Квіткова-праязная салідарнасць

Шмат часу назіраю цікавую з’яву: карыстальнікі грамадскага транспарту ў беларускай сталіцы пры выхадзе з транспартнага сродку ахвотна дзеляцца з суайчыннікамі (ды не толькі) аднаразовымі квіткамі на праезд, а не бяруць іх з сабою і не выкідваюць у сметніцу.

Фота www.ctv.byПасажыры,
паездка якіх скончылася і якія заплацілі за свой праезд у адпаведнасці з
законам, нават просяць тых, хто ўваходзіць у аўтобус, тралейбус ці трамвай і
трымае ў руках квіток, не кампаставаць яго, а карыстацца тым, што ўжо было
скарыстана “выхадцамі”.

Фота www.ctv.by
Пасажыры, паездка якіх скончылася і якія заплацілі за свой праезд у адпаведнасці з законам, нават просяць тых, хто ўваходзіць у аўтобус, тралейбус ці трамвай і трымае ў руках квіток, не кампаставаць яго, а карыстацца тым, што ўжо было скарыстана “выхадцамі”.

Аўтар гэтых радкоў не мае ўласнага аўто (проста не хачу), таму перасоўваецца па абсягах сталіцы на грамадскім транспарце. Варта адзначыць, што ён у Мінску някепска развіты, а з аднаго канца горада да супрацьлеглага можна дабрацца за гадзіну, нават да тых раёнаў, куды яшчэ не дабралася “падземка”. Калі ты жыхар сталіцы, то можна купіць праязны на адзін ці некалькі відаў транспарту хоць на дзесяць дзён, хоць на паўмесца, хоць на месяц і гэтак далей — выбар ёсць. Альбо купляць разавыя квіткі на адну паездку.

Грамадскі транспарт у Беларусі каштуе не так ужо і дорага. У Мінску гэта 50-55 капеек (наземны транспарт) і 60 капеек (метро) — кошт не трагічны для большасці мінчукоў. У рэгіёнах паездкі каштуюць яшчэ танней. І тым не менш.

Карціна 1. На прыпынку стаіць маладая жанчына і ўжо трымае ў руках аднаразовы папяровы квіток на праезд. Спыняецца тралейбус. З яго выходзіць жанчына прыблізна такога ж веку, працягвае будучай пасажырцы свой пракампаставаны квіток і кажа: “Паберажыце свой, вазьміце мой, ён будзе дзейсны да канца маршрута. Не выкідвайце дарма грошай”. — “Ой, дзякуй велічэзны!” — засмяялася маладая кабета ў адказ і ўзяла квіток, а свой схавала ў кішэню. Гэты дыялог цягнуўся ўсяго некалькі секундаў.   

Карціна 2. З аўтобуса збіраюцца выходзіць малады чалавек з сваёй жонкаю (на руках абодвух шлюбныя кольцы). Яны таксама аплацілі праезд аднаразовымі квіткамі, а перад тым, як пакінуць транспартны сродак, паклалі гэтыя не памятыя свежыя квіткі акуратненька на сядзенні.

Карціна 3. Пажылая жанчына аплаціла праезд аднаразовым квітком. Побач з ёю прысеў таксама паважанага веку чалавек, які тут жа парыўся ў кішэнях, назбіраў дробязі і ўжо зазбіраўся да кіроўцы трамвая, каб набыць квіток. Кабета (добра апранутая і годнага выгляду) яго спыніла: “Я зараз выходжу, бярыце мой квіток, лішняя капейчына нам пры цяперашнім жыцці не перашкодзіць”. Мужчына ўдзячна ўсміхнуўся і прыняў “падарунак”. 

І такіх прыкладаў можна назіраць шмат і шмат. І не толькі ў Мінску. Што ўсё гэта значыць? У развітых краінах людзі разумеюць, што плаціць за паслугі трэба, бо ад унёску кожнага залежыць развіццё таго ж грамадскага транспарту, дарог, прыдарожнай інфраструктуры і гэтак далей. У Літве і Германіі, Латвіі ды Галандыі ў большасці спажыўцоў транспартных паслугаў нават не ўзнікае думкі, што за праезд можна не заплаціць. Там, у цывілізаваным свеце, людзі ведаюць, куды і на што ідуць грошы ад аплаты праезду ў транспарце. Гэта ўсё можна прасачыць на спецыялізаваных сайтах ці пасля зваротаў у адпаведныя службы, якія абавязкова прадаставяць належную інфармацыю.

Куды ідуць сродкі за квіткі на праезд у Беларусі? Цяжка сказаць. Чыноўнікі сцвярджаюць, што на аднаўленне рухомага парку, на тыя ж рамонты дарог і гэтак далей. І ўвогуле, наш транспарт не акупаецца за кошт квіткоў для праязных. Магчыма, гэта так.

Але чаму тады нашы людзі пераважаюць “разгрузіць” сваіх суайчыннікаў нават ад невялікіх транспартных выдаткаў? Мяркую, ад таго, што няма даверу да дзяржавы і чыноўнікаў. І гэты недавер дарос да такой ступені, што просты чалавек, у нашым выпадку — спажывец транспартных паслугаў, мяркуе так: ладна, я заплаціў, адсцягнуў свае грошыкі, дык няхай іншыя эканомяць хоць нешта. Вось такое стаўленне шараговых ( і не толькі) грамадзян да цяперашняга дзяржаўнага ладу.

У чым адрозненне сітуацыі ў гэтым плане ў Беларусі і на Захадзе?

У “ІХ” падмануць дзяржаву хоць у дробязі лічыцца маветонам, бо людзі разумеюць, што дзяржава — гэта яны (хоць прыклады і прэтэнзіі да афіцыйных асобаў ёсць шматлікія і розныя, але ўладу можна змяніць мірным і законнм шляхам).

У “НАС”, каго не за пытайся, даверу да чыноўніцтва няма аніякага, таму “абалваніць” дзяржаву на любым узроўні лічыцца проста нармальнай з’яваю. Таму ўладам трэба было б задумацца: чаму людзі паводзяць сябе менавіта так, як у нашым выпадку з квіткамі на праезд у грамадскім транспарце? Бо гэтая мала заўважня на афіцыйным узроўні “квітковая салідарнасць” калісьці можа стацца зусім не “квітковай”.