Аляксандр Кныровіч заклікае не пісаць доўгіх лістоў палітвязням на Новы год
Прадпрымальнік, ментар і інвестар Аляксандр Кныровіч, які адседзеў чатыры з паловай гады, заклікае не пісаць доўгіх лістоў палітвязням на Новы год. Бо ёсць вялікая верагоднасць, што яны не дойдуць да адрасата.
Пра гэта Кныровіч піша ў Facebook.
Жаданне павіншаваць асуджанага — зразумелае. Гэта падтрымлівае як таго, хто чытае, так і таго, хто піша. Гэта — гуманна і высакародна, вельмі годна, але! Ёсць вялікае АЛЕ!
У калоніі №3 — усяго два цэнзары, а часам — адзін. Усякае здараецца, ёсць хваробы, адпачынкі і іншыя непрыемнасці.
У нармальным рэжыме цэнзар чытае лісты за тыдзень.
Гэта азначае: вы адправілі ліст першага, ён у калоніі — трэцяга, але цэнзар яго трымае ў сябе — да дзясятага. Гэта — у рамках нормаў. Здаецца, што ў іх (па ўнутраных дакументах) абмежаванне — 10 дзён.
Што ж адбываецца, калі лістоў становіцца ў тры разы больш (як на НГ) і прачытаць іх немагчыма? Наймаюць дадатковыя сілы? Не. Расцягваюць працэс? Тым больш — не! Лісты проста аказваюцца ў сметніцы.
Па законе цэнзар павінен прачытаць, і ў выпадку выяўлення «крамолы» альбо замазаць яе і аддаць асуджанаму, альбо адправіць назад з указаннем прычыны.
Але для гэтага ж трэба прачытаць. А ён — не паспявае.
Таму лісты проста ляцяць у... мякка кажучы — у сметніцу.
Я такім чынам не атрымаў масу адпраўленых мне пазітыўных навагодніх эмоцый і, як мінімум, два вялікіх цёплых ліста ад сваіх блізкіх, у якіх дакладна не было нічога крымінальнага, нічога, што адрознівала б іх ад рэгулярных лістоў, акрамя навагодніх віншаванняў.
Такім чынам, лісты, адпраўленыя ад 20.12, маюць вялікі шанец проста загінуць у цемры.
Які выхад?
Пішыце паштоўкі — класічныя, без канвертаў. У іх — шанцаў у разы больш.
А лісты... Лісты варта адпраўляць недзе ад сёмага, дзясятага, калі спадзе ўвесь ажыятаж. А калі ўжо вельмі хочацца ці трэба — адпраўляйце заказныя, яны дакладна не знікнуць.