Разбурэнне міфаў: «шокавай тэрапіі» не будзе
Асноўныя перасцярогі ды непрыняццё эканамічных рэформаў у беларусаў звязаныя з досведам 1990-х, і на гэтыя негатыўныя рэформы ўвесь час спасылаецца Лукашэнка. Маўляў, будзе хаос, мукі застанецца на тры дні, ды ўсё распрададуць ды раскупяць, і настане канец «сацыяльнай дзяржаве». Але адмыслоўцы кажуць, што ў выніку рэформаў, якія даўно наспелі, нават курс нацыянальнай валюты не пахіснецца. Ну, ці пахіснецца нязначна.
Звязана гэта з тым, што ў нас — даўно не 1990-я. Мы знаходзімся цяпер у зусім іншых умовах. І гэтыя ўмовы спрыяльныя для рэфармавання эканомікі. Канешне, чым далей кансервуецца «беларуская эканамічная мадэль», тым горшыя будуць эканамічныя ўмовы. Але тым не менш, любы крызіс — гэта яшчэ і магчымасці. А таму ніякага беспрацоўя, ніякай шалёнай прыватызацыі і ніякага абвалу ў выніку рэформаў не адбудзецца.
Спецыялісты распрацавалі план рэформаў. Саму публікацыю можна паглядзець на старонцы «Банка ідэй». Гэта даволі грунтоўны дакумент, ацэнены беларускімі і замежнымі эканамістамі, уключаючы адмыслоўцаў тых краін, дзе рэформы 1990-х прайшлі паспяхова. Таму стратэгія рэфармавання беларускай эканомікі прадстаўляе супольнае меркаванне беларускіх і замежных эканамістаў у бачанні беларускіх эканамічных рэформаў.
А акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC (Кіеў)Кацярына Барнукова і віцэ-прэзідэнт даследчага цэнтра CASE Belarus, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч простымі словамі распавялі журналістам, чаму ў нас рэформы пройдуць без «шокавай тэрапіі», і што адрознівае нас цяперашніх ад нас жа ўзору «шалёных 1990-х».
Забудзьцеся пра «шок 1990-х»
Па словах Кацярыны Барнуковай, з якімі, напэўна, пагодзяцца ўсе, першая, і самая вялікая фобія грамадства — прыватызацыя, рэформа дзяржпрадпрыемстваў, якія ва ўяўленні беларусаў генеруюць большую частку занятасці. Маўляў, прыватызацыя абавязкова выкліча масавыя скарачэнні ды «выкід» людзей на вуліцы.
Дык вось, паводле Барнуковай, на сёння камерцыйныя дзяржпрадпрыемствы (без такіх сфер, як ахова здароўя і адукацыя) генеруюць толькі 30% занятасці. Плюс, за апошнія дзесяць гадоў гэтая занятасць скарацілася больш чым на паўмільёна чалавек, і ніякага абвальнага беспрацоўя не здарылася. «Мы наадварот убачылі, што гэтыя людзі спакойна перацяклі ў прыватны сектар, які ў апошнія 10 гадоў бурліва развіваўся», — адзначае Барнукова.
Другое: сённяшнія дзяржаўныя беларускія прадпрыемствы — гэта не савецкія прадпрыемствы, якія працавалі па Дзяржплане. Цяпер яны самі вызначаюць ўзровень заробкаў, узровень коштаў, і ў большасці сваёй самі прымаюць эканамічныя рашэнні. Да таго ж большасць прадпрыемстваў-экспарцёраў ужо працуюць на канкурэнтных рынках, занялі там сваю нішу і больш-менш вытрымліваюць сумленную канкурэнцыю з іншымі сусветнымі кампаніямі. «Гэта значыць, што яны значна больш жыццяздольныя, чым тыя прадпрыемствы, якія былі ў пачатку 1990-х», — кажа Барнукова.
Трэцяе: велізарны шок у 1990-х выклікала так званае «разбурэнне эканамічных сувязяў», калі нашы прадпрыемствы былі ўбудаваныя ў вытворчыя ланцужкі з прадпрыемствамі іншых краін экс-СССР. І менавіта разбурэнне гэтых сувязяў дало вялікі негатыўны эфект. Цяпер такой «інтэграцыі» няма, а таму шоку ад разрыву эканамічных сувязяў проста не будзе.
