Сейм Польшчы патрабуе вызваліць Анжаліку Борыс і Анджэя Пачобута

Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў беларускі рэжым спыніць рэпрэсіі супраць Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута.

Спікер Сейма Эльжбета Вітэк

Спікер Сейма Эльжбета Вітэк

Сейм Польшчы акламацыяй ухваліў рэзалюцыю, у якой заклікаў беларускі рэжым спыніць рэпрэсіі супраць Анжалікі Борыс і Андрэя Пачобута ды іншых палітвязняў. Палата запатрабавала таксама вызвалення палітвязняў у Беларусі. Тэкст рэзалюцыі зачытала спікер Сейма Эльжбета Вітэк.

У рэзалюцыі адзначаецца, што дэпутаты высока ацэньваюць мужнасць Анжалікі Борыс, Андрэя Пачобута, а таксама іншых прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, якія масава ўтрымліваюцца ў турмах у Беларусі. Адначасова ніжэйшая палата польскага парламента звяртаецца да міжнароднай супольнасці з заклікам асудзіць дзеянні беларускага аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і зрабіць адпаведныя крокі, каб ён паважаў элементарныя правы чалавека.

Анжаліка Борыс і Андрэй Пачобут – актывісты непрызнанага рэжымам у Мінску Саюза палякаў у Беларусі. Борыс была затрыманая 23 сакавіка бягучага года за арганізацыю культурнага мерапрыемства, прызнанага беларускімі ўладамі «незаконным». Праз два дні быў арыштаваны Пачобут. Рэжым Лукашэнкі абвінаваціў яго ў «рэабілітацыі нацызму».

У прынятай Сеймам рэзалюцыі гаворыцца, што крымінальныя справы супраць актывістаў СПБ, палітычна матываваныя і з'яўляюцца рэакцыяй на падтрымку дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі з боку польскіх уладаў.

Паводле www.polskieradio.pl