«Эканамічны цуд». Беларусь можа абмежаваць экспарт цукру

У Беларусі ўводзіцца ліцэнзаванне вывазу цукру. Пастанова Савета Міністраў ад 15 лютага зарэгістраваная на Нацыянальным прававым партале. Дакумент яшчэ не ўступіў у сілу.

cukar_16_02.jpg


Ліцэнзаванне ў пэўнай ступені можа абмежаваць экспарт цукру, піша Еўрарадыё. Мяркуючы па прынятых раней падобных рашэннях, гэтая мера можа паказваць на рызыку ўзнікнення дэфіцыту прадукцыі.

Летась экспартныя цэны на беларускі цукар прыкметна выраслі. Беларусь экспартавала 206 тыс. тон гэтага прадукту, зарабіўшы 112,8 млн долараў. А годам раней на продажы за мяжу 445,2 тыс. тон удалося зарабіць толькі 151,8 млн долараў.

Раней улады ўвялі ліцэнзаванне на экспарт капусты, цыбулі і яблыкаў. На працягу трох месяцаў, пачынаючы з лютага, гэтыя прадукты нельга вывозіць з краіны без спецыяльнага разавага дазволу МАРГ. Гэты крок чыноўнікі патлумачылі жаданнем не дапусціць бескантрольнага вывазу з нашай краіны: спачатку трэба «забяспечыць насычэнне ўнутранага рынку».

«У краінах-суседзях вельмі моцна растуць цэны на плодаагароднінную прадукцыю, у прыватнасці на капусту, на моркву, на яблыкі, на цыбулю», — тлумачыў пазіцыю Міністэрства кіраўнік МАРГ Аляксей Багданаў.

Калі ж з'явяцца лішкі, то МАРГ у індывідуальным парадку гатовы выдаваць разавыя ліцэнзіі для вывазу гэтай прадукцыі за мяжу.