Пераслед 20 снежня: затрымалі групу салігорскіх «партызанаў», студэнта судзяць за леташні марш
Беларусаў працягваюць пераследаваць за грамадзянскую пазіцыю. Свабода збірае інфармацыю пра суды, выракі арышты і ператрусы.
Сілавікі затрымалі групу салігорскіх «партызанаў»
Як паведаміла мінская абласная міліцыя, сярод затрыманых 42-гадовы мужчына, ягоная 39-гадовая жонка і іх 40-гадовы знаёмы. Яны распаўсюджвалі ўлёткі (раскідвалі іх у паштовыя скрыні) і наносілі на будынкі надпісы «пратэставага характару» («Свабоду палітвязням!» і іншыя). Затрыманне праводзілі супрацоўнікі Салігорскага РАУС і аператыўнікі ГУБАЗіК.
Супраць мужа і жонкі завялі крымінальныя справы за «апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці», а таксама за «паклёп» у адрас Лукашэнкі. Паведамляецца, што «дзеянням двух іншых фігурантаў даецца прававая ацэнка». Усяго затрымалі чатырох чалавек.
Студэнта судзяць за леташні марш
20 снежня ў судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы студэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Івана Ніканава.
Палітвязня абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).
Крымінальную справу супраць маладога чалавека пачалі за ўдзел у акцыі пратэсту 25 кастрычніка 2020 года.
Івана Ніканава затрымалі сёлета 12 кастрычніка, ён утрымліваецца ў СІЗА № 1 Мінска. Праваабаронцы прызналі студэнта палітычным зняволеным.