«Што тычыцца прыватызацыі, мы ведаем, якія метады працуюць, а якія не. Мы ведаем недахопы тых аўкцыёнаў, якія праводзіліся ў Расіі ці Украіне. Мы ведаем недахопы прыватызацыі ў рукі рабочых заводаў, таму што ў выніку топ-менеджмент скупляў іх акцыі. Затое мы ведаем, якая прыватызацыя працуе станоўча: прыватызацыя з дапамогай фондавага рынку, арганізацыі вялікага конкурсу, і гэта працэс пройдзе значна лепш і больш эфектыўна, чым тое, што мы бачылі ў 1990-х», — распавяла Барнукова.
Больш таго, цяпер няма ніякай падставы спяшацца з прыватызацыяй буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Таму што ў 1990-х «паспешлівая прыватызацыя» праводзілася, каб вывесці прадпрыемствы, у тым ліку, з «саюзнага» падпарадкавання. Цяпер жа такой неабходнасці (зноў-такі) няма, а таму ёсць магчымасць прыгледзецца да кожнага прадпрыемства асобна, выпрацаваць індывідуальныя планы і падыходы да рэформы.
«Індывідуальны падыход» непазбежны
Адным з сектараў, які, без сумневу, атрымае «індывідуальны падыход» у рэфармаванні, будзе, безумоўна, сельская гаспадарка. Бо адна справа — прыватызаваць прамысловасць, з ёй усё ясна і зразумела. А сельская гаспадарка — гэта зусім іншае. «Гэтая галіна, якая нават у рынкавых дзяржавах з'яўляецца атрымальнікам дзяржаўнай падтрымкі — гэта пытанне харчовай бяспекі», — адзначае Барнукова.
Але і тут, па словах эксперткі, у Беларусі ёсць вялікі пласт прыватных прадпрыемстваў харчовай прамысловасці, якія могуць быць зацікаўлены ў развіцці ўласных сельскагаспадарчых вытворчасцяў. То-бок, гэта зноў жа не «старт з нуля» і не «распродаж зямлі» абы-каму, як пра тое, кажуць «антырыначнікі».
Алесь Аляхновіч у той жа час адзначыў, што ў Беларусі зусім не развіваецца фермерства. «Калі ўзяць статыстыку Белстата, то яна паказвае, што ў Беларусі толькі 2,5 тысячы людзей займаецца прыватным фермерствам. Іх было столькі ў 1990-я, і столькі ж цяпер, пасля 27 гадоў кіравання Лукашэнкі. Гэта вельмі мала. У Польшчы — 1 млн 400 тысяч фермераў. І ў Беларусі таксама рэальна жыць з зямлі. Цяпер беларуская ўлада проста не стварае ўмоў для вядзення гэтага бізнеса. Яны падтрымліваюць стратныя калгасы: субсідуюць паліва для іх, угнаенні, падтрымліваюць набыццё сельгастэхнікі, часам сплочваюць за іх страты. Для прыватных фермераў такіх механізмаў падтрымкі не створана», — зазначае Аляхновіч. Але, каб такія механізмы былі для ўсіх, можа быць, людзі б і не з’язджалі з вёсак.
Спачатку — людзі, а не прыватызацыя.
Паспеху не будзе яшчэ па адной прычыне, адзначае Барнукова. Перш, чым рэфармаваць прадпрыемствы, неабходна стварыць новыя механізмы сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. «Сёння ў Беларусі няма нармальных захадаў па падтрымцы беспрацоўных, няма нармальных мер па падтрымцы малазабяспечаных людзей. Трэба ўводзіць не толькі нармальныя дапамогі па беспрацоўі, але і актыўныя меры на рынку працы — дапамогу ў атрыманні новай адукацыі, атрыманні новай прафесіі, дапамогу ў пераездзе, калі трэба, можа быць, больш ранні выхад на пенсію. І трэба ўводзіць адрасную сацыяльную дапамогу. У нас сёння да 5% насельніцтва маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе, і толькі 1% атрымлівае тую самую адрасную сацыяльную дапамогу. А 4% не атрымліваюць», — канстатавала яна.
Апроч таго, рэформы не могуць быць паспяховымі без палітычных зменаў — вяршэнства закону, сапраўды незалежнай судовай сістэмы, незалежных СМІ і грамадзянскай супольнасці. Усё гэта павінна быць ці не раней, чым пачатак эканамічных рэформаў. А пакуль гэта будзе стварацца — якраз і можна правесці аўдыт ды распрацаваць тыя самыя «індывідуальныя планы» рэформаў.
