Маці Рамана Пратасевіча: сын не пісаў прашэнне аб памілаванні

Раман Пратасевіч не пісаў на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Пра гэта яго маці Наталля расказала ў каментары блогу «Адлюстраванне».

pratasievicz_2112.jpg


Па яе словах, стан у Пратасевіча прыгнечаны. «Калі ёсць Інтэрнэт, ён можа нешта паглядзець у тэлефоне, а так чытае. Кажа: "Проста пражываю дні"», — цытуе жанчыну Еўрарадыё.

Сафія Сапега, якую разам з Пратасевічам знялі з борта самалёта Ryanair, напісала прашэнне аб памілаванні.

«Я так разумею, яму нават не прапаноўвалі гэта зрабіць. Прынамсі, ён пра гэта не казаў», — кажа маці Пратасевіча. Яна дадае, што падтрымала б сына, калі б ён напісаў такое прашэнне, і разлічвае на разуменне з боку іншых бацькоў.

Нагадаем, у канцы траўня пасля фальшывага паведамлення аб небяспецы ў Мінску быў прымусова пасаджаны рэйс Ryanair Афіны-Вільня. Пасля пасадкі ў аэрапорце беларускай сталіцы былі затрыманыя Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега. Яны сталі фігурантамі крымінальных спраў. Соф'і Сапега прад'яўлена канчатковае абвінавачанне.

Пасадка самалёта выклікала рэзкую рэакцыю ў Еўрасаюзе. У дачыненні да Беларусі былі ўведзеныя санкцыі. Для айчынных перавозчыкаў было закрыта неба ЕС, а таксама некаторых іншых краін. Еўрапейскія кампаніі сталі аблятаць Беларусь.

8 снежня газета The New York Times са спасылкай на крыніцы і прадстаўніка польскай службы бяспекі Станіслава Жарына паведаміла, што дыспетчар, які ўцёк гэтым летам у Польшчу, распавёў пра падрабязнасці інцыдэнту з самалётам Ryanair. Па словах суразмоўцаў выдання, ён заявіў, што пагроза выбуху на борце лайнера была загадзя ілжывай, а экстраная пасадка — аперацыяй па злове Пратасевіча, арганізаванай беларускай спецслужбай.

На наступны дзень Польшча апублікавала запіс перамоў дыспетчара мінскага аэрапорта і пілота лайнера Ryanair. На ёй чуваць, што дыспетчар і пілот размаўляюць па-англійску, аднак падчас перамоваў супрацоўніка мінскага аэрапорта па-руску кансультуе старонняя асоба — супрацоўнік КДБ.