Ці можа эканоміка справакаваць пратэсты?

Пасля падзей 2020 года беларускай эканоміцы прагназавалі самыя апакаліптычныя сцэнары — абвал рубля, ад’езд бізнесу і агульнае падзенне, якое выкліча новую хвалю пратэстаў па ўсёй краіне. Але чаму гэтага пакуль не адбылося і ці могуць эканамічныя праблемы справакаваць палітызацыю грамадства?

elvxohixeaipipk.jpg


Гэтае пытанне эксперты абмяркоўвалі падчас канферэнцыі Reshape 2022, арганізаванай Цэнтрам новых ідэй.

Сацыяльная напружанасць ёсць, але эканоміка не пры чым

На думку Кацярыны Барнуковай, акадэмічнай дырэктаркі BEROC, эканоміка не стала фактарам сацыяльнай напружанасці ў мінулым годзе.

— Па словах чыноўнікаў, 2021 год стаў адным з лепшых за апошнія 15 гадоў у беларускай эканоміцы. Гэта, канешне, не зусім так. Рост 2,3% ВУП — такі сабе рост, як і рост у 2% рэальных даходаў насельніцтва. Але ён ёсць дзякуючы «экспартнаму цуду».

Нельга сказаць, што палітычны крызіс увогуле ніяк не ўплывае на эканоміку. Большасць людзей ацэньвае сваю эканамічную будучыню як нестабільную, бачыць шмат пагроз і рызык, асабліва гэта тычыцца бізнесу, які не інвестуюць. Нягледзячы на тое, што мы жывем у эпоху беспрэцэдэнтнага «экспартнага цуда», інвестыцыі працягваюць падаць другі год запар, — адзначае Кацярына Барнукова.  


З тым, што эканамічнай катастрофы не адбылося, згодны і Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт урада», сузаснавальнік партала Petitions.by.

— Калі мы гаворым пра сацыяльную напружанасць, мы павінны разумець, што яе выклікаюць нейкія рэзкія рэчы: фінансавы крызіс у банкаўскай сферы, ці рэзкае падзенне зарплат, ці рэзкая інфляцыя. Усіх гэтых чыннікаў удалося, з аднаго боку, пазбегнуць. З іншага боку, год можна падзяліць на два паўгоддзі, і ў другім паўгоддзі вельмі добра бачна, як «экспартны цуд» «схлопнуўся». Таксама добра бачна, як скарацілася колькасць працоўных месцаў і вырасла інфляцыя, — канстатуе Уладзімір Кавалкін.

Незалежны сацыёлаг Філіп Біканаў, у сваю чаргу, зазначае, што, паводле апытанняў, сацыяльная напружанасць фіксуецца. Але ці звязаная яна з эканомікай? Эксперт мяркуе, што не. Хутчэй яна звязаная з адчуваннем бяспекі ўнутры краіны.

— Эканамічная бяспека не робіць у гэта сур’ёзны ўнёсак на дадзены момант, — удакладняе Філіп Біканаў.

Аднак Кацярына Барнукова не згодная з тым, што «экспартны цуд» «схлопнуўся», хутчэй за ўсё, ён будзе працягвацца ў першай палове 2022 года. Але ён перастаў даваць эканамічны рост. І гэта без уліку эфекта санкцый.

— Што тычыцца санкцый, найперш гэта санкцыі па калію, якія пачалі працаваць, і санкцыі па нафтапрадуктах, якія павінны пачаць працаваць. Але наўрад ці гэта адаб’ецца на кашальках беларусаў наўпрост, апроч тых, хто працуе на гэтых самых калійных і нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах.

Паводле эксперта, з аднаго боку, у дзяржавы ёсць вялізны стымул падтрымліваць гэтыя прадпрыемствы і не даваць перайсці эфекту санкцый у макраэканамічную ці сацыяльную плоскасць. Але з іншага боку, гэта давядзецца рабіць доўга, гэта нятанна і з цягам часу аказваць такую падтрымку дзяржаве будзе ўсё больш складана.

