Марш абураных беларусаў: куды ідзем, народзе?

Каля 3-5 тысяч чалавек прайшлі з Кастрычніцкай плошчы да плjошчы Незалежнасці, дзе адбыўся фінальны спіч Статкевіча, Някляева і Севярынца ды рытуальнае спаленне некалькіх «лістоў шчасця». Што ўразіла ды звярнула на сябе ўвагу?

marsz_nedarmaedau__10__logo_1_logo.jpg


Па-першае, структура натоўпу. Дзіўна і адначасна прыемна было бачыць не той самы “баявы атрад апазіцыі”, які можна сустрэць на кожнай акцыі — ці тое 25 сакавіка, ці тое Дзяды, ці тое выбарчыя пратэсты, не! Было багата цалкам новых незнаёмых твараў. З-большага ўсё ж такі прыйшлі мужчыны 30-45 год, то бок акурат тая прабіўная праслойка, з якой можна не толькі сцягамі махаць, але і дарогі перакрываць.
Дарэчы, сцягоў было не так і шмат, што яшчэ раз сведчыць пра слабую заангажаванасць “бывалых змагароў” ды моцны прыток свежай крыві: людзі прыйшлі праз канкрэтную сацыяльную патрэбу, а не праз абстрактна-палітычныя лозунгі. Разам з тым, людзі з імпэтам гукалі і “Жыве Беларусь!” і “Пуціну — не!” услед за Паўлам Севярынцам.

“Выше-выше черный флаг…”

Асобную групу пратэстуючых складалі анархісты. Яны, фактычна, пачалі акцыю на Кастрычніцкай плошчы, выступіўшы ў якасці “групы разагрэву”. Анархісты, прайшоўшы з людзьмі ўвесь шлях па праспекце, урэшце завяршылі акцыю воклічамі: “Выше-выше черный флаг, государство главный враг!” ды інш. На працягу ўсёй акцыі “левакі” выглядалі ці не самым арганізаваным элементам: са сваімі сцягамі, расцяжкамі, гучнагаварыцелем, адпрацаванымі каманднымі дзеяннямі ды нават барабанамі!


Таму не дзіўна, што анархісты, у рэшце рэшт, і трапілі пад удар: па завяршэнні Маршу на хлопцаў у чорных масках напалі супрацоўнікі ў цывільным, спрабуючы адабраць сімволіку. Сілавікі адмыслова пачакалі, калі Статкевіч ўсім падзякуе і дасць “адбой”, а людзі пачнуць разыходзіцца. Каля прыпынку аўтобусаў на плошчы Незалежнасці завязалася бойка, пасля якой анархісты зніклі, каб пазбегнуць затрыманняў.
Агулам можна з дакладнасцю сказаць, што такой атмасферы цэнтр Мінску не памятае з выбарчага вечару 19 снежня 2010 году. Самаробныя плакаты, песні “Ляпіса”, воклічы “Жыве Беларусь!”, смелыя заявы палітыкаў, усмешкі на тварах. Хай 3 000 чалавек і не фантастычная для сталіцы лічба, але такой колькасьці народу пад бел-чырвона-белымі сцягамі на праспекце Незалежнасці не хадзіла ўжо даўно. У вачах маладзёнаў і пенсіянераў можна было прачытаць эйфарыю, якая трывала роўна паўтары гадзіны.

Адліга ці хаджэнне па колу?

Па завяршэнні з пллшчы Незалежнасці людзі разыходзіліся групкамі: па-двое, па-трое. Калі прыслухацца да размоваў, то стандартны мэсэдж можна сфармуляваць так: “Ну прыйшлі, і што далей? Чаго звалі?..” Гледзячы па ўсім, мантры прамоўцаў пра “перамогу страху” ды “улады ўбачылі і спужаліся”, аказаліся не надта натхняльнымі. Людзям патрэбна дзеянне альбо просты і зразумелы план на бліжэйшую будучыню. Наўрадці падобным можна лічыць заклік сабрацца яшчэ раз 25 сакавіка.

marsz_nedarmaedau__24__1_logo.jpg


Атрымліваецца, што ўлада ў сучаснай сітуацыі аказваецца больш гібкай за апазіцыю. Пры патрэбе чыноўнікі могуць і на Захад усміхнуцца, і лібералізацыю прадэманстраваць, і з незалежнымі рэдактарамі кавы папіць. А што апазіцыя? Тыя самыя хаджэнні па зачараваным коле: пагулялі па горадзе і разыйшліся без аніякай канкрэтыкі. Гэта, канешне, слабы бок.
Моцны ж бок у тым, што калі за кожнай падобнай акцыяй не будуць ісці следам рэпрэсіі, народ будзе ўсё больш “адтайваць” пасля ледавіковага перыяду, які скаваў краіну ў 2010-2011 годзе. І раз’яднанасць апазіцыі тут не грае рашучай негатыўнай ролі: калі ў пратэста няма адной галавы, значыць яе нельга адсекчы альбо падкупіць.
Так, крок за крокам людзі пачнуць вяртаць сабе вуліцу. Логіка падзеяў, у рэшце рэшт, немінуча падкажа і лідэра, і слушны маршрут. Галоўнае, мабыць, што нарэшце ў паветры запахла вясной.