Актывіста Паўла Вінаградава з дома забраў АМАП
Вядомага актывіста і блогера Паўла Вінаградава затрымалі ў яго дома ў Беразіно. Пра гэта паведаміла яго жонка.
«Паўла ўзяў АМАП, рукі за спіной звязаныя, вынеслі замок у брамцы, усе справы» — напісала Святлана Вінаградава.
Павел затрыманы на трое сутак па крымінальнай справе, удакладніла дзяўчына для Reform.by. Паводле яе слоў, ён абвешчаны падазраваным па двух артыкулах КК: 367 (паклёп у дачыненні прэзідэнта) і 130 (распальванне варожасці). Падставай стаў усё той жа травеньскі допіс Вінаградава ў сацсетцы, за які яго затрымлівалі раней. У допісе ён у іранічным ключы асуджаў заклікі некаторых палітыкаў выйсці на акцыі пратэсту 9 траўня.
Улетку Павел правёў 45 сутак на адміністрацыйным арышце, пасля чаго быў затрыманы па крымінальнай справе па арт. 367, але затым адпушчаны.
Па справе праводзіліся лінгвістычныя экспертызы. У канцы восені, як распавядаў Павел у сацсетцы, прыйшлі вынікі двух — яны ўстанавілі, што ў тэксце допісу не было паклёпу і заклікаў. 9 снежня Паўлу ў СК паведамілі, што прызначаная новая экспертыза з іншымі фармулёўкамі пытанняў і засакрэчаным імем эксперта. У СК абяцалі, што вынікі будуць гатовыя якраз да 20 снежня. Мабыць, у гэты раз экспертам удалося знайсці ў публікацыі тое, што яны шукалі.