Анархісты, што атрымалі сёння вялікія турэмныя тэрміны, прызнаныя палітычнымі зняволенымі

Адмысловую заяву пра гэта зрабілі праваабаронцы.

257392217_633635454314945_196034536508951546_n_logo_1.jpg


Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі адзначылі, што ўладамі пры наяўнасці палітычных матываў пазбаўленне волі ўжываецца ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, непрапарцыйна і выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Крымінальная справа па абвінавачванні Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Рэзановіча, Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава ў здзяйсненні актаў тэрарызму і незаконным абарачэнні зброі, а Аліневіча і Дубоўскага — таксама ў незаконным перасоўванні праз мяжу забароненых рэчываў разгледжаная Мінскім абласным судом у закрытым судовым пасяджэнні пра адсутнасці, на думку праваабаронцаў, прадугледжаных для гэтага законных падстаў.

«У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога пастаўленага яму ў віну крымінальнага абвінавачвання на справядлівы і публічны разгляд справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку ці частку яе з меркаванняў маралі, грамадскага парадку ці дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве ці калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, ці — у той ступені, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых акалічнасцях, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя… Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе паказаных асобаў, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яе разгляду», — адзначаюць праваабаронцы.

«Акрамя таго, кожны абвінавачаны ў крымінальным злачынстве мае права лічыцца невінаватым, пакуль вінаватасць яго не будзе даказаная паводле закона. Прэзумпцыя невінаватасці, якая мае асноватворнае значэнне для абароны правоў чалавека, ускладае абавязак даказвання на абвінавачванне, гарантуе, што ніякая віна не можа быць прэзюмаваная да тых часоў, пакуль вінаватасць не была даказаная без аніякіх разумных сумневаў… Аднак дзяржаўныя прапагандысцкія рэсурсы загадзя неаднаразова выказалі і навязвалі ідэю аб даказанай вінаватасці пералічаных асобаў задоўга да завяршэння расследавання і судовага разгляду. Гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы перадачы следчымі матэрыялаў папярэдняга расследавання гэтым рэсурсам для публікацыі», — гаворыцца ў заяве.

Апроч гэтага праваабаронцы лічаць, што абарона не магла ў поўнай меры выконваць свае функцыі, абвінавачанне, выстаўленае анархістам, было «залішне цяжкім складам злачынства», а прызначанае пакаранне з'яўляецца празмерным і не абгрунтаванае грамадскай небяспекай здзейсненага.

«Ацэньваючы паказаную справу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў ёй палітычнага матыву пераследу абвінавачаных — рэальныя падставы непрымальных у дэмакратычным грамадстве дзеянняў ці бяздзейнасці праваахоўных і судовых органаў, іншых суб'ектаў уладных паўнамоцтваў, накіраваных на дасягненне мэты ўмацавання або ўтрымання ўлады суб'ектамі ўладных паўнамоцтваў», — гаворыцца ў заяве.

«Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед Дзмітрыя Дубоўскага, Ігара Аліневіча, Сяргея Раманава і Дзмітрыя Рэзановіча з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі», — канстатуецца ў дакуменце.