Польскія спецслужбы апублікавалі прэзентацыю сваёй версіі інцыдэнту з Ryanair

Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецыяльных службаў Польшчы Станіслаў Жарын апублікаваў відэапрэзентацыю польскага расследавання інцыдэнту з Ryanair, паведамляе reform.by. Учора пракуратура падзялілася асноўнымі высновамі расследавання. Іх таксама агучваў у эфіры польскіх СМІ Станіслаў Жарын.

skrinshot.jpg


У прыватнасці, гаворка ішла аб тым, што 23 мая ў дыспетчарскай у аэрапорце «Мінск» знаходзіўся супрацоўнік КДБ Беларусі, які і прыняў рашэнне аб пасадцы самалёта ў Мінску. Паведамляецца, што ён пры гэтым быў на сувязі з яшчэ адным чалавекам, якому дакладваў аб усіх дзеяннях. Адзначалася, што самалёту не пагражала небяспека выбуху, а сам інцыдэнт быў аперацыяй беларускіх спецслужбаў, мэтай якой было затрыманне Рамана Пратасевіча.
У відэароліку, апублікаваным Жарынам сёння, аргументацыя пашыраная. У ім гаворыцца, што ў гэты дзень працаваў дыспетчар Алег Галегаў. Каля 9:00 універсальнага часу ў залу кантролю палётаў зайшоў кіраўнік "Белаэранавігацыі" Леанід Чура і чалавек, якога ў Польшчы назвалі супрацоўнікам спецслужбаў. Пасля гэтага Чура сышоў. Мужчына праінфармаваў дыспетчараў аб тым, што на борце самалёта Ryanair знаходзіцца бомба і ён павінен сесці ў Мінску. Польскія спецслужбы сцвярджаюць, што былі прынятыя меры для таго, каб размовы з рэйсам не былі чутныя ў іншых самалётах. Пры гэтым нібыта абслугоўваннем рэйса займаўся адзін дыспетчар пад кантролем спецслужбіста. У роліку гаворыцца, што мужчына звязваўся па тэлефоне з чалавекам, якога называў Андрэй Анатольевіч.
У 9:30 універсальнага часу самалёт увайшоў у паветраную прастору Беларусі.
У прэзентацыі прыводзяцца фрагменты запісаў перамоў дыспетчара з экіпажам самалёта. Асабліва адзначаны фрагмент перамоваў, у якім пілот цікавіцца ўзроўнем небяспекі сітуацыі. Дыспетчар просіць яго заставацца на сувязі, а затым звяртаецца на рускай мове да нейкага мужчыны: "Ён кажа: код паведамлення жоўты ці чырвоны". Мужчына адказвае яму, каб той сказаў, што код — чырвоны.
Далей польскі бок паведамляе, што самалёт змяніў курс за 2 хвіліны да выхаду з паветранай прасторы і пасля гэтага "прадстаўнік спецслужбаў" пакінуў залу кантролю палётаў.
У прэзентацыі таксама акцэнтуецца ўвага на тым, што паведамленне пра бомбу, нібыта накіраванае ад Хамас, было атрымана аэрапортамі Вільні, Афін, Сафіі, Бухарэста і Кіева ў перыяд з 9:25 да 09:34 універсальнага часу, а ў аэрапорт Мінска яно паступіла толькі ў 09:56 універсальнага часу. Самалёт сеў у мінскім аэрапорце каля 10:00 універсальнага часу.
Польскі бок таксама дэманструе відэазапісы дзеянняў у аэрапорце Мінска і паказвае, што дзеянні служачых былі не адэкватныя пагрозе выбуху, аб якой паведамлялася ў перамовах.