«Жанчыны, майстрыцы, мастачкі 1300—1900». Амбіцыйная выстава ў Празе
У Нацыянальнай галерэі Прагі — у Чытальні Валдштайнаў — з 30 траўня па 2 лістапада адбываецца выстава «Жанчыны, майстрыцы, мастачкі 1300—1900». Выстава прадстаўляе мастацкую творчасьць жанчынаў ад Сярэднявечча да канца XIX стагодзьдзя, дэманструючы адметны характар жаночай працы, асабліва ў жывапісе, скульптуры, малюнку і графіцы, а таксама ў галіне ўжытковага мастацтва. Тым самым раскрываючы другую, малавядомую гісторыю мастацтва праз прызму забытых і/ці схаваных сумысьля ад зору публікі жанчынаў-мастачак.

Рэкляма выставы ў праскім мэтро
Увага сканцэнтраваная на асаблівасьцях асяродку, у якім стваралі мастачкі; таксама паказаныя тэмы, якія жанчыны распрацоўвалі ў сваіх творах. З гэтае нагоды вельмі цікавая структура выставы, што складаецца з пяці тэматычных блёкаў, кожны зь якіх пазначаны розным колерам. Насупраць белага «Кляштара» знаходзіцца ўваход у яркую жоўтую кабінку, адведзеную для «Моцных жанчынаў з Поўдня», гэта значыць для такіх вядомых імёнаў выставы, як Сафанісба Ангісола,Артэмізія Джэнтылескі, Элізабэта Сырані і г.д. Звонку, на сіняй сьцяне, дэманструюцца карціны «(Не)залежных жанчынаў з Поўначы» — мастачак з Нідэрландаў і Цэнтральнай Эўропы раньняга Новага часу, дзе, сярод іншых, зьдзіўляе сваёй жанравай карцінай, нетыповай для жанчынаў, галяндская майстрыца Юдыт Лейстэр, верагодна, вучаніца Франса Халса. Дарэчы, да канца 19 ст. ейныя працы прыпісваліся часам Франсу Халсу, а часам ейнаму мужу Яну Мінсэ Маленару, бо грамадзтва сумнявалася ў таленавітасьці кабетаў. Меншы зялёны блёк «У графічнай майстэрні» прысьвечаны графічнай творчасьці жанчынаў таго ж пэрыяду. У ім, сярод іншых, прадстаўленая Марыя Сыбіла Мэрыян — надзвычай унікальная і натхняльная мастачка, больш зьвязаная з навукай, чым з мастацтвам. Апошні блёк пазначаны чырвоным колерам як «Салён», прысьвечаны працам мастачак, якія працавалі ў Чэхіі ў XIX стагодзьдзі. Праўда, не ўдакладняецца значэньне тэрміна «Салён», бо ён можа мець некалькі значэньняў у кантэксце XIX стагодзьдзя, а таму часткова блытае наведвальнікаў-іцаў.

Гульня ў шахматы, 1555 г., мастачка Сафанісба Ангісола (Італія)
Упершыню прадстаўленая комплексная выстава жанчынаў-мастачак, якія працавалі ў Цэнтральнай Эўропе, Нідэрляндах і сучаснай Італіі паміж 1300 і 1900 гадамі. Выстава ахоплівае гэты пэрыяд, бо ў той час становішча жанчынаў-мастачак зьмянялася: яны паступова атрымлівалі доступ да мастацкіх акадэміяў, і, акрамя арыстакратак, мясцовыя жанчыны таксама пачалі займацца мастацтвам. Такім чынам, жанчыны-мастачкі ўсё часьцей знаходзілі свой уласны шлях і паступова пачалі ўмацоўвацца ў прафэсійным і грамадзкім пляне. Аднак толькі некаторыя зь іх кіравалі майстэрнямі ў якасьці настаўніцаў і зараблялі грошы ў якасьці прафэсійных мастачак.
Тэма выставы падкрэсьлівае наступнае пасланьне: хоць гендар уплывае на характар працы і да нядаўняга часу кардынальна абмяжоўваў магчымасьці жанчынаў сьцьвярджаць сябе і атрымліваць адукацыю, важнымі зьяўляюцца талент і жаданьне сьцьвярджаць сябе ў сьвеце, у якім дагэтуль дамінавалі мужчыны.
Няма сумневу, некаторых зьдзівіць, як сьмелая жаночая фантазія праяўлялася ўжо ў Сярэднявеччы; якія эратычныя і мацярынскія жаданьні мелі глыбока рэлігійныя жанчыны, часта мнішкі. Наведвальніка-цаў таксама зацікавяць гісторыі мастачак эпохі Адраджэньня — яны часта самі станавіліся ахвярамі гвалту і інтрыгаў; яны таксама сутыкаліся з жорсткасьцю, якая адчуваецца ў іхнай творчасьці. Многія зь іх, у сваю чаргу, хацелі параўнацца з творчасьцю калегаў-мужчынаў, хацелі давесьці, што яны такія ж добрыя, калі ня лепшыя мэтры пэндзлю.

