«Разлічваў на давер гледачоў да мастака». Справа Алеся Пушкіна накіравана пракурору
Следчы камітэт завяршыў расследаванне справы ў дачыненні да мастака Алеся Пушкіна. Яму прад'яўлены абвінавачванні па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб) і арт. 370 (здзек над дзяржаўнымі сімваламі). Справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.
![screenshot_5_4.jpg screenshot_5_4.jpg](/img/v1/images/screenshot_5_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Падчас расследавання справы следчыя апыталі ў тым ліку сведак злачынстваў памагатых фашыстаў, даследавалі архівы крымінальных спраў 1940-50-х гадоў, далучылі да справы больш за 40 экспертных даследаванняў, піша REFORM.by са спасылкай на Следчы камітэт.
Як паведамляе СК, Пушкін «выконваў і размяшчаў у адкрытым доступе партрэты памагатых нацысцкіх злачынцаў у вобразе беларускіх патрыётаў і гераічных асоб», у прыватнасці, Міхаіла Вітушкі і Усевалада Радзько.
«А. Пушкін разлічваў на давер гледачоў да мастака, тым самым паспрабаваў аддаць забыццю ўрокі разбуральнай вайны, цынічна сказіўшы яе маральныя і прававыя вынікі, паставіў на адзін узровень сапраўдных герояў і здраднікаў, а таксама падвергнуў сумневу рашэння Міжнароднага ваеннага трыбунала, якія не маюць тэрміну даўнасці» — гаворыцца ў паведамленні СК.
Таксама на выставе ў Гродне Пушкін прадэманстраваў партрэт Яўгена Жыхара, «які з 1946 года ўзначаліў атрад з былых паліцаяў і іншых здраднікаў».
СК таксама не забыўся на перфоманс Пушкіна пад назвай «Падарунак прэзідэнту». Следчыя ўстанавілі, што Пушкін у змове з удзельнікамі дэструктыўных супольнасцяў здзекваўся над дзяржаўным сімваламі ў Беларусі, а затым на пастаяннай аснове ўдзельнічаў у незаконных акцыях і здзеках над дзяржсімваламі на тэрыторыі Украіны.
СК звяртае ўвагу, што Пушкін неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, пачынаючы з 1989 года здзяйсняў дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю нацызму.
Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка 2021 года. Ён прызнаны палітвязнем.