Каранік хоча заходніх грошай на ўтрыманне мігрантаў у Беларусі

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік заявіў, што выдаткі на ўтрыманне мігрантаў павінны ўзяць на сябе міжнародныя грамадскія арганізацыі і партыі.

7a725f45_b937_49b6_bec7_47519d021334_cx10_cy13_cw68_w1023_r1_s.jpg


«Натуральна, усё будзе палічана і прад’яўлена. Экстранасць ужо прайшла, людзі знаходзяцца ў бяспечных умовах. Цяпер трэба шукаць рашэнне таго, каб яны трапілі туды, куды хочуць. Хто жадае вярнуцца дадому — калі ласка. Хто хоча падаць прашэнне на статус уцекача ў Еўрасаюзе — ён мае такое права. І выдаткі, звязаныя з тым, што нашы заходнія партнёры не зусім разумеюць, якім чынам наладзіць механізм рэалізацыі гэтых правоў, мусяць быць кампенсаваныя», — заявіў чыноўнік у эфіры дзяржаўнай тэлевізіі, перадае «Радыё Свабода».

Пры гэтым Каранік не назваў, колькі грошай выдаткоўваецца з дзяржаўнага бюджэту на ўтрыманне мігрантаў.

Раней Лукашэнка запатрабаваў, каб Германія «забрала» 2 тысячы мігрантаў, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі, але хочуць рухацца на Захад. І панаракаў, што ніхто ў Еўрасаюзе не хоча з ім на гэтую тэму размаўляць. Германія адмовілася забіраць 2 тысячы мігрантаў.