Эдуард Бабарыка — падазраваны па новай крымінальнай справе

Эдуард Бабарыка з'яўляецца падазраваным па новай крымінальнай справе — у выпадку прад'яўлення абвінавачання яму можа пагражаць да 20 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Эдуард Бабарыка

Эдуард Бабарыка

Паводле папярэдняй інфармацыі, сын Віктара Бабарыкі не выйшаў на волю пасля заканчэння 18 месяцаў утрымання пад вартай па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, бо цяпер Эдуард з'яўляецца падазраваным па новай крымінальнай справе.
У чым падазраецца Эдуард Бабарыка:

  •  артыкул 130 частка 3 Крымінальнага кодэкса Беларусі: распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці (да 12 гадоў пазбаўлення волі);
  • Артыкул 293 частка 1 Крымінальнага кодэкса Беларусі: арганізацыя масавых беспарадкаў (да 15 гадоў пазбаўлення волі).


У сувязі з тым, што арганізацыя масавых беспарадкаў з'яўляецца асабліва цяжкім складам, у выпадку прад'яўлення абвінавачання па сукупнасці злачынстваў Эдуарду можа пагражаць да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Па інфармацыі канала, абвінавачанне Эдуарду Бабарыку яшчэ не прад'яўлена. Калі абвінавачанне не будзе прад'яўлена на працягу 10 дзён з моманту новага фактычнага затрымання, Эдуард мусіць быць адпушчаны.
Упершыню Эдуарда затрымалі 18 чэрвеня 2020 года. Паўгода ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Цяпер Эдуард знаходзіцца ў СІЗА-1 г. Мінска на вул. Валадарскага.