Як мы дажылі да «чорнага рынку» бульбы
Калі вы вырашылі, што вам не да законаў, будзьце гатовыя, што неўзабаве стане і не да эканомікі, піша «Салідарнасць».
У Беларусі ўведзены чарговыя абмежаванні на вываз з краіны сельскагаспадарчай прадукцыі. Услед за мукой і грэчкай пад забарону трапілі капуста, яблыкі і цыбуля. Пад пытаннем таксама бульба, морква і буракі.
З бульбай увогуле здарылася цікавая сітуацыя. Як адзначыў у эфіры ў нашых калег эканаміст Сяргей Чалы, ручное рэгуляванне цэн пачынае прыносіць нечаканыя плады. Па-першае, асартымент агародніны, цэны на якую рэгулююцца дзяржавай, знізіўся. Як і якасць той жа морквы ці бульбы.
Эксперт расказаў анекдатычную гісторыю знаёмага мінчаніна. Той прыйшоў на рынак па бульбу, але знайшоў толькі дробную, больш падобную на насенную бульбу. На яго пытанне, што здарылася, прадавец адказаў у стылі "вы ж усё разумееце". Маўляў, за такі кошт ніхто добрую бульбу прадаваць не будзе. І тут жа намякнуў, што за добры кошт гатовы прапанаваць і добры тавар.
— Як жа трэба было рукамі сказіць рынкавы механізм, каб у Беларусі з'явіўся «чорны рынак» бульбы, — пракаментаваў аповед эканаміст.
Перафразуючы ходкі мем, гісторыя смешная, а сітуацыя трывожная. Колькі б ні супакойвалі чыноўнікі заявамі аб тым, што ў Беларусі хапае ўласнай гародніны і садавіны, іх жа словы аб неабходнасці зберагчы ўнутраны рынак наводзяць на зусім іншыя думкі.
Напрыклад, аб тым, што яблыкаў і капусты ў нас роўна столькі, каб хапіла самім. І папярэджанні аб магчымым працягу забароны на вываз да паўгода намякаюць на спробы дацягнуць да наступнага ўраджаю.
Як такое стала магчыма? Лёгка! Калі старшыня калгаса замест выканання сваіх прамых абавязкаў палохае сваіх працаўнікоў «бандэраўцамі-нацыстамі» і беларускімі «збеглымі апазіцыянерамі», якія далучыліся да іх.
Праблемы з яблыкамі ўзнікаюць, калі ўлады пачынаюць сварыцца з суседзямі, у якіх гэтыя самыя яблыкі закуплялі гадамі. Дарэчы, як толькі Беларусь увяла забарону на імпарт яблыкаў з Польшчы, беларускія гандлёвыя сеткі закупіліся яблыкамі з Украіны. Той самай Украіны, якую беларускі кіраўнік гатовы перамагчы ў вайне «за 3-4 дні». Украіны, дзе заробкі мясцовых аграрыяў растуць разам з экспартам, хоць краіна ўжо восьмы год знаходзіцца ў стане рэальнай, а не выдуманай вайны.
На днях кіраўнік успомніў Брэжнева. Не без сентыментальных нотак у голасе. Але вось пытанне — якія асацыяцыі з той эпохай узнікаюць у простых беларусаў? Асабліва калі ўлічыць пустыя паліцы ў агароднінных аддзелах.