Паслямоўе «Мовы 404»: асноўныя ўражанні ад кнігі ў інтэрв’ю з аўтаркай Алінай Нагорнай
Літаральна месяц таму выйшла кніга «Мова 404», пад аўтарствам Аліны Нагорнай — грамадскай актывісткі ў сферы моўных правоў. У кнізе сабраныя гісторыі людзей, якія ў розны час сутыкаліся з дыскрымінацыяй выкарыстання беларускай мовы ў самой Беларусі, як з боку прадстаўнікоў уладных структур, так і звычайных людзей.
Жах — асноўнае слова, якое так і напрошваецца, чытаючы некаторыя гісторыі людзей, што сутыкаліся з адкрытай варожасцю, ці наўпрост з ненавісным стаўленнем да выкарыстання беларускай: непрыняцце з боку бацькоў і сяброў, варожае стаўленне ў месцах абслугоўвання, простых мінакоў. Часта выкарыстанне беларускай было ці не адзінай падставай для пільнай увагі з боку міліцыянтаў, аж да затрыманняў.
Мы пагутарылі з Алінай, каб абмеркаваць агульнае ўражанне ад прачытанага, а таксама агучыць лайфхакі, як жыць у Беларусі і не баяцца патрабаваць выкарыстоўваць беларускую мову на адным узроўні з другой дзяржаўнай мовай.
— Як адбывалася падрыхтоўка да стварэння кнігі, як знаходзілі яе герояў?
— Я ведала, што гісторый моўнай дыскрымінацыі ў Беларусі адбываецца вельмі шмат. Бо да нас ва «Умовы для мовы» (ініцыятыва А. Нагорнай і І.Случака, якая займаецца пашырэннем выкарыстання беларускай мовы — заўв. рэд.) людзі звяртаюцца па юрыдычныя парады ў такіх выпадках. І калі я задумала рабіць кнігу, проста напісала пост у свой фэйсбук. І героі гісторый адразу знайшліся самі.
— Забягаючы напрерад, магу сказаць, што некаторыя гісторыі выглядаюць неяк зусім дзіка і нават жудасна — наколькі Вы ўпэўненыя, што ўсе гэтыя гісторыі праўдзівыя, і ці гэта магчыма неяк пераверыць, каб не выявілася потым інсінуацый?
— Упэўненыя, што ўсе гісторыі праўдзівыя. Бо, па-першае, як я ўжо казала, шмат з герояў гісторый ужо звярталіся ва «Умовы для мовы» па юрыдычную дапамогу, па-другое, некаторыя гісторыі ўжо траплялі ў СМІ і шырока абмяркоўваліся, па-трэцяе, а навошта людзям хлусіць пра такое?
— Наколькі можна зразумець з прадмовы да кнігі, мэта «Мовы 404» — звярнуць увагу на праблему моўнай дыскрымінацыі ў Беларусі. На які эфект Вы разлічваеце ад прачытання кнігай, скажам так, не вельмі вялікай аўдыторыі, пры чым, распаўсюджанай у такім абмежаваным доступе.
— Так, я хачу каб людзі заўважылі праблему. Бо можна вырашыць толькі тую праблему, пра якую ведаеш. Кніга толькі пачынае свой шлях да аўдыторыі. Пра яе напісалі шмат СМІ, гэта цудоўна, шмат людзей у Беларусі даведаліся пра праблему. Наступныя крокі, гэта пераклады яе на розныя мовы, у тым ліку на англійскую і рускую, так пра праблему пачне размаўляць больш шырокая аўдыторыя. Яшчэ ў мяне шмат ідэй, як распаўсюдзіць гісторыі з кнігі ў розных фарматіах, але пакуль не буду раскрываць усе сакрэты.
— Калі і можна рабіць пэўныя абагульняючыя высновы з кнігі, можна акрэсліць некалькі рэчаў. Першае — дыскрымінацыя адбываецца не толькі і не столькі «па вертыкалі» (дыскрымінацыя з боку ўладных органаў), але і «па гарызанталі», паміж звычайнымі грамадзянамі. Гісторыі, сабраныя ў кнізе, маюць храналагічныя рамкі, расцягнутыя на дзясяцігоддзі. Ці стала сітуацыя за апошні час лепей, і калі так, з якога боку — «вертыкальнага» ці «гарызантальнага»?
