«Гарэлкі і трактароў у краіне засталося на тры дні»

Сёння Лукашэнка праводзіць вялікую нараду з нагоды эпідэміі Сovid-19. Але тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» апярэдзіў гэтае мерапрыемства і на некалькі дзён раней напісаў, у чым сапраўдная пагроза эпідэміі і пра што рэальна ідзе гаворка на нарадзе ў Лукашэнкі.

1d0ae05e74935a4c4ee8ed36370fa381.jpeg


Здаецца, гарэлкі і трактароў у краіне засталося на тры дні. Інакш жа ніяк не растлумачыць, навошта беларускія ўлады просяць у СААЗ сумнеўныя вакцыны замест таго, каб і далей прафілактаваць праверанымі сродкамі. Яшчэ месяц таму яны паблажліва вучылі міжнародных бюракратаў дасягненням нацыянальнай эпідэміялогіі. А цяпер кажуць, што эгаістамі быць не трэба, а трэба адсыпаць вакцыны ўсім, хто жыве ў нястачы.

Вось, атрымліваецца, непахіснасць непахісная, пакуль нічога не вагаецца. А варта стабільнасці пахіснуцца — і сейсмаўстойлівасць непахіснасці адразу парушаецца. І беларускія ўлады ўжо гатовыя нават уступіць у COVAX, ініцыятыву, якая закліканая забяспечваць доступ да вакцын краінам з нізкім і сярэднім узроўнем даходу. І калі даход у краіны прызнаны сярэднім, то яна за вакцыну плаціць, хоць і менш, чым звычайна. А калі нізкі, то можа атрымаць і бясплатна.

Але ў гэтай ініцыятывы ёсць адно непрыемнае пабочнае наступства. З лекамі такое бывае. Яе ўдзельнікі павінны змагацца з эпідэміяй спосабамі, якія рэкамендуе СААЗ. Ну там, «наморднік» насіць, гуляць не так масава ў нацыянальных маштабах. І, магчыма, страшна нават уявіць, — публікаваць крыху больш пераканаўчую статыстыку захворвання. І пагадзіся, у беларускіх уладаў павінны быць вельмі пераканаўчыя прычыны, каб дазволіць такое бесцырымоннае ўмяшанне ў свае ўнутраныя справы.

Ідэю пра тое, што беларускія ўлады раптам пранікліся ідэямі гуманізму, заклапаціліся дабрабытам і станам здароўя падведамнага насельніцтва, мы з табой адпрэчым як антынавуковую. Таму што «гуманізм» — гэта ілжывая каштоўнасць, падкінутая калектыўным Захадам. А калі забіваць галаву праблемамі падведамнага насельніцтва, то ў ёй не застанецца месца для сапраўды сур'ёзных думак.

А значыць, справа, мабыць, у тым, што дасягненні беларускай эпідэміялогіі ўжо пачалі пагражаць дасягненням беларускага эканамічнага цуду. У сэнсе — калі ўсе захварэюць, то хто ж будзе здабываць краіне ВУП?

Тым больш, што ў эканамічнага цуду праблемы наспяваюць і без усялякай эпідэміі. Інфляцыя горда ўзяла двухзначны рубеж. «Газпром» зрэзаў транзіт газу, што пагражае ў чацвёртым квартале нястачай на прыкладна 60 мільёнаў долараў. А нястача ад альтэрнатыўнага легальнаму экспарту кветак у Расію ўжо дарасла да 100 мільёнаў.

А Вялікае перасяленне народаў праз беларускую мяжу так і не прынесла беларускім уладам ніякіх дывідэндаў у сэнсе агульнаеўрапейскага пакаяння і субсідый на ўмацаванне межаў. А прынесла толькі новыя пагрозы эканамічнаму цуду.

І хоць статыстыка вяртанняў мігрантаў на іх часовую беларускую радзіму па-ранейшаму б’е рэкорды, мне здаецца, што на самой справе гэтая гісторыя заканчваецца. А мігрантаструмені выраслі таму, што беларускія ўлады спрабуюць такім чынам мінімізаваць будучыя выдаткі на зваротныя білеты для турыстаў. Хоць, вядома, любы разважлівы турыст аддасць перавагу вяртанню на радзіму адпачынку на Акрэсціна.

Вось атрымліваецца, што і асаблівы шлях завёў беларускую ахову здароўя не туды, і эканоміка паволі бярэ рэванш, і з вялікім геапалітычным супрацьстаяннем не задалося. Карацей, працякла стабільнасць…