У Мазыры да пазбаўлення волі ў калоніі прысудзілі футбольных заўзятараў

Суд Мазырскага раёна 23 лістапада вынес прысуд па справе мясцовых футбольных заўзятараў Данііла Скіпальскага, Аляксандра Сузько, Паўла Дворака, Аляксандра Цімашэнкі і Кірыла Канапацкага, распавядае «Вясна».

mazyr_zatrymanni_2021.jpg

Іх абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх» (ч.1. арт 342 Крымінальнага кодэкса) і ў «гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» (арт. 364 КК РБ).

Справу разглядала суддзя Галіна Кніжонак, дзяржабвінавачванне прадстаўляла пракурорка Юлія Какорына.

На самым першым судовым пасяджэнні, якое адбылося яшчэ 30 верасня, па хадайніцтве дзяржабвінавачання працэс зрабілі закрытым для сваякоў, грамадскасці і журналістаў.

Беларускай праваабарончай супольнасцю трое з іх — Данііл Скіпальскі, Аляксандр Сузько і Павел Дворак — 18 траўня былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Пра 11 затрыманых у Мазыры 5 траўня паведаміла прэсавая служба МУС. Паводле версіі сілавікоў, 10 хлопцаў, якіх затрымалі 4 траўня з дапамогай ГУБАЗіКа і САХРа, бралі ўдзел у масавых беспарадках у жніўні 2020 года.

Агулам 4 траўня былі затрыманы 10 ўдзельнікаў «каляфутбольнай групоўкі праварадыкальнай накіраванасці». Прэсавая служба ГУУС Гомельскага аблвыканкама ў сваім відэа заявіла, што ўсе яны 11 жніўня 2020 года выкарыстоўвалі супраць міліцыянтаў газавыя балончыкі, кідалі ў іх камяні.

Вядома таксама, што траіх жыхароў Мазыра, абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках у жніўні 2020 года, вызвалілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. З-за кратаў тады выйшлі Вадзім Свінціцкі, Сяргей Годнеў і Уладзімір Панфіленка. Яны дагэтуль застаюцца падазраванымі па справе.

Афіцыйная версія падзей

Паводле слоў былой прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай, устаноўлена, што ўвечары 11 жніўня на бульвары Юнацтва агрэсіўна настроеныя асобы распылялі ў праваахоўнікаў газавыя балончыкі, кідалі ў іх камяні. У выніку адзін супрацоўнік пацярпеў, а службовыя аўтамабілі аказаліся пашкоджанымі. Спыняць парушальнікаў прыйшлося папераджальнымі стрэламі ў паветра.

«Вядома, што дзесяць фігурантаў (ад 18 да 27 гадоў) уваходзяць або раней уваходзілі ў мясцовую каляфутбольную групоўку праварадыкальнай накіраванасці. Шасцёра з іх беспрацоўныя, яшчэ чацвёра судзімыя за крадзяжы, рабаванні, хуліганства і ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу. Аднаму з падазраваных 54 гады, ён не ўваходзіць у групоўку», — распавяла прэс-сакратарка.

Што вядома пра абвінавачаных?

Данііл Алегавіч Скіпальскі — жыхар Мазыра, футбольны фанат, затрыманы 4 траўня з дапамогай ГУБАЗіКа і САХРа. Яму прад'яўлена абвінавачанне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаць грамадскі парадак»). Гэтая крымінальная справа распачатая за акцыі пратэсту, якія адбываліся ў горадзе ў жніўні 2020 года пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Данііл узяты пад варту і да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №3 Гомеля.

Павел Міхайлавіч Дворак — футбольны фанат, сябраваў з астатнімі затрыманымі. Пасля затрымання 4 траўня было прад'яўленае абвінавачанне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаць грамадскі парадак»). Утрымліваўся ў СІЗА №3 Гомеля.

Аляксандр Сузько — таксама з Мазыра і заўзеў за ФК «Славія». Быў затрыманы 4 траўня з дапамогай ГУБАЗіКа і САХРа.

Інфармацыя пра іншых асуджаных высвятляецца.

12 лістапада «Палеская Вясна» паведаміла, што прадстаўнік дзяржабвінавачвання Юлія Какорына прапанавала суду вынесці ўсім абвінавачаным пакаранне, звязанае з паўбаўленнем волі: па тры гады калоніі агульнага рэжыму. Таксама маладзёны павінны будуць выплаціць матэрыяльную кампенсацыю начальніку аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Валянціну Пілеру, прызнанаму па справе пацярпелым, па 3000 рублёў кожны.

Прысуд вынесены прадказальна жорсткі: суддзя Галіна Кніжонак пакарала Данііла Скіпальскага, Аляксандра Сузько, Паўла Дворака, Аляксандра Цімашэнку пазбаўленнем волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму, Кірыла Канапацкага — пазбаўленнем волі на тры гады і шэсць месяцаў.

Матэрыяльная кампенсацыя пацярпеламу начальніку аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Валянціну Пілеру зменшаная да 1500 рублёў з кожнага асуджанага.