«Беларусы будуць бяднець». Што чакае беларускую эканоміку?

На выхадных міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings спрагназавала рост беларускай эканомікі па выніках года на 2,1%, хаця раней прагноз быў на ўзроўні 0,7%. Прычына ў добрай вонкавай кан'юнктуры. Між тым на 2022 год агенцтва прагназуе толькі 0,3% роста, бо пазітыў на вонкавых рынках для Беларусі заканчваецца. І гэта ўжо бачна па айчынным валавым унутраным прадукце. Чаму запавольваецца беларуская эканоміка і што нас чакае далей, «Наша Ніва» разбіраецца з кіраўніком праекта «Кошт урада» Уладзімірам Кавалкіным.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Што адбываецца з беларускім ВУП?

«Перш за ўсё, ВУП прасядае па будаўніцтве, таму што ў нас інвестыцыі ўпалі і з-за гэтага вельмі ўпала будаўніцтва, — адзначае эканаміст. — Другі немалаважны фактар — гэта сельская гаспадарка і неўраджай. Вось асноўныя фактары, чаму ВУП падае.
Што тычыцца неўраджаю, то тут пытанне досыць цікавае. Можна было б спісаць гэта на кліматычныя ўмовы ці ўмовы надвор'я, калі б у нашых ва ўсіх суседзяў ураджай не быў нашмат вышэйшы, чым у Беларусі.
То-бок, хутчэй за ўсё, праблема не ва ўмовах надвор'я, а ў тым, як спрацавала беларуская сельская гаспадарка сёлета.
ВУП наверх цягне апрацоўчая прамысловасць, а таксама забеспячэнне электраэнергіяй, газам і іншымі энергетычнымі прадуктамі, а таксама інфармацыя і сувязь.
Пра што гэта нам кажа? Той самы эканамічны цуд, які здарыўся вясной-летам бягучага года, скончыўся. Хутчэй за ўсё, мы бачым адскок назад і прыход эканомікі да такой старой новай нармальнасці.
Асабліва цікава назіраць за тым, як расце апрацоўчая прамысловасць. І як яе па тэмпах росту апераджае забеспячэнне парай, газам і гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам: 111% супраць 107%.
Гэта значыць, што энерганосьбіты падаражэлі, таму і рост. Паколькі разлікі за энерганосьбіты ідуць тут і цяпер, а тыя тавары, што з іх дапамогай вырабляе апрацоўчая прамысловасць спазняюцца (крэдыты, адтэрміноўкі, лізінг і гэтак далей), то можна рабіць высновы, што ўвесь наш цудоўны эканамічны рост быў выкліканы разгрузкай складоў.
Таксама гэта нам кажа пра тое, што добрае знешнегандлёвае сальда, хутчэй за ўсё, у хуткім часе прыйдзе да «нармальнасці». Таму што заводы і прадпрыемствы будуць купляць сыравіну і камплектуючыя па новых сусветных цэнах. Адпаведна, у нас імпарт падрасце, а разам з праблемамі росту ВУП дададуцца праблемы знешнегандлёвага сальда.
Імпарт пачне даганяць экспарт, бо каб запускаць чарговы цыкл вытворчасці — трэба імпартаваць сыравіну па новых коштах. Тут яшчэ і санкцыі зверху лягуць, яны ўдараць па экспарце.
На сёння сказаць складана, наколькі гэта ўдарыць па росце ВУП. Але відавочна, праблемы будуць сур'ёзныя.
Розныя эксперты ацэньваюць падзенне да 6-10% ВУП. Гэта вельмі шмат. Але такое адбудзецца, хутчэй за ўсё, на наступны год, калі запрацуюць і санкцыі, і, паўтаруся, імпарт дагоніць экспарт».

Як гэта адчуюць на сабе беларусы?

