Чэхію чакае выпрабаванне папулізмам

У Чэхіі 3-4 кастрычніка адбудуцца парламенцкія выбары, па выніках якіх да ўлады могуць прыйсці радыкальныя партыі.

Андрэй Бабіш. Фота eurotopics.net

Андрэй Бабіш. Фота eurotopics.net

Першым чынам, пазнаёмімся з ключавымі ўдзельнікамі гонкі. Фаварытам з'яўляецца Рух ANO 2011, пад кіраўніцтвам былога прэм'ер-міністра Андрэя Бабіша. Яго рэйтынг стабільна складае каля 30 працэнтаў. Партыя робіць акцэнт на папулісцкіх лозунгах, крытыкуе бягучую эканамічную палітыку і натуральна абяцае павышэнне ўзроўню жыцця.

Кіруючая кааліцыя SPOLU (Разам) на чале з дзеючым прэм'ер-міністрам Петрам Фіялам адстае ад ANO прыкладна на 10 працэнтных пунктаў. Чыннікі слабых рэйтынгаў SPOLU звязваюць з эканамічным курсам. Кіруючая кааліцыя праводзіла палітыку жорсткай эканоміі, што выклікала незадаволенасць часткі насельніцтва, нягледзячы на ​​пазітыўныя макраэканамічныя паказчыкі. Апошняй кропляй стала афера з нейкай крыптафірмай, якая засыпала  міністра юстыцыі дарагамі падарункамі.

Паколькі ні ANO, ні SPOLU не будуць мець большасці ў парламенце, ім давядзецца фарміраваць кааліцыю з партыямі другога дывізіёна. Нагадаем, што для фармавання ўрада паводле канстытуцыі патрэбны як мінімум 101 мандат (у парламенце 200 дэпутатаў).

SPOLU напэўна можа разлічваць на блок з праектам «Старасты і незалежныя» (STAN) — гэта цэнтрысцкая ліберальная палітычная партыя, фішкай якой з'яўляецца муніцыпальная палітыка і развіццё рэгіёнаў. У астатнім (праеўрапейскі курс, актыўная падтрымка Украіны) «Старасты і незалежныя» ідуць у фарватары курсу ўрада Фіялы. Паводле апошніх апытанняў перад выбарамі 2025 года, за «Старасты і незалежныя» гатовыя прагаласаваць каля 10% выбаршчыкаў.

Аднак падтрымкі «стараст і незалежных» відавочна недастаткова. Петр Фіяла мае больш шансаў застацца прэм'ерам, калі зноў знойдзе агульную мову з партыяй піратаў. Гэта будзе не проста. Увосень 2024-га Пірацкая партыя Чэхіі прыняла рашэнне адклікаць сваіх міністраў з урада. Гэтае рашэнне было справакаванае адстаўкай па ініцыятыве Фіялы віцэ-прэм'ера і міністра рэгіянальнага развіцця Івана Бартоша, які з'яўляўся старшынёй партыі.

Пасля піраты перайшлі ў апазіцыю. На маючых адбыцца выбарах іх партыя выступае як незалежная сіла. Яе праграма і рыторыка накіраваны на прыцягненне выбаршчыкаў, расчараваных як у кіруючай кааліцыі, так і ў папулісцкай апазіцыі. Паводле апытанняў, за яе гатовы прагаласаваць каля 7-9% выбаршчыкаў.

Глядзіце таксама

Што да Бабіша, то ў яго патэнцыйных партнёраў больш. Гэта вельмі правая SPD («Свабода і прамая дэмакратыя») Томіа Акамуры — чэха з японскімі каранямі. Ёсць шанцы патрапіць у парламент у апазіцыйнага левапапулісцкага руху Stačilo! (Хопіць!).

Як патэнцыйны малодшы хаўруснік Бабіша разглядаецца праект з экзатычнай назвай «Аўтамабілісты для сябе». Гэты нейкі чэшскі варыянт трампізму-арбанізму. Партыя актыўна выступае супраць Еўрапейскага зялёнага курса, у прыватнасці, супраць забароны на продаж новых аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання і г.д. Нягледзячы на ​​такі эксцэнтрычны імідж, за «аўтамабілістаў» паводле апытанняў гатовыя былі прагаласаваць каля 6% выбаршчыкаў.

Здольнасць названых вышэй фармацый пераадолець 5%-ны бар'ер і гатоўнасць ісці ў кааліцыю будуць вырашальнымі для фармавання магчымага ўрада Бабіша.

Пры такім сцэнары знешнепалітычны курс Прагі можа змяніцца. Як мінімум, у галіне падтрымкі Украіны і выкананне абацянкаў перад НАТА. Пры ўрадзе Фіялы Чэхія была адным з актыўных прыхільнікаў Украіны, каардынуючы пастаўкі боепрыпасаў і прыняўшы сотні тысяч бежанцаў.

Хоць Бабіш не заклікае поўнасцю спыніць дапамогу Кіеву, ён выступае за больш стрыманы падыход, крытыкуе аб'ёмы ваеннай дапамогі і лічыць неабходным дамаўляцца з Расіяй. Яго патэнцыйныя саюзнікі (SPD і «Хопіць!») ідуць яшчэ далей, патрабуючы выхаду краіны з НАТА і ЕС. Гэта можа прывесці да паслаблення падтрымкі Украіны і збліжэння Чэхіі з еўраскептычнымі ўрадамі Венгрыі і Славакіі.

Застаецца дадаць, што на думку палітолагаў, журналістаў папулісцкая рыторыка на гэтых выбарах іграе ці не ключавую ролю. Асноўнае супрацьстаянне разгортваецца паміж папулісцкімі абяцаннямі апазіцыі і заявамі сябраў кіруючай кааліцыі аб рызыках такога курсу, які, маўляў, будзе на карысць Пуціна.

Яскравым прыкладам з'яўляецца рыторыка ўльтраправай партыі Томіа Акамуры. Яе галоўнай перадвыбарнай тэзай з'яўляецца тое, што «ва ўсім вінаватыя ўкраінцы»: яны нібыта адначасова «нагружаюць сацыяльную сістэму» і «адбіраюць працу» ў чэхаў.

З іншага боку, папулісцкі чад можа згуляць з папулістамі злы жарт. Пасля выбараў яны могуць банальна не дамовіцца па агульнай урадавай праграме, якая ўсё ж мае будавацца на існуючых рэаліях. Калі радыкалы і дамовяцца з Бабішам, то любы непапулярны ход урада можа прывесці да развалу праўладнага блоку. 

У такім выпадку краіну чакае хаос і новыя выбары. Праўда, няма гарантыяў, што папулізму на іх будзе менш. Таму самыя зацятыя песімісты гавораць пра зацяжны крызіс палітычнай сістэмы, якая ўзнікла на падмурках аксамітнай рэвалюцыі 1989-га.