Пад санкцыі ЕС трапяць турфірмы, якія дапамагаюць мігрантам на польска-беларускай мяжы

Еўрапейскі саюз прапануе ўнесці ў санкцыйны спіс турыстычныя кампаніі, якія спрыяюць патоку мігрантаў на мяжы Беларусі з Польшчай, паведаміла ў аўторак агенцтва «Bloomberg» са спасылкай на адпаведны дакумент.

89e114e4_0e73_408f_9650_34c9ce0a3cec_w1023_r1_s.jpg

«ЕС прапануе ўнесці ў "чорны спіс" турфірмы, якія дапамагаюць патоку мігрантаў», — інфармуе агенцтва.

Паводле яго звестак, Брусель збіраецца ўжо ў аўторак апублікаваць «прапанову, накіраваную на Беларусь».

Напярэдадні еўракамісар Олівер Вархеі заявіў, што ЕС вядзе працу над далейшымі спосабамі адказу на сітуацыю з мігрантамі на польска-беларускай мяжы і абвесціць пра іх на гэтым тыдні.

«Мы працуем над спосабамі актывізацыі нашага адказу мэтанакіраваным і эфектыўным чынам. Іх вам трэба чакаць ад нас на гэтым тыдні», — паведаміў Вархеі на супольнай прэс-канферэнцыі з канцлерам Аўстрыі Аляксандрам Шаленбергам і лідарам беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай.

ЕС раней мадыфікаваў санкцыйны рэжым супраць Беларусі, зрабіўшы магчымым увядзенне абмежаванняў у адказ на міграцыйны крызіс.

На мінулым тыдні кіраўнікі МЗС краін ЕС узгаднілі пяты пакет санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ў сувязі з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі з Польшчай.

Паводле «Свабоды».