Часнык ім у зубы. Кітайскі
Улады пастаянна кажуць пра тое, што ў нас усё (ці амаль усё) добра ў плане вытворчасці — прамысловай, нафтапрадуктовай ды сельскагаспадарчай. Але ці так гэта на самой справе?
Надыходзіць апошні месяц восені, самы час падводзіць вынікі сельскагаспадарчага года (прамысловасць, банкі, айцішнасць і гэтак далей пакуль пакінем убаку). Па вялікім рахунку, канец кастрычніка-пачатак лістапада — тая пара, калі беларусы не павінны адчуваць нястатку прадуктаў сельскай гаспадаркі, куды дзяржава штогод убухвае мільярды долараў. Але нават цяпер ужо ў раздробным гандлі адчуваецца нешта не тое.
Прывяду толькі некалькі прыкладаў. Памідоры, якія апошнія гады на цэтліках называюцца «таматамі». Пакуль што нястачы ў іх не назіраецца, аднак мае месца сумная канстатацыя роста коштаў і краіннага асартыменту гэтага тавара. Зноўку назіраецца добра вядомая карціна — імпартныя тамацікі каштуюць ў паўтары-два разы танней за айчынныя, і гэта яшчэ да пачатку зімы. Да таго ж, беларускія паслёнавыя нейкія недаспелыя ды без адпаведнага паху, адрозна ад сваіх імпартных субраццяў.
Ну, без паслёнавых неяк яшчэ пражыць можна. Але хачу закрануць часнычную тэму. На маёй амаль паўвекавой памяці (да апошніх некалькіх гадоў) не было такога, каб у Беларусі адчуваўся дэфіцыт часныка — традыцыйнага беларускага прадукта, вельмі карыснага для здароўя, асабліва ў «інфекцыйны» перыяд, і неабходнага для прыгатавання ледзьве не ўсіх нашых векапомных страваў. Прычым, збор ураджаю скончаны, а знайсці беларускі часнык у крамах амаль немагчыма. І гэта нягледячы на леташнія абяцанкі кіраўніцтва мністэрства сельскай гаспадаркі (пасля мінулагодняга правалу ў вытворчасці ды зарыхтоўках карысных «зубкоў»), што ў 2017 годзе будзе забяспечаны поўны попыт на часнык для беларусаў, і нават на экспарт хопіць.
І што мы бачым зараз? Аўтар гэтых радкоў надоячы толькі ў 12-й (!) краме знайшоў часнык беларускага паходжання. Ва ўсіх астатніх адсутнасці гэтага тавару не назіралася, але быў той часнык не наш – кітайскі і егіпецкі. Што яшчэ здзівіла — гэта кошты. Кітайская прадукцыя каштавала 5 рублёў за кіло, а егіпецкая – 4,5-4,8 рублёў за тую ж вагу. А беларускі часнык — 10 рублёў за кіло. Пры гэтым, каб назбіраць 170 грамаў (!) айчынных «зубкоў», мне давялося наўпрост у краме адсартаваць цэлую скрыню часныка — амаль 90% прадстаўленага тавару ўяўлялі спарахнелыя ўшчэнт шалупенні, якія гандлёвая кропка адной вядомай буйной сеткі не саромелася падаваць як якасны тавар. 170 грамаў з некалькіх кіло фактычных і ўдвая даражэйшых выкідаў — нармальна?
Чаму шукаю менавіта беларускі часнык? Не ад «суперпатрыятычных» пачуццяў да «родных» вытворцаў. Проста, няхай і нягеглага выгляду, але беларускія «зубчыкі» усё ж больш карысныя і здаровыя параўнальна з тымі ж «кітайцамі». Ужо некалькі гадоў не набываю іхнюю «зубастую» прадукцыю пасля аднаго выпадковага досведу. Адной зімою, пад час распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў, дзеля прафыілактыкі пасля парады знаёмага ўрача набыў часныку (беларускага ў продажы не было, толькі кітайскі) і дробна парэзаў некалкі зубчыкаў, пасля чаго паклаў іх на сподак і пакінуў на шафе, каб фітанцыды «ваявалі» з бацыламі.
На наступны ранак, убачыўшы тое, што сталася з тым кітайскім часныком, у мяне адвісла сківіца. Белыя кітайскія зубчыкі займелі колер акіянскай марской хвалі — брутальна цёмна-блакітнай. Потым мне адзін адмысловец распавёў, што кітайцы выкарыстоўваюць пры вырошчванні часныку медны купарос, які амаль цалкам застаецца ў гэтым прадукце. Пасля гэтага выпадку адшыбла ўсялякае жаданне набываць кітайскі часнык, хоць ён выглядае больш прывабна за беларускі і значна больш танны.
Упэўнены, што для беларускага чынавенства не існуе праблемы з набыццём «здаровага», а не купароснага часныка. Хоць ўладныя служакі і дураць галаву электарату пра тое, што ў нас усяго свайго хапае, а сельская гаспадарка хутка зробіцца ледзь не лакаматывам тутэйшай эканомікі. Ага, зробіцца. Відаць, толькі пасля таго, як уладнікі досыць наядуцца часныку. Імпартнага, кітайскага. Да купароснага пасінення.