Крэмль: пераслед расійцаў у Беларусі выклікае занепакоенасць

У Крамлі заявілі, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сочыць за лёсам расійскіх грамадзян, якія апынуліся пад судом ці следствам у Беларусі.

62fefd20_2e81_4487_972e_e62d2e39c228_w1023_r1_s.jpg


На пытанне журналістаў, ці турбуе прэзідэнта РФ лёс расійцаў, якіх прыцягваюць да крымінальнай адказнасці ў Беларусі, прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў адказаў: «Судовы ці іншы пераслед любога расійскага грамадзяніна за мяжой — гэта пытанне, якое выклікае нашу занепакоенасць», перадае Радыё Свабода са спасылкай на Інтэрфакс.

«Лёсам любога расійскага грамадзяніна, які пераследуецца за мяжой, займаецца расійскі бок праз нашыя замежныя прадстаўніцтвы. Усё, што можна, робіцца для абароны інтарэсаў нашых грамадзянаў», — адзначыў Пяскоў.

На дадатковае пытанне, ці чуе беларускі бок пазіцыю Масквы, прадстаўнік Крамля адказаў: «Мы знаходзімся ў пастаянным дыялогу. Ён мае рэгулярны і сталы характар».

Учора Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць крымінальную справу грамадзяніна РФ Ягора Дуднікава, якога абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці і закліках да дзеянняў, накіраваных на ўчыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.

Таксама 20 снежня выставілі канчатковае абвінавачанне паводле 7 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Соф’і Сапега, грамадзянцы Расіі, якую ў траўні затрымалі разам з журналістам Раманам Пратасевічам падчас прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта кампаніі Ryanair.