— З аднаго боку так, стала лепей (з «гарызантальнага», вядома). Але агулам, сітуацыя збольшага не змянілася. Бо тое, што частка людзей сталі лепш ставіцца да мовы і казаць замест ранейшага «гаварыце нармальна» нешта кшталту «ой, у вас такая цудоўная беларуская мова» — дарэчы і тое і тое дыскрымінацыя, бо пра рускую мову наўрад ці ў Беларусі і тое і тое пачуеш. Так вось, такая рэакцыя людзей ніяк не ўплывае на тое, што па-ранейшаму няма ніводнай беларускамоўнай ВНУ, заканадаўства па-беларуску каля 1,5 працэнтаў ад агульнага, любую паперку ў любой установе атрымаць па-беларуску — праблема і г. д.
— Таксама складаецца ўражанне, што ў рэгіёнах, дзе, здавалася б, беларускай мовы павінна быць больш, наадварот, сустракаецца больш выпадкаў дыскрымінацыі за моўнай азнакай, прычым, як раз «па гарызанталі». Падкажыце, чаму так атрымліваецца, у чым розніца ў стаўленні да беларускай мовы паміж агульным гарадскім і рэгіянальным насельцтвам?
— Насамрэч няма вялікай розніцы — людзі, што дазваляюць дыскрымінацыю адныя тэлеперадачы глядзелі, адныя навіны чыталі. Быў пэўны момант, калі ў вёсках і невялікіх гарадах дбалі пра тое, каб размаўляць на чыстай рускай мове, каб выглядаць больш «гарадскімі». Я такое бачыла асабіста, калі ў школе навучалася. Але гісторыі, пра тое што нават настаўнікі выпраўлялі беларускія «ч», «г» на рускія, я чула і ад людзей з Мінску.
— Яшчэ адзін з аргументаў, які часта выкарыстоўваюць людзі, пазбягаючы выкарыстання беларускай мовы: «У нас дзве дзяржаўныя мовы, таму мы не абавязаныя выкарыстоўваць беларускую, толькі адну з іх». Ці сапраўды гэта адпавядае рэчаіснасці? Як увогуле абараняецца беларуская мова заканадаўча, акрамя Канстытуцыі?
— Гэта проста неадукаванасць у прававых пытаннях. Дзяржаўная мова — мова на якой павінны быць усе дзяржаўныя паслугі, адукацыя, войска і г. д. Калі іх дзве, то ўсё павінна быць аднолькава дасяжна на абедзьвюх. Абірае грамадзянін, а не дзяржава. Таксама, згодна з заканадаўствам аб мовах, увогуле ўсе людзі на сваіх працоўных месцах павінны валодаць дзяржаўнымі мовамі ў аб’ёме для выканання сваіх працоўных абавязкаў. Але гэты закон шмат парушаецца. Чамусьці мала каму прыйдзе ў галаву нешта скрасці, ездзіць п’яным за стырном, лаяцца гучна матам на вуліцы — бо гэта парушае закон. Але Закон «Аб мовах» усе спакойна парушаюць. І пакуль у нашай краіне для людзей адзін закон важней за іншы — нармальнай прававой дзяржавы не будзе.
— Вы разам з Ігарам Случакам стварылі ініцыятыву «Умовы для мовы», якая займаецца якраз моўнымі правамі, пашырэннем беларускай мовы ў сферы публічнага ўжытку. Ці магчыма стварэння спрыяльных умоваў для выкарыстання беларускай мовы праз працу невялічкай ініцыятывы аднадумцаў, як Ваша?
— У нас атрымалася, напрыклад, зрабіць так, каб квіткі ў транспарце сталі рабіць па-беларуску, каб дамову з некаторымі ўстановамі можна было па-беларуску без праблем атрымаць, каб шмат дзе шыльды і ўказальнікі з’явіліся па-беларуску. Ігар істотна беларусізаваў спорт і бізнес. Таксама ён змяніў некалькі законаў на карысць беларускай мовы. Мы выдалі кніжкі «Кошык вожыка» і падаравалі дзіцячым садкам, дзе амаль няма беларускай мовы. І зрабілі шмат чаго іншага.
Таму так, магчыма. Насамрэч і ад аднаго чалавека шмат залежыць, магу прывесці прыклад Ігара. І кожны так можа ў любой сферы, не абавязкова ў моўнай. Проста трэба пачаць працаваць.
— У кнізе можна знайсці зноскі над гісторыямі, дзе Вы тлумачыце значэнне некаторых беларускіх слоў. Часам гэта выглядае ў перадузятым стаўленні да тых, хто не ведае ці не гаворыць па-беларуску. Як Вы лічыце, ці шмат прыхільнікаў выкарыстання беларускай мовы Вы збераце з такім пасылам да, скажам так, іншамоўнай аўдыторыі ў Беларусі?
