Літва прапануе ЕС закрыць неба для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Мінск

Літва прапанавала Еўрасаюза накласці санкцыі ў выглядзе забароны на палёты для авіякампаній, якія выконваюць рэйсы з мігрантамі ў Беларусь. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў суседняй краіны Габрыэлюс Ландсбергіс.

Габрыэлюс Ландсбергіс

Габрыэлюс Ландсбергіс


«Могуць быць прынятыя палітычныя меры, адна з якіх — забарона палётаў. Нам удалося пераканаць іракскія авіякампаніі больш не лётаць, тое ж самае было зроблена з іарданскімі авіякампаніямі, палёты былі прыпыненыя, але новыя рэйсы з’яўляюцца кожны тыдзень», — сказаў Ландсбергіс сёння ў Сейме, паведамляе REFORM.by са спасылкай на BNS.

Паводле яго слоў, літоўскі бок бачыць, што квіткі на рэйсы ў Мінск з краін паходжання мігрантаў прадаюцца. Існуючыя працэдуры ўводу санкцый яму падаюцца доўгімі, таму Ландсбергіс на ўчарашнім пасяджэнні кіраўнікоў МЗС краін ЕС выказаўся за больш універсальнае рашэнне.

«Мая прапанова заключаецца ў тым, каб тыя авіякампаніі, якія лётаюць у Мінск, не маглі лятаць у ЕС. Такая шырокаахопная санкцыя. Большасць авіякампаній з розных сталіц Блізкага Усходу, якія лётаюць у Мінск, таксама лётаюць у краіны ЕС», — растлумачыў ён.

Ландсбергіс дадаў, што прапанова атрымала падтрымку шэрагу дзяржаў ЕС, у першую чаргу, тых, хто сутыкаецца з міграцыйнымі праблемамі. Таксама ён выказаўся за падтрымку з боку ЕС будаўніцтва загароды на мяжы з Беларуссю.