Абураныя беларусы масава выйшлі на марш (фота, відэа)
Вечарам 17 лютага ў Мінску адбыўся «Марш абураных
беларусаў». Марш не быў узгоднены з уладамі,
частка палітычных рухаў яго праігнаравала. Па розных ацэнках, у акцыі прынялі ўдзел ад 4 да 10
тысяч чалавек.

Падчас
мітынгу на Кастрычніцкай плошчы была абраная перамоўная група з уладамі. У яе
ўвайшлі Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Павал Севярынец, Генадзь Фядыніч і
Яўген Афнагель. Таксама мітынгоўцы прагаласавалі за прыняцце рэзалюцыі.


У рэзалюцыі
ўтрымліваюцца патрабаванні адмены ганебнага Дэкрэту №3, спыненне падзення
рэальных даходаў насельніцтва, абкрадання пенсіянераў, падвышэння пенсійнага
ўзросту, росту платы за камунальныя паслугі. Таксама ў рэзалюцыі патрабуецца вярнуць
народу свабодныя, справядлівыя выбары.



“Мы даручаем
абраным намі прадстаўнікам давесці гэтыя патрабаванні да ўлады, распачаць з ёй
перамовы, наладзіць кантроль за выкананнем нашых патрабаванняў. У выпадку, калі
на працягу месяца, да 17 сакавіка 2017 года, улада не зробіць рэальных крокаў
дзеля выканання волі народа, мы прадпрымем новыя калектыўныя дзеянні,
падрыхтоўку якіх даручаем нашым прадстаўнікам”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.



У акцыі прынялі актыўны ўдзел анархісты. Яны заклікалі змагацца супраць усіх цемрашальскіх падаткаў: на падарункі, пасылкі, крэдыты... А таксама заклікалі ствараць камітэты самакіравання.