«Беларусы будуць, відавочна, бяднець. Складваецца фактычна ідэальны шторм для нашай эканомікі. Негатыўныя прагнозы па гандлёвым сальда, негатыўныя прагнозы па ВУП па цэлым шэрагу прычын, і не самы лепшы стан банкаўскай сістэмы.
А ў нас яшчэ вялікі дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту прагназуецца, — працягвае эканаміст. — То-бок я не вельмі сабе ўяўляю, дзе знайсці пазітыў у перспектыве.
Зразумела, гэта ўсё адлюструецца на людзях. Гэта прывядзе да скарачэння працоўных месцаў, бо ў нас упалі інвестыцыі (следам за падзеннем інвестыцый у нас скарачаюцца працоўныя месцы). Гэта будзе адначасова супадаць, хутчэй за ўсё, з ростам цэн і з падзеннем рэальных даходаў людзей. То-бок у нас па ўсіх франтах нейкая невясёлая карціна вымалёўваецца.
Заробкі падымаць у такім выпадку — ізноў азначае разганяць інфляцыю. Бо заробкі можна падымаць толькі тады, калі расце ВУП. А мы ўжо бачым, што ён каля нуля ці ў адмоўнай зоне. Відавочна, што гэтая дынаміка працягнецца. І тут няма падстаў расці ВУП, а значыць, няма падстаў для росту заробкаў. Нас даганяе імпартаваная інфляцыя.
У тым ліку, звязаная з імпартам тых тавараў, што мы не вырабляем. Яна будзе адлюстроўвацца і на спажывецкім рынку, а таксама і прадпрыемствах, якія для запуску новага эканамічнага цыкла будуць купляць матэрыялы і камплектуючыя па больш высокіх цэнах.
Тут проста з усіх бакоў усё дрэнна: і інвестыцый няма, і зарабіць няма на чым».

Чаму знешнегандлёвае сальда будзе адмоўным?

«Першы момант. У нас дастаткова вялікі прамежкавы імпарт. То-бок для таго, каб вырабіць умоўныя трактары ці бензін з нафты, нам патрэбна набыць сыравіну — энерганосьбіты, газ, нафта і гэтак далей, — гаворыць Уладзімір Кавалкін. — Другі момант. Мы маем вялікі спажывецкі імпарт. У краіне вырабляюцца, напэўна, толькі харчовыя прадукты з большага, і то не на 100%.
Калі мы возьмем адзенне, нейкія побытавыя прыборы, кампутары, усё гэта імпартнае. Структура нашага гандлёвага балансу таварамі складваецца адмоўнай. Пры гэтым у нас заўжды было дадатнае сальда па экспарце і імпарце паслуг. І яно ў нейкія гады магло перакрываць адмоўнае сальда па гандлі таварамі.
Прасцей кажучы, тавараў мы купляем на большую суму, чым экспартуем. З другога боку, мы экспартуем, напрыклад, IT-паслуг і транспартных паслуг нашмат больш. Але відавочна, што па гандлі таварамі баланс будзе пагаршацца. Становіцца ўсё больш відавочна, што дадатнае сальда па паслугах не будзе перакрываць яго. І зноў вернемся да крызісных момантаў у нашай эканоміцы».

Які выхад у беларускіх уладаў? Чым тушыць гэты пажар?

«Можна што-небудзь прадаць дзяржаўнае, калі гэта што-небудзь хто-небудзь захоча купіць, — тлумачыць Кавалкін. — Спальваць золатавалютныя рэзервы, нядоўга падтрымліваць гэтым макраэканамічную стабільнасць. Браць крэдыты, калі хто-небудзь дасць. Далей спрабаваць завышанымі стаўкамі па крэдытах для прыватнага бізнесу пераразмяркоўваць рэсурсы ў неэфектыўны дзяржаўны сектар.
Крэдытны кірунак з-за санкцый на сёння закрыты. Застаецца толькі Расія, Кітаю гэта нецікава. Прадаць нешта — пытанне, каму?
Палітыку розных працэнтных ставак працягваць можна, але гэта адлюстроўваецца на інвестыцыях. Прыватны бізнес не развіваецца, хутчэй за ўсё дэградуе і шмат прыватных прадпрымальнікаў пераводзяць свае бізнесы за мяжу.
Калі такая сітуацыя будзе працягвацца, то мы паступова скацімся да 90-х. Неяк так выглядае сітуацыя. Непрыемна.
Чыноўнікі могуць пачаць казаць, што сітуацыя ў эканоміцы пагаршаецца з-за санкцый. Але відавочна, што той стан эканомікі і фінансаў і знешняга доўга выкліканы не санкцыямі. Санкцыі проста абвастрылі і пагоршылі тыя праблемы, якія даўно былі ў эканоміцы».