнцаў. Ніводнай падобнай заявы ад бацькоў навучэнцаў у адміністрацыю ліцэя не паступала, Нават калі б і былі такія заявы, то гэтае пытанне вырашаецца досыць спакойна. Ёсць Мінскі абласны ліцэй у Курасоўшчыне, у якога ёсць пяціпавярховы інтэрнат. Наколькі нам вядома, гэты інтэрнат зусім не цалкам заселены навучэнцамі.  
Ну і пятае — мы лішнія, таму што дублюем функцыі гімназій, у якіх ёсць профілі такія ж, як у нас. Навучэнцу дастаткова хадзіць у гімназію па месцы жыхарства, а не ў гэты ліцэй на іншым канцы гораду. Здаецца, так і ёсць, але ж можна паглядзець на ўдзел ліцэя ў алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях, сярэднія балы па ЦТ. Мінімум цягам 2017-2019 гадоў мы ўваходзілі ў дзясятку лепшых навучальных устаноў Мінска з 250. Пытанне «чаму ў гімназіях і школах не забяспечваецца такі ўзровень?» павісае ў паветры.

licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas3_logo.jpg

Відавочна, што тыя прычыны, якія нам агучваюцца, не вытрымліваюць крытыкі, але ж нейкія іншыя рэальныя довады нам невядомыя. Дагэтуль ніякага афіцыйнага рашэння не прынята, і ўся бязглуздзіца сітуацыі ў тым, што мы рыхтуемся да паэтапнага знішчэння ліцэя, не ведаючы яго прычыны.
— Хто прымае рашэнне аб закрыцці? Гэта ж не адзіны чалавек?
— Так, гэта наш заснавальнік — камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. Паводле ўсіх адказаў на лісты і звароты гэта яго «прэрагатыва», і нават Адміністрацыя прэзідэнта адмовілася неяк уплываць на сітуацыю. Нават адказ на зварот бацькоў навучэнцаў у Савет Рэспублікі мы атрымалі паводле сэнсу такі ж.
— Іншым разам кажуць, што, маўляў, «раней былі толькі школы і было ж добра, а цяпер і школы, і гімназіі, і ліцэі розныя. Але што з таго?»
— Справа не ў школах, гімназіях і ліцэях. Справа ў адносінах дзяржавы да адукацыі, яе палітыцы ў гэтай сферы. Яна вельмі непаслядоўная, мякка кажучы. Калі кожныя 3-5 гадоў здараецца чарговая рэформа, то «дах едзе» не толькі ў настаўнікаў, але і ў дзяцей і іх бацькоў. Вось якая якасць адукацыі можа быць пры такіх умовах? Большасць нашых настаўнікаў працуюць ад пачатку існавання ліцэя, а гэта больш за 20 гадоў, да нас прыходзяць вучыцца ўжо дзеці нашых першых навучэнцаў, а тут нам кажуць, што мы больш не патрэбныя. Нам кажуць, што мы пойдзем у нейкую агульнаадукацыйную школу, і ніхто не ўлічвае тую акалічнасць, што тут склалася не толькі асобая сістэма выкладання, але ж і свая асобая аўра адносін паміж настаўнікамі,  навучэнцамі і бацькамі, і гэта вельмі каштоўна!

licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas2_logo.jpg

Ведаеце, нашыя вучні шчыра кажуць, калі іх пытаюць пра ліцэй: «Адукацыя і вучоба вельмі важныя, добрых настаўнікаў мы таксама бачылі, але ж тут атмасфера зусім іншая». Тут з імі размаўляюць, імі цікавяцца, не прымушаюць прыняць нейкі «правільны» пункт гледжання. У такой атмасферы вучыцца дрэнна не модна, тут планка зусім іншая. У школе плінтус, а тут планка. Там цябе «батанікам» называюць, таму што ты разумнейшы за агрэсіўную шэрасць, якая імкнецца забрудзіць і апусціць цябе на свой узровень. А тут твае ж аднакласнікі наадварот ставяць планку вышэй. Справа зусім не ў паказальніках навучання, хаця яны досыць высокія. Ведаеце, адзін з выпускнікоў, паступіўшы ў ВНУ, прыйшоў і сказаў: «Мне здавалася, што я паступаў на ступень вышэй, але зараз бачу, што паступіў на ступень ніжэй. Я вырас з тых штаноў, якія на мяне там спрабуюць начапіць». Безумоўна, гэты прыклад — не правіла, але, згадзіцеся, даволі паказальны.
— Што павінна здарыцца каб ліцэй не закрылі?
— Калі знойдзецца ў вышэйшых колах улады дастаткова мудрасці захаваць гэтыя ўстановы, безумоўна, элітнай адукацыі для перспектыўнай будучыні сваіх дзяцей, унукаў і ўсіх маладых беларусаў, і тым самым пазбавіць іх ад спакусы шукаць гэтую самую адукацыю за мяжой. Будучыня ж, відавочна, для нашай краіны за высокаадукаванымі, творчымі людзьмі. Мы перакананыя, што захаваннем ліцэяў мы здолеем захаваць гэтую самую будучыню. Ёсць жа варыянты. Тым больш, што нешта падобнае ўжо адбывалася. Канчатковае рашэнне, паўтаруся, не прынята! Чаму? А таму што відавочных прычын закрываць ліцэй няма!