У Мінску пачаўся суд над расіянінам Ягорам Дуднікавым (дапоўнена)

20 снежня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс па справе 21-гадовага расіяніна Ягора Дуднікава. Справу разглядае суддзя Сяргей Хрыпач. Пасяджэнне зрабілі закрытым, паведамляюць праваабаронцы.

Ягор Дуднікаў

Ягор Дуднікаў

Ягора Дуднікава затрымалі 4 траўня, моцна збілі і катавалі, пра што ён сам распавёў праз адваката. Сем месяцаў хлопца утрымлівалі ў СІЗА па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса праз тое, што ён агучваў відэаролікі і аўдыёпаведамленні ў тэлеграм-канале "ОГСБ". Але канчатковае абвінавачанне Ягору выставілі зусім па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса — ч. 3 арт. 130 (распальванне варожасці) і ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі). Цяпер яму пагражае да 12 гадоў зняволення. Справу палітвязня разглядае суддзя Сяргей Хрыпач. Але па хадайніцтве пракурора суд адразу зрабілі закрытым. Прычыны — "выключэнне распаўсюджвання экстрэмісцкай прадукцыі" і "абарона спецыяліста Князева".
Згодна з матэрыяламі справы, Дуднікаў з 19 студзеня па 21 траўня гэтага года размясціў у адным з чатаў 55 агучаных ім галасавых паведамленняў заахвочвальнага характару з "мэтай нагнятання напружанасці і канфліктнасці ў грамадстве і дзяржаве".
На думку абвінавачання, паведамленні распальвалі сацыяльную варожасць і розніцу па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці, фармавалі адмоўны вобраз прадстаўнікоў улады і непрыязнасць да іх, заклікалі да захопу ўлады і іншых дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы.
Раней паведамлялася, што ў дачыненні да Дуднікава была распачата справа за агучванне пратэсных ролікаў.