Топ-5 рашэнняў для будучай эканомікі Беларусі

Роля дзяржавы ў эканоміцы Беларусі ў перспектыве павінна скарачацца, але сацпадтрымка — павялічвацца. Эксперты абмеркавалі, якія рэформы павінны стаць першачарговымі ў будучыні.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«Дыялог пра будучыню», які арганізавалі BISS і Belarus in Focus, стаў новым фарматам, дзе аналітыкі і практыкі гавораць не аб бягучых праблемах, але факусуюцца на больш доўгатэрміновай перспектыве. Гэта важна, каб вяртаць грамадскую дыскусію ў поле абмеркавання будучыні, напаўняць сэнсамі канцэпт «Новая Беларусь». Абмяркоўваючы маючыя адбыцца рэформы, эксперты пазначылі галоўныя напрамкі змяненняў для пабудовы моцнай эканомікі Беларусі.

Чалавечы капітал у лічбавым грамадстве


«Мэта новай эканомікі — не павышэнне ВУП, а магчымасці развіцця для кожнага чалавека», — адзначае Таццяна Марыніч, сузаснавальнік IMAGURU, стартап-хаба, а з 2021 года таксама хаба салідарнасці. Яна выступае за тое, каб кропкай росту і візітнай карткай новай Беларусі сталі эканоміка ведаў, падтрымка талентаў — развіццё чалавечага капіталу. Дзяржава павінна інвеставаць у першую чаргу ў яго развіццё, у тым ліку фінансуючы медыцыну і адукацыю. Беларусі трэба развіваць праграмы супрацоўніцтва з вядучымі ВНУ ў сферы бізнес-адукацыі, а для перакваліфікацыі вызваленай рабочай сілы — развіваць інфраструктуру дадатковай адукацыі, ад анлайну-праектаў да курсаў пры ўніверсітэтах. IMAGURU ўжо запускае пілотную праграму па прадпрымальніцтву з ЕГУ.
Каб людзям было зручна карыстацца дзяржаўнымі сэрвісамі, а з дапамогай электроннай дэмакратыі — аператыўна ўплываць на рашэнні, трэба будаваць інфраструктуру лічбавага грамадства. Гэта азначае пазбаўленне ад папяровага дакументаабароту на карысць інтэграваных баз даных, павышэнне даступнасці ўсіх дзяржаўных паслуг для людзей у любым месцы, у тым ліку рэгіёнах. Нарэшце, гэта павышае падсправаздачнасць дзяржаўнай сістэмы людзям, ім лягчэй сачыць за тым, што адбываецца (напрыклад, як трацяцца мясцовыя бюджэты) і ўплываць на рашэнні, што прымаюцца. Тады дзяржава аказваецца платформай аказання паслуг, а не кантралёрам і цэнзарам.

Ад прыватызацыі да сацпадтрымкі


Прыватызацыя — для многіх сінонім рэформаў наогул, часта з негатыўнай канатацыі. Але досвед расійскіх рэформаў 1990-х навучыў, што ў гэтым важна не рабіць рэзкіх неабдуманых крокаў. Таму Алесь Аляхновіч, віцэ-прэзідэнт CASE Belarus, прапануе правесці адкрытыя конкурсы, каб для сотні буйных дзяржаўных прадпрыемстваў наняць высокакваліфікаваных і высокааплатных менеджараў, якія былі б адказныя за іх рэструктурызацыю. Іншая справа — абсурдныя сітуацыі, калі дзяржава для чагосьці валодае і кіруе цырульнямі, сталовымі або вытворчасцю абутку: тут сапраўды не абысціся без прыватызацыі, адкрытай і празрыстай.
Але прыватызацыя — далёка не адзіны напрамак аптымізацыі дзяржсектара. Неэфектыўная прысутнасць дзяржавы ў самых розных сферах жыцця з'яўляецца самай галоўнай праблемай эканомікі, кажа Кацярына Барнукова, акадэмічны дырэктар цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC (Кіеў). Такая неэфектыўная прысутнасць дзяржавы шкодзіць развіццю адукацыі, аховы здароўя, сектара даследаванняў і распрацовак. Калі дзяржава хоць бы не будзе там перашкаджаць, то гэта ўжо будзе плюсам для эканомікі.
Зрэшты, часам проста не перашкаджаць — занадта мала. Дзяржаўная сацыяльная падтрымка хоць і дэкларуецца сёння прыярытэтам, але на практыцы амаль не працуе. Эксперты лічаць, што вельмі важна дапамагчы ўразлівым групам, а таксама тым, хто ў працэсе перабудовы эканомікі можа страціць старую працу. Гэта павінны быць як праграмы перанавучання спецыялістаў, так і мэтавыя субсідыі — напрыклад, на жыллёва-камунальныя паслугі для канкрэтных сем'яў.

Менш падаткаў — больш кіслароду


Нарэшце, эксперты лічаць неабходным палягчэнне падаткаў і іх адміністравання. Калі плаціць падаткі будзе няцяжка, то бізнес будзе расці, і ў выніку заплаціць больш, чым калі б яго адразу задушылі надмернымі зборамі, якія да таго ж не так і проста заплаціць. Яшчэ адна важная мера — прыбраць залішні адміністрацыйны ціск на бізнес, увесці мараторый на ўсякага роду праверкі, спрасціць рэгулятарныя працэдуры.
Прыклад ПВТ паказвае, што ў такіх умовах з'яўляюцца выдатныя магчымасці для з'яўлення новых бізнесаў і росту ўжо існых. У той жа час, структуры, падобныя ПВТ, не павінны выконваць кантралюючых функцый, а наадварот — падтрымліваць бізнес. Такія хабы павінны з'яўляцца па ўсёй краіне, прапаноўваючы прадпрымальнікам дапамогу як з фінансамі, так і з навучаннем і абменам досведам.