Прыклады з кнігі:
Сурвэтка
Чалавек без роднай мовы, што выкарыстаная сурвэтка. Здаецца, з той самай паперы, што і сурвэтка. Здаецца, з той самай паперы, што і сурвэтка чыстая, але ж унутры мяты, брудны і стасункаў з такі мець ніхто не хоча.
Суайчыннік
Адна айчына лагічна перацякае ў адну мову. Ці можна назваць суайчыннікам таго, хто з табой адной нацыі, але з іншай мовай? Хутчэй не. Тут больш пасуе суграмадзянін, але такога слова няма. Можна выкарыстаць слова «ніхто». Чалавек — ніхто супраць чалавека з Айчынай.
Зноскі — гэта маё творчае пераасэнсаванне некаторых беларускіх словаў, якія казалі мне суразмоўцы — героі гісторый. Справа чытача — або зразумець што я хацела ўкласці ў гэтыя сказы, або ўспрыняць гэта як напад на яго. Другое, вядома, прасцей, але першае, эфектыўней.
— Вынікі рэферэндума-1995 паказалі не толькі нежаданне большай часткі насельніцтва намагацца выкарыстоўваць беларускую мову як адзіную дзяржаўную, але і не зусім удалую палітыку беларусізацыі з боку папярэдняй улады. Калі б мы зараз жылі ў іншай краіне, як правільна павінна была б ажыццяўляцца такая палітыка?
— Насамрэч, палітыка папярэдняй улады была цалкам прымальнай. Гэта далейшая прапаганда зрабіла з яе жупел. І шмат хто з прыхільнікаў пераменаў верыць у гэта да гэтага часу. А на самой справе, калі ў дзіцячыя садкі і школы сталі ўводзіць беларускую мову, то на гэты крок было толькі каля 10 скаргаў ад бацькоў. Гэта сведчанні тагачаснага дэпутата Вярхоўнага савета.
А зараз, калі закрываюць школу з навучаннем па-беларуску, ляцяць сотні скаргаў. Нават калі гэта сельская школа, ствараюцца петыцыі, якія па тысячы подпісаў збіраюць. Людзі нават судзяцца за права атрымліваць адукацыю па-беларуску. У той час рускую мову ніхто так не абараняў, як бароняць беларускую. І зараз не будзе.
А палітыка павінна быць, такая як і ў бліжэйшых цывілізаваных краінах — адна дзяржаўная мова. Людзі могуць размаўляць хоць па-кітайску, мову зносін ніхто не будзе абмяжоўваць, але дзяржаўныя паслугі павінны быць па-беларуску.
— Мы жывем практычна цалкам у рускамоўнай прасторы з самых дзіцячых гадоў: бацькі, тэлевізар, кнігі, дзіцячы садок, школа, універсітэт. Якія зараз ёсць альтэрнатыўныя магчымасці для чалавека (дзіцяці), які хоча вывучыць беларускую мову, і якім чынам ён можа абараняць яе самастойна?
— Вывучыць беларускую мову проста — чытаць кнігі, глядзець відэа, слухаць падкасты. Варта на ўсіх гаджэтах паставіць беларускую. Каб размаўляць, нядаўна з’явілася анлайн-платформа «Вольная мова», там людзі размаўляюць на розныя тэмы па-беларуску. Таксама варта хадзіць у кавярні, дзе абслугоўваюць на беларускай мове, у цырульні і гэтак далей. Так вы не толькі па-беларуску паразмаўляеце, але і падтрымаеце бізнес, які размаўляе з вамі на адной мове. Пасябруйце з людзьмі, што размаўляюць па-беларуску. Гуляйце ў настолкі па-беларуску і гэтак далей.
— Зараз Вы выпусцілі кнігу «Абаронім вёску». Раскажыце пра яе.
— Гэта практычны дапаможнік для жыхароў вёсак. Пару год таму мы пераехалі ў вёску і жахнуліся, як усё занядбана. Таму мы падыйшлі да справы юрыдычна, вывучылі профільнае заканадаўства і пачалі пісаць звароты. І так мы вырашылі шмат вясковых праблемаў, ад кепскай электрычнасці да кепскіх дарог. Таму ў кнізе наш досвед — прыклады зваротаў, куды і як іх дасылаць, калі чакаць адказ і што рабіць, калі праблема не вырашаецца.