919599504430.5077.jpeg


Цуд на тое і цуд, што непрадказальны

Вяртаючыся да тэмы «экспартнага цуда» і таго, ці магчыма было яго спрагназаваць, Кацярына Барнукова прызнаецца: з аднаго боку — так, было зразумела, што сусветная эканоміка пачне аднаўляцца пасля кавіда, а значыць, наступіць росквіт сусветнага гандлю, што для Беларусі, як для мала адкрытай эканомікі, вялікі плюс. Але такіх маштабаў, якія гэта набыла — у прыватнасці, росту цэн на многія тавары, — прадказаць было нельга.  

— Цяпер рабочая гіпотэза — што гэты бум будзе працягвацца. Але ў той жа час мы бачым, што ў другім паўгоддзі росту (беларускага экспарту. — НЧ) няма, і наўрад ці ён узнікне ў 2022 годзе, — падсумоўвае Кацярына Барнукова.

Яшчэ адзін эксперт BEROC Дзмітрый Крук перакананы, што індыкатараў, якія б дазволілі прадказаць эканамічны бум, не было.

— Па-першае, не было зразумела, колькі працягнецца кавідная фаза. Амаль усе ўрады сыходзілі з розных сцэнароў таго, колькі будзе доўжыцца кавід. Другі момант — актыўнасць інтэрвенцый, то-бок тое, што стварыла празмернасць попыту ў глабальнай эканоміцы, звязана з інтэрвенцыямі ў развітых краінах, найперш у ЗША і ЕС. Які быў памер гэтых інтэрвенцый — пытанне, якое вырашалася яшчэ ў 2021 годзе. І трэцяя прычына — тут зусім не лінейная сувязь паміж паскораным ростам сусветнай эканомікі і «знешнегандлёвым цудам» для Беларусі. Вельмі моцна паўплываў перакос попыту ў свеце з паслуг на тавары і сюды ж наклалася яшчэ так званая лагістычная пробка, якая стварыла для Беларусі абсалютна ўнікальную атмасферу, калі за кошт кароткага лагістычнага пляча атрымліваюць попыт тавары, якія раней ім не карысталіся. Таму такі штуршок экспарту для Беларусі склаліся ў выніку рэдкага набору чыннікаў, — заключае Дзмітрый Крук.

Але такі рэзкі набор вышыні часта паварочваецца сур’ёзным прасяданнем, нагадвае эксперт.


Чаго чакаць людзям?

Уладзімір Кавалкін перакананы, што эканамічныя прагнозы беларускага ўрада складаныя для выканання, калі ўвогуле магчымыя. Асабліва гэта тычыцца прагнозаў па інфляцыі.

— Мы можам убачыць рост адносна экспарту ў грашах, але наўрад ці мы ўбачым паляпшэнне структуры эканомікі і сітуацыі з даходамі людзей, — гаворыць ён.

Таксама Кавалкін звяртае ўвагу на вялікую колькасць рэлакацый высокааплатных спецыялістаў, у тым ліку ў галіне ІТ. Эксперт адзначае, што найбольшую масавасць гэтая з’ява набыла не ўвосень 2020 года, а ўлетку 2021, таму сёлета мы наўрад ці ўбачым ад яе нейкія эфекты, але агулам тэндэнцыя негатыўная.

Што да бліжэйшай будучыні, Уладзімір Кавалкін прагназуе зніжэнне выдаткаў дзяржавы на падтрыманне інфраструктуры, і падзенне мастоў — таму сведчанне. Грошай на іх рамонт нестае.

— Калі ёсць бюджэтныя абмежаванні, у тым ліку па рэфінансаванні дзярждоўга, першае, на чым будуць эканоміць — гэта добраўпарадкаванне, ЖКГ і іншыя інфраструктурныя рэчы, якія патрабуюць доўгатэрміновых інвестыцый і доўгай аддачы.

