Студэнта БДУІР Івана Ніканава пакаралі трыма гадамі абмежавання волі
Крымінальную справу супраць Івана Ніканава распачалі за ўдзел у акцыі пратэсту 25 кастрычніка 2020 года, нагадваюць праваабаронцы. Сёння, 22 снежня, хлопца асудзілі на тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).
У Ленінскім судзе Мінска 22 снежня вынесены прысуд па крымінальнай справе студэнта БДУІР, палітвязня Івана Ніканава. Яго абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч. 1 артыкула 342 КК РБ).
Іван Ніканаў — студэнт БДУІР. Ён быў затрыманы 12 кастрычніка 2021 года ў межах крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справа была заведзеная на Івана за яго ўдзел у акцыі пратэсту 25 кастрычніка 2020 года.
Да суда Ніканаў утрымліваўся ў СІЗА №1 Мінска.
На першым судовым пасяджэнні 20 снежня былі вывучаныя пісьмовыя матэрыялы справы, адбыліся судовыя спрэчкі.
Дзяржабвінаваўца запрасіў тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”).
Суд згадзіўся з абвінавачваннем і прызначыў Ніканаву пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Іван Ніканаў вызвалены ў зале суда да накіравання ў месца адбывання пакарання.