Калі ўжо яны дамовяцца?

Апошнім часам у грамадстве ўсё больш увагі надаецца пытанню магчымага «круглага стала» і дыялога паміж уладаю і грамадзянскай супольнасцю, у тым ліку і апазіцыяй. Але ці мае перспектывы гэткі «стол» ва ўмовах, калі сама апазіцыя не можа дамовіцца паміж сабою?

На Маршы абураных беларусаў

На Маршы абураных беларусаў


Гэтая праблема добра выявілася падчас “Маршу абураных беларусаў”, які адбыўся ў цэнтры Мінска ўвечары 17 лютага. Нечакана для арганізатараў ды саміх удзельнікаў, а таксама і журналістаў, пра што ў размовах на мерапрыемстве казалі многія калегі аўтара гэтых радкоў, на вуліцу выйшла даволі багата людзей. І не толькі мінчукоў, але і жыхароў іншых рэгіёнаў краіны, якія за ўласны кошт адмыслова прыехалі ў сталіцу, каб выказаць усё, што яны думаюць наконт дэкрэта Аляксандра Лукашэнкі № 3, прынятага ў 2015 годзе. Нагадаю, што гэты “выбітны” ва ўсіх сэнсах дакумент у народзе называюць “дэкрэтам аб дармаедах” альбо “падаткам на беспрацоўе”.
Дык вось, гэтая пятнічная акцыя сталася самай масавай пасля грандыёзнага пратэсту ўвечары 19 снежня 2010 года — тады ў цэнтры Мінска дзясяткі тысяч чалавек пратэставалі супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў кіраўніка дзяржавы. Тая акцыя, калі хто забыўся, кончылася жорсткім разгонам, сотнямі збітых і затрыманых спецслужбамі людзей (многія пацярпелыя грамадзяне чыста выпадкова знаходзіліся непадалёк ад Плошчы Незалежнасці). У выніку афіцыйны Мінск трапіў у “апалу” міжнароднай дэмакратычнай супольнасці і нарваўся на санкцыі, якія дагэтуль знятыя яшчэ не ўсе.
Таму на многія гады патэнцыял вулічных пратэстных акцыяў у Беларусі знізіўся да мінімума. Людзі проста баяліся трапіць пад каток айчыннай карнай сістэмы. І вось, падавалася б, з’явілася нагода, якая магла б кансалідаваць апанентаў улады, бо лукашэнкаўскі дэкрэт № 3 закрануў ледзь не паўмільёна людзей, што мусяць плаціць уладзе за немагчымасць працаваць (ва ўмовах скарачэння працоўных месцаў) ці нейкім чынам апраўдвацца, што яны не вярблюды, і тлумачыць, да прыкладу, што да падпісання дакумента дзясяткі гадоў працавалі і толькі апошнім часам апынуліся без канкрэтнага працоўнага месца. Ну, і яшчэ шмат іншых аб’ектыўных тлумачэнняў маюць нашы суайчыннікі. Хаця, чаму яны мусяць апраўдвацца перад чыноўнікамі, якія самі цягам апошніх дзесяцігоддзяў вялі краіну да галечы? Аднак, гэта іншая тэма.
Дык вось. Ва ўмовах, калі грамадзянаў улада закранула “за жывое”, апазіцыя магла б кансалідавацца і напоўніцу скарыстаць сканчэнне цярпення многіх людзей і арганізавана зладзіць пратэсты. Такое б надарылася ў любой цывілізаванай краіне. Але гэта не пра наш выпадак.
Да абвешчанай Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Някляевым, Яўгенам Афнагелем, Генадзем Фядынічам і некаторымі іншымі вядомымі людзьмі акцыі пратэсту пад назовам “Марш абураных беларусаў” не пажадалі далучыцца “флагманы” тутэйшай апазіцыі — АГП, БНФ, Рух “За свабоду”, кампанія “Гавары праўду”, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” ды іншыя. Некаторыя з іх запланавалі нешта падобнае на тое, што адбылося ўвечары мінулай пятніцы, на 15 сакавіка. Вельмі адметнымі з’яўляюцца каментары некаторых “лідараў” апазіцыі напярэдадні адбытага мерапрыемства — маўляў, акцыя будзе правальнай, малаколькаснай, незаўважнай.      
Але насуперак такім прагнозам акцыя атрымалася масавай і заўважнай, вельмі энергетычнай і запамінальнай. Паўтаруся, упершыню з 19 снежня 2010 года. І яна магла б стаць яшчэ больш заўважнай і масавай, калі б тытульная апазіцыя змагла дамовіцца хаця б паміжасобку, а не дзяліць электарат і размяркоўваць яго па сваіх вузкапартыйных і мала зразумелых дзялянках, якіх ужо амаль не засталося. Як і даверу з боку таго ж электарату. Амаль кожны палітычны “князёк” цягне коўдру на сябе, не зважаючы на перспектыву.
Дык на якую падтрымку людзей замахваюцца многія апазіцыйныя палітычныя лідары? І цяпер паўстае пытанне, ці пойдуць людзі за тымі, хто праігнараваў акцыю 17 лютага з чыста сваіх каляпалітычных, а дакладней, вузкаасобных амбіцыяў і прызначыў нешта падобнае на больш позні тэрмін? А потым яны будуць казаць, што “людзі не тыя”. Людзі — тыя, вы ж сталіся “не тыя” праз процьму няўдачаў і нежаданне дамаўляцца. Можа атрымацца так, што і пасля змены сітуацыі ў краіне вы застанецеся такімі ж незапатрабаванымі грамадствам, як і сённяшнія ўладатрымцы. Думайце, пакуль не позна!