Мацільдануліся...

Хваля вар’яцтва, якая ўжо больш за год скалынае суседнюю Расію з нагоды яшчэ не паказанага мастацкага фільма вядомага рэжысёра Аляксея Учыцеля «Мацільда», дакацілася і да Беларусі. Адбылося гэта з падачы мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла.

2ebbaa7817a242ba25698047cdd4aacc.jpg

Дагэтуль цікаўная частка нашага грамадства назірала за развіццём скандалаў вакол стужкі пра ўзаемаадносіны балярыны Мацільды Кшэсінскай і будучага расійскага імператара Мікалая ІІ нібыта з боку. Варта адзначыць, што фільм да сёння нават не выйшаў на вялікі экран.

Тым не менш у нашых суседзяў больш няма іншых клопатаў, як станавіцца на дыбкі з нагоды чарговай мастацкай стужкі. А нам жа што да гэтага? Хай яны там самі з сабою і ваююць вакол гэтай “лёсавызначальнай” праблемы.

Аднак, аказваецца, і ў нас некаму ёсць да гэтага справа. Вось беларускі (хоць назваць яго так можна ўмоўна, бо прызначаны ён маскоўскім патрыярхам Кірылам) праваслаўны архіпастыр параіў айчынным вернікам не хадіць на “Мацільду”, хоць пракат гэтага твору Учыцеля атрымаў дазвол на афіцыйным узроўні ў нашай краіне. “Я адмыслова праглядзеў некалькі відэаролікаў, якія сёння даступныя ў інтэрнэце, і ў мяне склалася вельмі непрыемнае ўражанне пра фільм”, — сказаў мітрапаліт Павел у інтэрв’ю афіцыйнаму парталу Беларускай праваслаўнай царквы.

Маўляў, кожны чалавек, якому дарагая памяць святога імператара-страстацерпцы Мікалая ІІ, “можа галасаваць нагамі”. “Ніякай агрэсіі з боку вернікаў не мусіць быць. Проста не хадзіце на гэты фільм”, — заклікаў самы галоўны праваслаўны святар Сінявокай.

Ага. Няхай тады айцец Павел зазірне ў родную яму Расію. Там ужо з боку нейкіх праваслаўных саюзаў і арганізацыяў, як яны сябе пазіцыянуюць, гучаць заклікі падпальваць кінатэатры, дзе будзе дэманстравацца “Мацільда”, машыны, прыдаць анафеме тых, хто заступаецца за фільм і яго стваральнікаў. Артадаксальная хеўра (альбо тыя, хто выдае сябе за такіх вось заступнікаў “святога Мікалая ІІ”) ужо гатовая нават фізічна распраўляцца з тымі, хто супраць іх пазіцыі.

755016158430313.jpg


І дзе тут хрысціянства? Забаяўшыся пагрозаў, ад паказу “Мацільды” адмаўляюцца буйныя расійскія кінапракатныя сеткі. У такім выпадку, дзе праваахоўныя органы, якія павінны адразу рэагаваць на падобныя пагрозы? Тым больш што ў Расіі ўжо ёсць выпадкі нападаў на асобныя кінатэатры і адмысловыя залы, дзе меліся адбыцца перадпрэм’ерныя паказы стужкі. Няма дзяржаўнай і праваахоўнай рэакцыі. Значыць, і нехта вельмі высокі ва ўладзе зацікаўлены ў тым, каб стварыць перашкоды для паказу стужкі Аляксея Учыцеля, якога нават з нацяжкай нельга назваць апазіцыянерам кіраўніцтву краіны.

Ці разбурае гэты фільм расійскія “ідэалагічныя скрэпы”? Дык хто ж зараз можа адказаць на гэтае пытанне, калі “Мацільду” цалкам бачылі толькі адзінкі, у тым ліку яе аўтары?

Дык навошта таму ж мітрапаліту Паўлу пераносіць расійскія жарсці на нашу глебу? Магчыма, ён дзейнічае ў рэчышчы палітыкі маскоўскага патрыярхату, бо без ўхвалення апошняга не магла б узняцца такая “праваслаўная” анцімацільдаўская хвала ў Расіі. Навошта архіпастыру раіць людзям, няхай і прыхаджанам праваслаўных храмаў, што ім варта ці не варта глядзець?

Як вядома, такія захады што ў Расіі, што ў іншых месцах толькі  разаграюць цікавасць да гэтага фільму. І нават калі ён не акажацца шэдэўрам кінамастацтва, касавасць яму ўжо забяспечана. І гэта ўсё дзякуючы “змагарам за гонар і годнасць святога імператара Мікалая Другога”. Дзіўныя Твае справы, Гасподзь.