Маці палітвязня Сяргея Спарыша расказала пра першыя чатыры месяцы сына ў калоніі
Паплечнік Мікалая Статкевіча па «Народнай грамадзе» Сяргей Спарыш з канца жніўня адбывае пакаранне ў калоніі «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі. Сяргей Спарыш асуджаны на 6 гадоў зняволення, за кратамі яму яшчэ давядзецца адбыць больш за 4 гады, піша Радыё Свабода.
Жанна Чыстая, маці палітвязня, тлумачыць, чаму атрымалася меней за 6 гадоў.
«На яго бірцы напісана, што выхад на волю ў яго 09.07.2026. Гэта яшчэ праз 4 гады і амаль 7 месяцаў, а затрымалі яго ў чэрвені 2020-га. Атрымліваецца агулам меней за 6 гадоў, бо кожны дзень у следчым ізалятары залічылі за паўтара дня».
9 снежня маці Сяргея Спарыша ездзіла ў калонію на першае доўгатэрміновае спатканне з сынам.
«Значна схуднеў, гэта заўважна, але па-ранейшаму такі ж жвавы і аптымістычны, усіх нас, хто на волі, падтрымлівае. Калі ўсміхаецца, заўважыла, што ў роце паменела зубоў — то-бок як выйдзе, давядзецца звярнуцца да стаматолага. Але сам на стан здароўя не скардзіцца. Наракае толькі на тое, што не можа дастаць тых кніг, якімі цікавіцца. Але працягвае шмат чытаць і нешта піша. Ня ведаю дакладна, хутчэй за ўсё, піша нейкую філасофскую працу», — расказала Жанна Чыстая.
Сяргей Спарыш скончыў Гродзенскі музычны каледж па спецыяльнасці «музыказнаўца», вучыўся ў Акадэміі музыкі на кампазітара, пісаў, паводле педагогаў, таленавітыя музычныя творы, але сышоў з акадэміі і ў апошнія гады працаваў на МЗКЦ зваршчыкам. У гэты час Сяргей уцягнуўся ў палітычную барацьбу, стаў намеснікам старшыні незарэгістраванай апазіцыйнай партыі «Народная грамада». Шмат гадоў Сяргей захапляецца філасофіяй і нават у зняволенні працягвае вывучаць гэтую навуку. Але ў турэмнай бібліятэцы філасофскіх кніг фактычна няма, і палітвязень залежыць ад таго, ці перададуць яму гэтыя кнігі з волі.
«Ён даслаў нам велізарны спіс кніг па філасофіі, якія хацеў бы атрымаць, але перадаць большасць з іх немагчыма. Гэтыя кнігі чакаюць яго дома. Змаглі перадаць усяго некалькі кніг, і ўсё спынілася. Там з гэтым складана. На спатканні Сяргей расказваў, як забралі томік нямецкага філосафа Канта і спалілі ў топцы. Дык што пасля гэтага казаць? Там шмат чаго адбываецца такога, пра што я і расказаць не магу. Але ён трымаецца і не падае духам», — расказала маці палітвязня.
«Тым, хто працуе, выдаюць масла»
Паводле Жанны Чыстай, у калоніі яе сын пачаў вучыцца на майстра дрэваапрацоўкі. Маці ведае, што вучоба працягнецца да сярэдзіны будучага года, пасля гэтага Сяргей зможа працаваць на вытворчасці, якая ёсць у калоніі. Яшчэ ёй вядома, што той, хто працуе, мае невялікія плюсы.
«Расказваў з жартам, што тым, хто працуе, даюць масла і ўвогуле харчаванне крыху лепшае. А яшчэ там масла можна выменяць на цыгарэты. Таму ён, хоць сам не курыць, просіць перадаваць яму цыгарэты, „Winston“ менавіта. Гэта для іх як валюта», — мяркуе Жанна Чыстая пра парадкі ў калоніі № 22 пад Івацэвічамі.
У траўні Сяргея Спарыша судзілі ў Мінскім абласным судзе разам з блогерамі тэлеграм-каналу «Армія з народам». Суд прызнаў Спарыша вінаватым у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў стварэнні перашкод Цэнтравыбаркаму. Як і іншыя палітвязні, яшчэ ў Мінскім СІЗА на Валадарскага Сяргей Спарыш быў прызнаны схільным да экстрэмізму, і таму цяпер у калоніі на яго вопратцы — адмысловая пазнака.
«У яго на грудзях такі жоўты трохкутнік. Бачыла такія ж трохкутнікі ў хлопцаў, якія, як і мы, жылі ў пакоях для спатканняў са сваякамі. Добрыя, спакойныя хлопцы. Такія ж палітвязні, як Сяргей. Канечне, былі там і вязні крымінальнага выгляду, яшчэ ёсць былыя наркаманы. Там розныя людзі», — расказвае пра наведванне калоніі «Воўчыя норы» Жанна Чыстая. Паводле жанчыны, як схільны да экстрэмізму яе сын мусіць на кожнай пераклічцы называць артыкулы, па якіх ён асуджаны, таксама да яго асаблівая ўвага ў казарме і на тэрыторыі.
«Ужо атрымаў адно спагнанне за тое, што нібыта не заўважыў і не павітаў супрацоўніка адміністрацыі. На першы раз толькі пісьмовая заўвага, але калі будзе больш спагнанняў, дык могуць і ў карцар пасадзіць ці пазбавіць пасылкі альбо спаткання. Але ёсць і моманты, якія радуюць. Нядаўна дазволілі тэлефанаванні, наступнае атрымае ў 20-х чыслах снежня. Ужо чакаю званка», — расказала Жанна Чыстая.
Маці Сяргея Спарыша не ведае, ці дайшлі ўжо да сына звесткі пра тое, што яго паплечнік Мікалай Статкевіч асуджаны на 14 год зняволення ва ўмовах асаблівага рэжыму. Але яна мяркуе, што і да калоній такія навіны даходзяць хутка, і неўзабаве яе сын уведае пра прысуд фігурантам «справы Ціханоўскага».
«Але Сяргей не думае, што палітвязні будуць у зняволенні тыя тэрміны, якія ім далі суды. Гэтак ён думае не толькі пра сябе», — кажа маці Сяргея Спарыша.
Сяргею Спарышу 36 гадоў. Ён добра ведае ангельскую і польскую мовы, вывучае іспанскую і нямецкую. Калі Сяргей Спарыш сядзеў у «Валадарцы», ён на нямецкай мове напісаў верш, прысвечаны ўсім, каго пераследуюць. (Пераклад на расійскую мову — Сяргеевай жонкі Вікторыі Спарыш):
GeschwisterEin Blut,Ein SeeleEin Geist.Wir sind Bruder und Schwesterfür dieser Tag und für die Ewigkeit.Wir sind Bruder und Schwesterfür dieser Welt und für alle anderen,ob sie existieren,oder nicht.Ein Blut,Ein Seele,Ein Geist,Ein Glut,Ein Ehreund einzige treue reine Mut.
Братья и сёстрыОдна кровь,Одна душа,Один разум.Мы братья и сёстрыВ этот день и навечно,Для этого мира и для всех остальных,Существуют они или нет.Одна кровь,Одна душа,Один разум,Одно пламя и честь.И только настоящее, чистое мужество.