«Атрымаў 10 тысяч лістоў!» Выйшаў на волю палітвязень Аляксей Раманаў, у якога анкалагічнае захворванне
23 лістапада з калоніі ў Глыбокім пасля адбыцця пакарання вызваліўся Аляксей Раманаў, паведамляе «Свабода».

Ён адбываў пакаранне за «абразу Лукашэнкі», мае
інваліднасць па анкалагічным захворванні.
«Усё слава Богу! Ставіліся да мяне ў калоніі добра. Са
здароўем таксама больш-менш. Еду дахаты. Я ў калоніі атрымаў за гэты час 10
тысяч лістоў! Гэта мяшок вялізны, на жаль, я столькі не мог забраць з сабой», —
распавёў па вызваленні Аляксей.
Аляксей Раманаў — жыхар Гомеля, як валанцёр ён працаваў у
камандзе Святланы Ціханоўскай, удзельнічаў у агітацыі. На пікеце ў Хойніках
Аляксей выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. Следства і суд трактавалі гэта як
«абразу прэзідэнта». На судзе Аляксей зазначыў, што прэзідэнта ён не абражаў, а
грамадзянін Лукашэнка для яго не прэзідэнт. Суд пакараў яго 1 годам
зняволення.
Адбываў пакаранне Аляксей Раманаў у калоніі ў Глыбокім. Там у яго адбыўся рэцыдыў хваробы. Ён лекаваўся ў рэспубліканскім турэмным шпіталі.