У XVII і XVIII стагодзьдзях многія здольныя жанчыны ў Трансальпійскім рэгіёне пакінулі свой сьлед і сталі пасьпяховымі навукоўцамі, мастачкамі і падарожніцамі. Гісторыя мастачкі і гравёрніцы Марыі Сыбілы Мэрыян, якая ў 1699 годзе распачала авантурную экспэдыцыю ў Сурынам для вывучэньня жамяраў, вельмі натхняе. У канцы XVIII стагодзьдзя і першых дзесяцігодзьдзях XIX стагодзьдзя свой сьлед пакінулі шэраг важных мастачак — Анжаліка Каўфман, Барбара Крафт, народжаная Штайнэр, і Амалія фон Пэтэр. Іншыя мастачкі пайшлі іхным шляхам. Дзякуючы свайму таленту, падтрымцы сям'і і адукацыі яны змаглі цалкам прысьвяціць сябе прафэсійнай мастацкай творчасьці, што прынесла ім самарэалізацыю, павагу і прызнаньне.
Да ўсяго выставу можна ўспрымаць як дадатак і выклік традыцыйным выставам старых майстроў у Нацыянальнай галерэі, на якіх дагэтуль былі прадстаўленыя пераважна мастакі-мужчыны, асабліва з тэрыторыяў сучаснай Італіі, Нідэрляндаў, Нямеччыны, Аўстрыі і Цэнтральнай Эўропы. Менавіта мастацтва з гэтых рэгіёнаў таксама было ў цэнтры ўвагі калекцыянераў-ак, якія жывуць у Чэхіі. Архітэктурнае і графічнае афармленьне адкрыцьця выставы працягвае недаацэненую ролю жанчынаў у гэтых дзьвюх выставах, якія разьмешчаныя ў палацах Шварцэнбэрг і Штэрнбэрк. Яно працуе з пляніроўкай паверхаў і архітэктурнай марфалёгіяй абодвух палацаў. Такім чынам, выстава пераносіць вас у Чытальню Валдштайнаў, дзе ўпершыню жанчынам-мастачкам надаецца належная ўвага. Наведвальнікі-іцы таксама будуць мець магчымасьць параўнаць працы жанчынаў з тымі, што прадстаўленыя на іншых выставах Нацыянальнай галерэі Прагі: «Сярэднявечнае мастацтва 1200—1550» і «1796—1918: Мастацтва доўгага стагодзьдзя».
Выключныя творы для выставы былі пазычаныя зь вядучых эўрапейскіх музэяў і належным чынам дапаўняюць калекцыі Нацыянальнай галерэі ў Празе. Тут мы знаходзім карціны з Фонду Рачынскага ў Нацыянальным музэі ў Пазнані, Нацыянальнай галерэі ў Балёньні, Дзяржаўных мастацкіх калекцыях у Дрэздэне або Карціннай галерэі Дзяржаўнага музэю ў Бэрліне. З чэскіх калекцыйных збораў творы прадастаўленыя дзяржаўнымі ўстановамі (Нацыянальны інстытут старажытнасьцяў, Нацыянальны музэй, Оламаўцкі мастацкі музэй, Мараўская галерэя ў Брно), царкоўнымі ўстановамі (Страгаўскі кляштар у Празе, зборы сабору сьвятога Віта ў Празе) і прыватнымі ўстановамі (калекцыі Лабковіцаў, Лабковіцкі палац, Праскі град, калекцыя COLLETT Прага/Мюнхэн).

Варта адзначыць, што выстава аднак ня можа быць названая поўнай у прэзэнтацыі творчасьці жанчынаў-мастачак 1300-1900 гадоў. Не зважаючы на патрыярхальныя ўстаноўкі геній жанчынаў прабіваў сабе шлях ува ўсе часы і ўва ўсіх культурах. Як заўважыла чэская дасьледніца і пісьменьніца Пэтра Дворакова, на выставе не прадстаўленыя, напрыклад, творы слыннай францускай мастачкі 19 ст. — Элізабэт Люізы Віжэ-Лебрэн. Працы іншых менш вядомых мастачак таго часу таксама адсутнічаюць на выставе: Адэляіда Лябіль-Гіяр, Мары Расьлэн, Марыя Арлеанская і іншыя. Няма на выставе і працаў мастачак з земляў ВКЛ: напрыклад, карцінаў Амэліі Залускай зь беларускага Залесься. Працы польскіх мастачак таксама маглі б узбагаціць выставу: Марыя Дулемба, Севярына Віславух.
Нягледзячы на тое, што на выставе не прадстаўленыя ўсе вядомыя мастачкі, выстава дае цікавы погляд на жаночую мастацкую творчасьць у сучасным кантэксьце і знаёміць з шэрагам новых імёнаў. Зрэшты, на выстава задаешся пытаньнямі: «А што мы ведаем пра беларускіх мастачак пэрыяду 1300-1900?», «Ці былі мастачкі ў Беларусі ў дадзены пэрыяд?» Таму, няма сумневу, амбітная, хоць і няпоўная выстава, якая да 2 лістапада адбываецца ў Празе, выканала сваю галоўную мэту — паставіла пад сумнеў існы, пераважна мужчынскі, канон у клясычным мастацтве і падштурхнула нас шукаць забытых мастачак у лякальнай нацыянальнай гісторыі мастацтва.