«Мы не гатовыя браць на сябе адказнасць казаць чалавеку, што ён не мае права на абарону»

На сёння фактычная колькасць палітвязняў з’яўляецца дыскусійным пытаннем сярод правабаронцаў. Існуюць як мінімум два спісы тых, хто сядзіць у беларускіх вязніцах праз палітычны пераслед, і два прынцыпова розныя падыходы да працэдуры прызнання асобы палітвязнем. У экспертна-аналітычнай дыскусіі прынялі ўдзел прадстаўнікі абодвух падыходаў.

СІЗА на Валадарскага ў Мінску. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

СІЗА на Валадарскага ў Мінску. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«Класічную» мадэль працэдуры прызначачэння статуса палітвязня прадставілі старшыня «Беларускага Хельсінскага камітэта» Алег Гулак і юрыст, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Пераглядзець дзеючую працэдуру і пашырыць спіс палітычных зняволеных прапанаваў заснавальнік ініцыятывы дапамогі палітычным вязням Dissidentby.com Вячаслаў Касінераў.  

Хто прымае рашэнні аб прызнанні асоб палітвязнямі?

Відавочна, канчатковае рашэнне прымаюць праваабаронцы. Але, як заўважыў Алег Гулак, «ніхто нікому не выдае пасведчанне праваабаронца, такім чынам, ім можа назваць сябе любы чалавек». У той жа час, існуе кааліцыя праваабарончых арганізацый, якія метадам галасавання прымаюць рашэнне аб тым, ці можа чалавек атрымаць статус палітвязня. У гэтую кааліцыю ўваходзяць арганізацыі, якія падзяляюць прынцыпы дакумента «Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», прынятага ў кастрычніцу 2013 года на Беларускім праваахоўчым форуме ў Вільні. Каб распрацаваць і карэктна сфармуляваць крытэрыі, па якіх асоба можа быць прызнаная палітычным вязнем, міжнародная каманда парваабаронцаў працавала больш за год. Гэты дакумент публічны, праглядзець яго можна на сайтах праваабарончых арганізацый. Ёсць і альтэрнатыўная, адносна маладая праваабарончая кааліцыя, якая настойвае на істотных зменах у дакуменце і прапануе пашыраны спіс палітычных зняволеных.

Што не так з дзеючай працэдурай прызнання?

Вячаслаў Касінераў лічыць, што крытэрыі, па якіх людзі ў Беларусі сёння прызнаюцца альбо не прызнаюцца палітычнымі зняволенымі, больш не актуальныя. «Улада робіць высновы, навучаецца рабіць правакацыі, у выніку якіх людзям даюць артыкулы, звязаныя з дзеяннямі, што пазбаўляюць іх магчымасці атрымаць статус палітвязня. Такіх прыкладаў шмат», — падкрэслівае ён.


«Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены» уключае ў сябе наступныя пункты.
Палітычным зняволеным не прызнаецца асоба, якая:

  •  здзейсніла гвалтоўнае правапарушэнне супраць асобы за выключэннем выпадкаў неабходнай абароны або крайняй неабходнасці;

  •  здзейсніла злачынства супраць асобы або маёмасці на глебе нянавісці альбо заклікала да гвалтоўных дзеянняў па нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай або іншых прыкметах.

Алег Агееў падкрэслівае:
«Гэта не абсалютнае правіла, з яго ёсць выключэнні, калі можна ставіць пытанне пра неабходную абарону. Але ў такіх выпадках ёсць патрэба ў пільным разглядзе дэталей падзей, калі гэта магчыма. Таму мой падыход — з разуменнем аднасіцца да таго, што не ўсе адразу могуць быць прызнаныя палітычнымі вязнямі».

Алег Агееў, архіўнае фота Радыё Свабода

Алег Агееў, архіўнае фота Радыё Свабода


Па меркаванні Вячаслава Касінерава, у сітуацыі поўнага прававога калапса і ва ўмовах дзеяння рэпрэсіўнай машыны, фармулёўкі адносна гвалтоўных дзеянняў павінны быць перагледжанымі:
«Вельмі істотна ўлічваць тое, што кожны чалавек мае права на ахову свайго жыцця і жыцця сваіх блізкіх. Таму нашыя спісы ўключаюць у сябе і тых людзей, якія дазволілі сабе вольнасць паспрабаваць супрацьстаяць гвалту, катаванням і забойствам з боку прадстаўнікоў нелегітымнай, нікім не прызнанай улады.
Раней чалавек, які трапляў у беларускую вязніцу, мог разлічваць, што яго наўрад ці заб’юць ці згвалтуюць, а зараз людзі разумеюць, што ім пагражае не толькі зняволенне, але ўвесь пералік жудасных дзеянняў сярэднявечнага фармата.

