Расійскі дэпутат прыехаў у «Брузгі» дапамагчы мігрантам. У выніку назваў іх халяўшчыкамі, якія пагражаюць Польшчы
22 лістапада на беларуска-польскую мяжу прыехаў расійскі дэпутат Віталь Мілонаў, вядомы сваімі зневажальнымі заявамі ў адрас прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. Ён заявіў, што гатовы дапамагць Беларусі ў забеспячэнні мігрантаў, якія захраслі на мяжы, піша «Наша Ніва». «Мы сабралі нешта, сёння перадамо, бо бачылі зусім маленькіх дзетак, якім патрэбная дапамога», — заявіў ён журналістам. А пасля падышоў да калючага дроту, дзе тон размовы з польскімі памежнікамі ў яго быў зусім іншым: мігрантаў ён назваў халяўшчыкамі і паабяцаў, што Польшчу чакаюць сур’ёзныя праблемы.
Выглядае, сваімі сіламі беларуская прапаганда з міграцыйным
крызісам не спраўляецца, пачалі падцягваць «неабыякавых расіян».
Віталь Мілонаў — дэпутат парламента ад «Адзінай Расіі»,
найбольш вядомы сваімі гамафобнымі і антызаходнімі заявамі і ініцыятывамі.
Учора ён прагуляўся па лесе побач з памежным пунктам «Брузгі», расказаў
журналістам на камеру, у якіх невыносных умовах тут даводзілася жыць мігрантам.
«Мы сабралі нешта, сёння перадамо, таму што бачылі зусім
маленькіх дзетак, якім патрэбная дапамога. І гатовыя таксама прымаць удзел
максімальна разам з беларускімі сябрамі, абмяркоўваць, як можам зрабіць жыццё
гэтых людзей, якія тут апынуліся не па нашай волі, не па нашым запрашэнні,
лягчэйшым», — цытуюць Мілонава «РИА Новости».
На гэтым яго экскурсія не скончылася, ён падышоў да
калючага дроту, за якім стаялі польскія памежнікі, і звярнуўся да іх. Рыторыка
была зусім іншай, мігрантаў ён ужо называў зусім інакш:
«Мігранты прыйдуць да вас з Захаду, з Германіі. Яны ўжо ўсе там. Яны будуць есці ваш хлеб, таму што вы халяўшчыкаў гэтых запрасілі, не мы. Гэта будзе ваша бяда. Вы сталі часткай Еўрапейскага Саюза — атрымлівайце. Яны прымусяць вас адмовіцца ад Хрыста, яны вас прымусяць прызнаць *** (нецэнзурнае ў значэнні гомасэксуалаў), аднаполыя шлюбы. Яны будуць забіраць вашых дзяцей і аддаваць аднаполым сем’ям. Вы хутка станеце горшымі за апошніх сектантаў, таму што для вас вера ў Хрыста стала менш важнай, чым заробак і абавязак выконваць інструкцыі нехрысцяў і садамітаў з Бруселя».
Адзначым, што Польшча — адна з самых рэлігійных краін у Еўропе, уплыў каталіцкай царквы на жыццё грамадства надзвычай высокі.
Пры падтрымцы каталіцкай царквы ў Польшчы, у прыватнасці, зрабілі больш жорсткай забарону на аборты. У гэтым плане і ў Расіі, і ў Беларусі законы куды больш ліберальныя.