Прыватнікі — рухавік прагрэсу
І вядома, немалаважна тое, што рэформы будуць адбывацца не ў эканоміцы, дзе быў толькі дзяржаўны сектар, як у СССР, а ў эканоміцы, дзе вялікі пласт складае прыватны сектар. «Калі мы ўспомнім вопыт постсавецкіх рэформаў, то ўбачым, што ў Польшчы рэформы былі больш хуткія і паспяховыя, таму што там быў хай дробны, але прыватны сектар, які, па розных ацэнках, забяспечваў ад 10 да 20 працэнтаў занятасці. І дзякуючы яму рэформы рушылі значна мякчэй. У нас сёння прыватны сектар забяспечвае да 50% занятасці. Гэта сапраўды вялікая частка эканомікі, для якой рэформы будуць толькі ў плюс, вызваліўшы іх ад тых бар'ераў, якія ёсць сёння», — заўважыла Барнукова.
А значыць, прыватны сектар зможа прыняць частку вызваленай у выніку рэформаў дзяржпрадпрыемстваў рабочай сілы, і што яшчэ больш важна — сам будзе актыўна ўдзельнічаць у прыватызацыі, чым выключыць засілле замежных інвестараў. Гэта значыць, ніхто нікому краіну не распрадасць. Таму што яе купяць самі беларусы.
«Акрамя таго, прыватны сектар будзе драйверам развіцця знешніх рынкаў. Мы ўжо зараз бачым, што рост экспарту ў ЕС і ЗША дасягаецца дзякуючы прыватным кампаніям у сферы IT, прыборабудавання — гэта значыць, хай-тэк кампаніям», — кажа экспертка.
Захад нам дапаможа?
«З аднаго боку, мы разумеем, што, калі мы атрымаем магчымасць праводзіць рэформы, сітуацыя будзе горшай, чым цяпер. З іншага боку — у нас ёсць дастаткова людзей з добрымі кампетэнцыямі, ведамі, якія зоймуцца макрастабілізацыяй. Памер беларускай эканомікі такі, што падтрымаць яе значна прасцей, чым падтрымаць увесь СССР. Увесь СССР не мог ніякі МВФ, а з Беларуссю будзе значна прасцей. І, напрыклад, вопыт Украіны паказаў заходнім краінам, наколькі важна, каб падтрымка была хуткай і дастатковай. І Беларусь можа гэтым скарыстацца», — адзначыла Барнукова.
Пры гэтым Аляхновіч адзначыў, што заходняя дапамога і падтрымка — гэта не толькі крэдыты МВФ і грошы «стабілізацыйнага фонду Ціханоўскай» — тры мільярды еўра, якія Захад абяцае выдаткаваць на эканамічныя рэформы ў выпадку дэмакратызацыі Беларусі. Заходняя дапамога — гэта яшчэ і адкрыццё рынкаў, інвестыцыі, удзел у праграмах эканамічнай падтрымкі, і зрэшце — уступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, пра што мы дамаўляемся і не можам дамовіцца ўжо 27 гадоў. То-бок, не толькі грошы, але і магчымасці для краіны.
Ці гатовае грамадства?
Грамадства, па шматлікіх апытаннях, даўно саспела да рэарганізацыі эканомікі, адзначае Алесь Аляхновіч. Па яго словах, розныя апытанні паказваюць, што ў беларусаў вельмі пазітыўнае стаўленне да прыватнага сектару эканомікі, яны не асацыююць яго з раздзяўбайствам, а, хутчэй, наадварот, адзначаюць што гэты сектар — тое месца, дзе можна развіць свае здольнасці, кампетэнцыі і рэалізаваць сябе ў поўнай меры.
Значна вырас працэнт «непатэрналісцкіх» беларусаў, якія гатовыя не спадзявацца на дзяржаву, а браць адказнасць на свій лёс за сябе. І гэта дае падставы меркаваць, што нават «скарачэнне» у дзяржаўных прадпрыемствах стане стымулам для развіцця прыватнай ініцыятывы грамадзян.
Рэформы разлічаныя ўсяго на адну пяцігодку, а ў выніку мы, па задуме адмыслоўцаў, атрымаем новую эканоміку: адкрытую: гандлюючую з многімі краінамі, з дамінуючым прыватным сектарам, прадпрымальніцтвам і шырокім хайтэк-кластарам. А роля ўраду звядзецца да падтрымкі людзей, адукацыі, ахова здароўя і падтрымка уразлівых слаёў насельніцтва. І ў будучага ўрада сацыяльныя пытанні, напэўна, атрымаецца вырашаць больш вынікова, чым «руліць эканомікай у ручным рэжыме», як цяпер. Проста таму, што будзе няма чым руліць, і час і рэсурсы, якія вызваляцца, будуць аддадзеныя сапраўды важным справам.