Вячаслаў Касінераў, фота з сацсетак

Вячаслаў Касінераў, фота з сацсетак

Кожны чалавек, да якога грукаюцца ў дзверы альбо за якім бягуць па вуліцы людзі без формы, без аніякіх апазнавальных знакаў, ведае, што з ім будзе далей, ён бачыў жудасныя кадры і разумее, што яго можа чакаць. Мы не гатовыя браць на сябе адказнасць казаць яму, што ён не мае права на абарону, ахову свайго жыцця. У Беларусі няма ніводнай справы, каб у судзе разглядалася дапусцімая самаабарона. Любая падобная крыміналіная справа трактуецца выключна як напад на супрацоўніка міліцыі, у той час як гвалт з боку прадстаўнікоў сілавых структур стаў для нас нарматыўнасцю.
Пры нармальнай, дэмакратычнай уладзе, мы будзем разбірацца, наколькі адэкватнымі былі дзеянні людзей пры абароне, але пакуль чалавек знаходзіцца за кратамі, сыходзячы з прынцыпаў гуманізма, мы жадаем, каб гэты чалавек быў як мінімум забяспечаны гуманітарнай, медыцынскай дапамогай, базавымі рэчамі, на якія ўплывае статус палітвязня».


З апошняй заўвагай Алег Гулак не згодны:
«Я лічу, што дапамога вязням не звязаная са статусам палітычнага знаяволенага. У дапамозе маюць патрэбу ўсе людзі, якіх катуюць. Надаваць больш увагі палітвязням — на мой погляд, няправільны шлях.
Ведаеце, дыскусія пра смяротнае пакаранне часта даходзіць да таго, што калі вы супраць смяротнага пакарання, тады вы ўвогуле апраўдваеце злачынствы. Дык вось, калі мы не называем людзей палітвязнямі, гэта не значыць, што мы апраўдваем недапушчальная ўмовы іх утрымання, несправядлівыя пакаранні альбо адмаўляем ім у абароне. У такіх выпадках мы, праваабаронцы, таксама робім усё, што ад нас залежыць, проста не называем вязняў палітычнымі зняволенымі. Такое прызнанне — не адзіны і не галоўны магчымы інструмент дапамогі, для вырашэння праблемаў існуе яшчэ шмат іншых інструментаў».
Чаму кааліцыя праваабарончых арганізацый не пагаджаецца з прапановамі Вячаслава Касінерава?
Алег Агееў лічыць, што ўніверсальнасць дзеючых крытэрыяў прызняння асобы палітвязнем для розных краін, дзе мае месца палітычна матываваны пераслед — неабходная ўмова іх правамернасці. «Гэта дазваляе праваабаронцам дакладна вызначыць, што маецца на ўвазе пад паняццем «палітычны вязень», — падкрэслівае юрыст.

Алег Гулак, скрыншот з відэа

Алег Гулак, скрыншот з відэа


Такое меркаванне падзяляе Алег Гулак, які прымаў удзел у распрацоўцы дзеючых крытэтыяў:
«Калі мы прадэманстратуем тое, што прымаем рашэнне аб прызначэнні статуса палітвязня без патрэбнага аналізу, без скрупулёзнага ўліку абставінаў, больш за тое, калі мы пачнем прымяняць не толькі прэзумпцыю невінаватасці ў дачыненні да абвінавачаных дзяржавай, але і прэзумпцыю вінаватасці ў дачыненні да дзяржавы і пераследнікаў, тады гэта істотна падарве давер праваабаронцаў.
Палітвязень — не юрыдычны статус. Гэта паняцце, якое паважаюць альбо не паважаюць, і яно працуе ці не працуе выключна сыходзячы з гэтых крытэрыяў. То-бок каштоўнасць прызнання палітвязнем базуецца выключна на аўтарытэтнасці такога прызнання, якая складаецца з мноства фактараў. Страціць аўтарытэт і размыць сэнсы не складана, а заваяваць іх даволі няпроста. Таму я не бачу сэнсу ў зменах, паколькі дзеючая працэдура працуе добра».
Такім чынам, пытанне супрацьстаяння гвалту з боку зняволеных і з’яўляецца прычынай існавання двух розных спісаў палітычных зняволеных, у андым з якіх на сёння 927 чалавек, а ў іншым — 1563. Пры гэтым у навінавых каналах і ў прамовах прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці часцей за ўсё фігуруе меншая лічба.Гэта не першая дыскусія, скіраваная на тое, каб уніфікаваць падыходы да працэдуры прызнання асоб палітвязнямі, але пакуль несупадзенне па прынцыповых пытаннях не дазваляе гэтага зрабіць.