Вячаслаў Касінераў: Падыходы да прызнання людзей палітвязнямі састарэлі

Зняволеных па «палітычных» справах у Беларусі нашмат больш, чым прызнаных праваабаронцамі палітвязняў. Яшчэ летам Следчы камітэт паведаміў аб распачынанні амаль 5000 спраў у сувязі з пратэстамі. На дадзены момант у Беларусі — 884 палітвязні.

Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў Касінераў

Але ёсць альтэрнатыўны разлік. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» па стане на 22 лістапада — 1449 чалавек. Таксама далёка ад пяці тысяч, пазначаных сілавікамі, але амаль удвая больш, чым у праваабаронцаў.

У чым прычына такой разбежкі і чаму ў Беларусі састарэлі падыходы да крытэраў прызнання людзей палітвязнямі, распавёў «Еўрарадыё» актывіст «Dissidentby» Вячаслаў Касінераў.

— Крытэрыі прызнання людзей палітвязнямі былі аптымізаваныя праваабаронцамі ў краінах СНД яшчэ ў 2012-2013 гадах. На жаль, падыход да іх маральна састарэў. Гэта адбылося таму, што ўлада вельмі доўга і старанна выточвала і адпрацоўвала на актывістах розныя механізмы, якія дапамагалі ёй зляпіць у вачах грамадства з чалавека крымінальніка.

У той жа час яго пераслед відавочна тычыўся грамадзянскай пазіцыі і актыўнасці. Па выніку — артыкулы, па якіх абвінавачваецца чалавек, часцей за ўсё пастулююцца як хуліганства і да таго падобнае.

Ці магчыма абараняць сябе, ужываючы фізічную сілу ў выніку правакацый? Вось галоўнае пытанне, якое мы ўздымаем ужо шмат гадоў.

У якасці прыкладу прывяду кейс Дзмітрыя Паліенкі. Успомнім яго апошні крымінальны пераслед, калі ён быў вымушаны абараняць сябе з дапамогай газавага балончыка. У выніку на яго «навесілі» пяць крымінальных артыкулаў, чатыры з якіх былі выключна палітычныя.

З-за грамадскага рэзанансу Дзмітрый не атрымаў той жахлівы тэрмін, які яму запрошвалі, — шэсць гадоў калоніі строгага рэжыму. Але заўважым: ён так і не быў прызнаны палітвязнем праваабарончымі арганізацыямі, якія працуюць даўжэй за нас.


Яшчэ адзін кейс — Святаслава Барановіча, які абараняў людзей ад незразумелых мужчын спартыўнага целаскладу, што спынілі тралейбус недалёка ад плошчы Бангалор і, збіваючы пасажыраў, выцягваючы за валасы дзяўчынак, закідвалі іх у аўтобусы. Ён заступіўся: будучы баксёрам, даў камусьці па твары, што нармальна — прадухіляць нейкія дзеянні відавочна злачыннага характару, якія адбываюцца ў цябе на вачах. Як аказалася, гэта былі супрацоўнікі без формы, якія, не прадстаўляючыся, ужывалі непрапарцыйны гвалт. Святаслаў таксама не быў прызнаны палітвязнем.

— Ці правільна, што праваламі ў крытэрах у сваіх мэтах сёння карыстаецца ўлада?

— Больш правільна сказаць — не праваламі ў саміх крытэрах, таму што мы імі таксама карыстаемся, а падыходам да іх. Для захавання сваёй асобы і дзейнасці праваабаронцы ўжо шмат гадоў выкарыстоўваюць крытэр, што палітвязень — гэта адназначна той, хто не ўжываў ніякую сілу падчас сваіх палітычных маніфестацый, напрыклад, нават калі гаворка тычыцца самаабароны ці абароны тых, хто побач.

Калі раней улада лавіравала і спрабавала рабіць з актывістаў крымінальнікаў шляхам правакацый, цяпер гэта робіцца абсалютна адкрыта, ніхто не спрабуе лавіраваць перад Захадам. Але чамусьці праваабарончая супольнасць, якая працуе ў Беларусі даўно, працягвае выкарыстоўваць матэрыялы судоў, якія могуць быць заснаваныя на катавальных паказаннях і пагардзе ўсімі правамі і магчымасцямі зняволенага. Яны працягваюць гнуць сваю лінію і выкарыстоўваць падыход, пры якім, калі на чалавека напалі і ён кагосьці ў адказ штурхнуў, гэта ўжо можа быць прычынай не прызнаваць яго палітвязнем.

— Што можна зрабіць?

— Мы абралі і прапануем падтрымаць падыход з прэзумпцыяй невінаватасці. Улічваючы прававы калапс у Беларусі, мы заяўляем, што чалавек павінен быць прызнаны палітвязнем да таго часу, пакуль у выпадку якой-небудзь сітуацыі не будзе даказана, што ён сапраўды вінаваты ў рамках дэмакратычнага незалежнага судовага разбору ў адсутнасць рэпрэсіўных практык у дэмакратычнай краіне. Да гэтага моманту мы сцвярджаем, што гэты чалавек з'яўляецца палітвязнем.  

— Але тады палітвязнямі можна будзе назваць, напэўна, вельмі шмат людзей. На сёння ў вашых спісах ужо 1449 чалавек... Як вы даведваецеся пра іх?

