«Bild»: Мігранты, якім удалося трапіць у Польшчу, абвінавачваюць беларускіх сілавікоў у катаваннях

«Абвінавачванні дыктатара Лукашэнкі ў катаваннях гучаць усё гучней, — піша нямецкі таблоід «Bild». — За апошнія тыдні тысячы мігрантаў, уключаючы іракцаў, афганцаў і сірыйцаў, беглі з Беларусі праз мяжу ў Польшчу. Падазрона, што многім з іх пасля ўцёкаў прыйшлося звярнуцца ў бальніцу, некаторыя сур'ёзна параненыя».

756375669045530.jpg


Сільвія Жыль з гуманітарнай арганізацыі «Granica» сказала ў інтэрв'ю «Bild»: «Нам распавядаюць жудасныя гісторыі. Відаць, многіх мігрантаў у Беларусі падвяргаюць катаванням, польскія бальніцы запоўненыя параненымі».

Двое ўцекачоў распавялі «Bild» пра «зверствы, якія яны ніколі не забудуць».

«42-гадовы Мансур Н. — бацька сям'і з Алепа (Сірыя), праходзіў лячэнне ў бальніцы горада Бельск-Падляскі, недалёка ад мяжы. “Я двойчы спрабаваў перасячы мяжу з Польшчай, — распавёў ён. — Пры першай спробе польскія памежнікі адправілі нас назад. Беларускія жаўнеры перахапілі нас і збілі. Яны сказалі: “Калі не зможаце перайсці з другой спробы, мы вас заб'ём”».

«20-гадовы Аленд А. з Сулейманіі (Ірак) таксама распавёў пра катаванні. Ён ужо паспеў перасячы мяжу, як у нейкі момант польскія паліцэйскія высачылі яго і вярнулі ў Беларусь. “Калі мяне адправілі назад у Беларусь, салдаты Лукашэнкі знайшлі ў мяне польскія грошы. Яны прымусілі мяне праглынуць купюры. Яшчэ яны білі мяне па галаве і разбілі мой тэлефон. Яны нажніцамі зрэзалі з мяне адзенне”».

«Аленд А. цалкам знясілены. Паводле яго слоў, ён правёў у лесе агулам месяц. Яго другая спроба бегчы праз мяжу і праз польскую памежную зону, прадпрынятая некалькі дзён таму, была паспяховай. Цяпер ён разам з Мансурам Н. чакае ў польскім цэнтры для бежанцаў адабрэння свайго хадайніцтва аб прадастаўленні прытулку», — піша «Bild».

Паводле inopressa.ru, пераклад НЧ