Блогерцы Вользе Такарчук прысудзілі паўтара года калоніі
Суд Заводскага раёна Мінска ў панядзелак, 20 снежня, вынес прысуд палітычнай зняволенай блогерцы Вользе Такарчук, паведамляюць праваабаронцы.
Яе абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт 342 КК), паклёпе (арт. 188 КК) і абразе суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя (арт.391 КК).
Справу разглядала суддзя Алена Капцэвіч.
Вольгу Такарчук затрымлівалі некалькі разоў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. 19 траўня 2021 года ў кватэру, дзе яна жыве з мужам і двума непаўналетнімі дзецьмі, прыйшлі з ператрусам. На той момант яна ўжо была ў статусе падазраванай па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу (абраза суддзі і паклёп у дачыненні да супрацоўніка выбарчай камісіі — ч. 1 арт. 391 і арт. 188 КК).
Пасля апошняга затрымання Вользе дадалі новае абвінавачванне: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх (ч. 1 арт. 342 артыкул КК).
Яна была змешчаная да суда пад варту і ўтрымлівалася спачатку ў турме ў Жодзіна, затым у СІЗА №1 Мінска.
Блогерку абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту 30 жніўня, 20 верасня і 1 лістапада 2020 года, а таксама ў вырабе і размяшчэнні відэароліка, «які змяшчае ілжывыя звесткі, што не адпавядаюць рэчаіснасці ў дачыненні да сацыяльнага педагога адной з гімназій у Брэсцкай вобласці і ў абразах у адрас суддзі суда Першамайскага раёна Мінска.
20 снежня суддзя Капцэвіч абвясціла прысуд: пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год і 6 месяцаў у калоніі агульнага рэжыму.