— Спосабаў вельмі шмат: нам часта пішуць прадстаўнікі незалежных СМІ, распавядаюць, што пісалі пра нейкіх зняволеных, і даюць кантакты сваякоў. Мы камунікуем, думаем, чым дапамагчы. Навіны паведамляюць таксама людзі, якія выходзяць з-пад варты.

Даведваючыся пра тую ці іншую сітуацыі, мы пачынаем дабівацца, каб да зняволеных дапусцілі адвакатаў, якія змогуць атрымаць нейкую ўжо больш падрабязную інфармацыю ў межах справы. І тады ўжо глядзім, каго заносіць у спісы.

Таму мы ўжо мелі працоўныя схемы, як да каго звяртацца, пісаць, што рабіць далей. Я сам прайшоў палітычнае зняволенне, таму мы ведаем, як гэта працуе. Да 2020 года падышлі ў поўным узбраенні.

Галоўны наш прынцып — зрабіць такую сетку салідарнасці, у якую будзе так ці інакш уключаны кожны. Дадам, што ў нас няма аніякай жорсткай канфрантацыі з праваабаронцамі, якія прытрымліваюцца іншага падыходу. Мы так ці інакш абменьваемся інфармацыяй з усімі, хто ўцягнуты ў адвакацкую, матэрыяльную, інфармацыйную дапамогу людзям, пацярпелым ад палітычнага пераследу.

— Каб звярнуць увагу грамадскасці на поўную колькасць палітвязняў і пераследуемых па палітычных матывах беларусаў, вы выступаеце з заявай «Аб надзвычайнай палітычнай сітуацыі ў Беларусі і ліку палітычных зняволеных». Ці многія вас у гэтым падтрымалі?

— Мы нарэшце напісалі гэтую заяву, абгрунтавалі і выклалі. Працавалі вельмі сур'ёзна над ёю два месяцы. Першапачаткова нас падтрымала каля 12 арганізацый, цяпер — 41. Заява адкрытая, і да яе могуць далучацца ўсе, у тым ліку СМІ.

Мы пастаянна просім журналістаў агучваць вялікую колькасць зняволеных па палітычных матывах. Нават Следчы камітэт паведамляе пра тое, што было распачата амаль 5000 спраў, значыць, яны прызнаюць палітычны матыў. Чаму тады мы гаворым пра 883?

— Што вы думаеце рабіць, калі да ініцыятывы падключыцца яшчэ больш людзей? Ці ёсць нейкі глабальны план?

— Статус палітвязня — гэта вельмі важна. Скажу са свайго досведу: калі сядзіш і адміністрацыя ведае, што ты не звычайны зэк, а да цябе прыкаваная ўвага грамадскасці, тваё прозвішча дзесьці фігуруе, табе пішуць лісты і тваім лёсам цікавяцца, — катаваць цябе, закрываць у штрафным ізалятары, пазбаўляць перадач ужо проста так не атрымаецца.

Нават калі адміністрацыя знішчае лісты, яна іх бачыць. А калі гэтыя лісты яшчэ і з-за мяжы, іх пішуць палітыкі, начальніку будзе даволі страшна сказаць: «А прэсаніце таго зэка». Яны будуць акуратней.

Акрамя таго, калі адчыняецца кармушка ў камеры і ўсім прыходзіць па адным лісце, а табе пачак, на цябе па-іншаму пачынаюць глядзець нават зэкі: «Ага, гэта не такі просты хлопец ці дзяўчына, важны чалавек, які за нешта змагаецца». То-бок гэта выклікае павагу.

Калі мы гаворым пра перадачы, візіты адваката, матэрыяльную дапамогу — гэта вялікія грошы. Калі карміцель трапіў за краты — праблема для сям'і. Ніхто не будзе актыўна дапамагаць зняволеным па палітыцы, пакуль іх прозвішчы не фігуруюць у спісах палітвязняў.

Усе людзі, якія сядзяць па палітычных матывах, але не прызнаныя палітвязнямі, — проста нябачныя, і менавіта гэта нас больш за ўсё і злуе. Гэтых людзей як быццам не існуе, хоць яны зрабілі, магчыма, многае, змагаючыся за дэмакратыю.  

Дапусцім, мы гаворым пра якую-небудзь пазітыўную перспектыву змен у краіне. Атрымліваецца, што нейкая частка зняволеных выходзіць з турмы безумоўна, а іншая частка застаецца сядзець як злачынцы?

Вось такое пытанне мы заўсёды задаём сабе і тым праваабаронцам, якія сцвярджаюць, што частка людзей не з'яўляецца палітвязнямі. То-бок атрымліваецца, што той, хто, магчыма, па нейкай чалавечай памылцы не быў прызнаны палітвязнем, застаецца ў турме нават нягледзячы на тое, што ён змагаўся за лепшыя ідэалы.

Яшчэ адзін момант тычыцца змены жыхарства. Напрыклад, чалавек адседзеў і выходзіць з турмы, а на яго працягваецца ціск. Ён хоча з'ехаць. Калі ён выязджае, на ім вісіць крымінальны артыкул. Ён не палітвязень, таму не можа растлумачыць за мяжой, маўляў, ведаеце, а насамрэч я не злодзей і не забойца, а змагаўся за свабоду. Ён, атрымліваецца, проста крымінальнік.

То-бок тут з гэтым статусам узнікае вельмі шмат пытанняў. Мы хочам дапамагчы такім людзям, зрабіць іх бачнымі з дапамогай кааліцыі арганізацый, якія нас падтрымліваюць, — як для беларусаў так і для міжнароднай супольнасці.