Хронікі рэпрэсій. Неверагоднае: суд спыніў справу за абразу Лукашэнкі

З дапамогай праваабаронцаў і недзяржаўных СМІ сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед беларусаў 26 верасня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


У «тэрарыстычны спіс» дадалі двух беларусаў. Гэта 39-гадовы Валер Зіза з Мінска і 31-гадовы Сяргей Лабанок з Міншчыны, якіх асудзілі па арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»). Падрабязнасці пра іх суды і пераслед праваабаронцам невядомыя.

* * *

Затрыманы супрацоўнік «Гродна Азот» Юры Холад — за «падпіску на экстрэмісцкія Telegram-каналы і распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Вядома, што Юрыя затрымалі каля прадпрыемства, дзе ён працуе. Па словах сілавікоў, азотавец падвергнуты адміністрацыйнаму арышту.

* * *

Затрымалі яшчэ аднаго былога сілавіка — 26-гадовага Івана Янчука. Спачатку ён займаў пасаду следчага ў Маларыце, пасля перавёўся следчым у Кобрынскі РАУС. Меў званне лейтэнанта. Па інфармацыі з відэа ГУБАЗіКа, ён звольніўся з сілавых структур і заняўся майнінгам крыптавалют. Як сцвярджаюць сілавікі, Іван перадаваў інфармацыю пра сваіх калег розным тэлеграм-каналам. Цяпер ён затрыманы, яму пагражае да 12 гадоў турмы па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

* * *

Праваабаронцам стала вядома, што 21 верасня была затрымана былая палітзняволеная, 19-гадовая Аніта Бакуновіч. Яе затрымалі ў Гродне, цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Паводле папярэдняй інфармацыі, Аніта была затрымана паводле арт. 371 Крымінальнага кодэкса («Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Беларусі»). Ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

У канцы чэрвеня Аніту асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

* * *

Суд Маладзечна і Маладзечанскага раёна вынес прысуд палітвязню Аляксандру Казакевічу. Суддзя Дзяніс Барэйка прызнаў яго вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і асудзіў да двух гадоў «хатняй хіміі». Верагодна, гэта пакаранне было атрымана шляхам частковага складання з папярэднім прысудам, калі Аляксандру далі паўтара года «хатняй хіміі» па тым жа артыкуле.

Палітвязня прызналі вінаватым у тым, што ён пакінуў у тэлеграм-канале каментар, абражаў намесніка начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Кастрычніцкага раёна Мінска падпалкоўніка міліцыі Віталя Мурзіча.

***

26 верасня Аршанскі раённы суд спыніў крымінальную справу ў дачыненні да мясцовага жыхара Арцёма Новікава, абвінавачанага ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Суддзя Юлія Вяршыніна палічыла, што з моманту ўчынення злачынства 17 жніўня 2020 года прайшло два гады, а гэта тэрмін даўнасці паводле артыкула за абразу, таму пакараць яго няма за што. Тым больш што абраза не з'яўляецца грамадска небяспечным злачынствам.

Абвінавачаны не з'явіўся ў суд, паколькі працуе за межамі Беларусі.

* * *

Палітык Анатоль Лябедзька распавёў падрабязнасці ўтрымання за кратамі лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова. Па словах Лябедзькі, старшыні АГП блакіруюць перапіску — ад яго амаль не прыходзяць лісты. Да таго ж стала вядома, што палітвязня збілі на Акрэсціна, таму ў СІЗА на Валадарскага яго прывезлі з «сінімі нагамі».

Паведамляецца, што на гэтым тыдні справа Казлова будзе перададзена ў пракуратуру. Магчыма, хутка будзе суд.

У жніўні 2021 года Казлоў быў асуджаны да трох месяцаў пазбаўлення волі за разгалошванне даных следства па справе Каардынацыйнай рады. 27 ліпеня яго зноў затрымалі. У дачыненні да Казлова ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 КК.

* * *

Суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў 33-гадовага Дзмітрыя Янушкевіча вінаватым па двух артыкулах КК: за абразу дзяржаўных сімвалаў (арт. 370) і абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368). Суддзя Наталля Козел пакарала мужчыну годам калоніі агульнага рэжыму.

Згодна з матэрыяламі справы, Янушкевіч размяшчаў у «Аднакласніках» негатыўныя публікацыі пра Лукашэнку і дзяржаўны сцяг Беларусі. Акрамя гэтага, мужчына адрэагаваў на публікацыю ў адной з суполак, пасля чаго на яго старонцы з'явілася выява Лукашэнкі са свастыкай. Абвінавачванне расцаніла гэта дзеянне як «непрымальнае з пункту гледжання сучаснай культуры, бо яно ўтрымлівае элементы скажэння сацыяльнай і палітычнай рэальнасці».

* * *

Знікла сувязь з палітвязнем Мікалаем Статкевічам.

* * *

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «В*сна» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч больш не абвінавачваюцца ў нявыплаце падаткаў. Расследаванне крымінальнай справы, заведзенай за нявыплату падаткаў, спынена.

Аднак праваабаронцы не выйшлі на волю. Цяпер іх абвінавачваюць у кантрабандзе вялікай сумы грошай арганізаванай групай па ч. 4 арт. 228 КК і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак па ч. 2 арт. 342 КК.