Новая пенсійная палітыка пры «ўдзеле» каронавіруса адназначна «дапаможа», скараціўшы фізічна колькасць пенсіянераў. Гэта было ўжо заўважна па 2021 годзе. Я думаю, што ў 2022 годзе гэта працягнецца, таму прасядання па пенсіях, хутчэй за ўсё, не будзе, — лічыць Уладзімір Кавалкін.  


Эканоміка — не асноўны фактар зменаў палітычнай сітуацыі

Ці справакуюць эканамічныя праблемы новую хвалю пратэстаў у грамадстве? Каб адказаць на гэтае пытанне, сацыёлаг Філіп Біканаў прапануе паглядзець, як беларускае грамадства рэагавала на крызісы раней. У чэрвені 2016 года (акурат тады эканоміка перажывала чарговы крызісны этап) НІСЭПІ праводзіла апытанне, якое выявіла разуменне людзьмі крызіснай сітуацыі, але ў той жа час ніякіх пратэсных настрояў з гэтай нагоды не зафіксавала. Калі ж казаць пра цяперашнюю сітуацыю, сацыёлагі адзначаюць: любая нелаяльнасць будзе жорстка карацца, таму наўрад ці бліжэйшым часам магчымая нейкая пратэставая актыўнасць.

Да таго ж адной са стратэгій сыходу ад крызіса, у тым ліку эканамічнага, у Беларусі заўсёды была працоўная міграцыя. Цяперашняя сітуацыя — не выключэнне.

— Пасля крызіса 2015 — 2016 года людзям спатрэбіўся час, каб зарыентавацца, але, па даных Еўрасаюза, у 2018 годзе там павялічылася колькасць дазволаў на пражыванне (беларусаў. — НЧ) да 130 — 140 тысяч за год, — прыводзіць звесткі Кацярына Барнукова. — Летась у нас скарацілася занятасць. Гэта нармальна для нашай краіны, бо насельніцтва старэе. Але звычайна ў год аднаўлення пасля крызісу занятасць не скарачаецца, і тыя ж пенсіянеры стараюцца працаваць, пакуль ёсць магчымасць. Таму, хутчэй за ўсё, гэта звязана з эміграцыяй.

Эканаміст папярэджвае пра небяспеку ўзнікнення «сеткавага эфекту»: калі вы ведаеце многіх людзей, якія з’ехалі і змаглі наладзіць жыццё за мяжой, міграцыя становіцца больш зразумелай. І калі эканамічная сітуацыя будзе пагаршацца, натуральна, што многія гэты шлях.

— Насамрэч шмат пратэстаў за апошнія 10 гадоў было звязана менавіта з эканамічнымі крызісамі, — не пагаджаецца з Філіпам Біканавым Кацярына Барнукова. — Узгадайце плясканні ў ладкі падчас дэвальвацыі 2011 года, і «Стоп-бензін», і пратэсты, звязаныя з дэкрэтам «аб дармаедах». Але яны былі звязаныя не столькі наўпрост з эканомікай, колькі з адчуваннем несправядлівага стаўлення з боку дзяржавы. Таму сам па сабе эканамічны крызіс для беларусаў — справа звыклая, але калі дзяржава ў правядзенні сваёй палітыкі пачне рабіць памылкі — а яна пачне гэта рабіць, бо ў яе няма нармальных каналаў зваротнай сувязі, — то гэта можна выклікаць розныя рэакцыі.  

На думку ж Уладзіміра Кавалкіна, эканоміка — не асноўны фактар зменаў палітычнай сітуацыі ў краіне. Для гэтага неабходна працаваць з каштоўнасцямі, стварэннем сэнсаў і лідараў. Сама па сабе эканоміка гэтыя праблемы не вырашыць, яна можа быць выключна фонам.