1,5 гады калоніі за падабайку пад каментаром. Асудзілі былога камандзіра МНС

Паставіў лайк пад каментарам наконт Зельцэра.
Аляксандр Курганскі больш за 15 гадоў прапрацаваў у МНС. Перад затрыманнем ён быў камандзірам аддзялення ў частцы ў Гродне. Пасля затрымання яго звольнілі, абавязалі выплаціць сем тысяч рублёў па кантракце.

kurganskij.jpg

12 жніўня 2022 года палітзняволенаму Аляксандру Курганскаму прысудзілі 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Згодна з рашэннем суддзі Гродзенскага абласнога суда Аляксандра Козела, ён таксама мусіць выплаціць 50 базавых велічынь штрафу (1600 рублёў), паведамляюць праваабаронцы.

Вядома, што дзяржабвінаваўца прасіў пакараць палітзняволенага чатырма гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Падставай для затрымання Аляксандра стаў лайк, які мужчына паставіў на каментар іншага чалавека ў запісе пра абмеркаванне перастрэлкі паміж айцішнікам Андрэем Зельцэрам і супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Федасюком. Пра гэта мужчына распавядаў на «пакаянным» відэа. Мужчынскі голас у кадры прымушаў Аляксандра зачытаць каментар, які затрыманы нібыта ўпадабаў, потым Курганскі прасіў прабачэння на камеру за свой лайк.

Курганскага прызналі вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады») і ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне сацыяльнай варожасці»). 28 чэрвеня 2022 г. КДБ унёс Аляксандра ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

Вядома, што Аляксандр Курганскі больш за 15 гадоў прапрацаваў у МНС. Перад затрыманнем быў камандзірам аддзялення ў частцы № 7 у Гродне. Пасля затрымання яго звольнілі і абавязалі выплаціць сем тысяч рублёў па кантракце.